У Калінкавічах падчас галасавання уваход на ўчастак перакрылі і спрабавалі адагнаць назіральніка

Палеская Вясна 07.08.2020

На ўчастку № 5 у Калінкавічах, які месціцца ў мясцовай дзіцяча-юнацкай спартовай школе № 1, падчас датэрміновага галасавання ствараліся перашкоды пранікненню на ўчастак не толькі незалежнаму назіральніку, але і выбаршчыкам.


Як паведаміў назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Мядзведзеў, 6 жніўня а 16-й гадзіне, акурат з пачаткам часу галасавання пасля перапынку, уваход ў будынак спартовай школы абкуталі паласатай стужкай, якая забараняла падыход да дзвярэй будынку. У абкутаную тэрыторыю загналі аўтапад’ёмнік, узнялі ў кроны крайніх елак рабочага, які пачаў пырскаць на елкі з нейкай пляшкі з-пад школачышчальніка ці чагосьці яшчэ, аб’ёмам недзе ў літр.

«Я паспеў зайсці на абкутаную потым тэрыторыю, калі рабочыя яшчэ не паспелі абкруціць стужкі аб некалькі дрэваў. Але потым намеснік старшыні ўчастковай выбарчай камісіі, ён жа дырэктар спартовай школы Сяргей Яскавец настойліва спрабаваў мяне выдаліць за абкутаную тэрыторыю. Хаця да перапынку я сядзеў на адной з размешчаных як раз пад елкамі, якія пачалі апырскваць, лаўцы і мог фіксаваць толькі колькасць людзей, якія ўваходзяць у будынак. Я лічу, што такім чынам спрабавалі пазбавіць мяне і гэтай магчымасці назіраць», – распавёў Андрэй Мядзведзеў.


Потым сітуацыя набыла выгляд гратэскна-анекдатычнай. Выпырскаўшы дзве такія пляшкі (калі вадкасць у пляшцы скончвалася, пад’ёмнік апускалі, рабочы ішоў некуды за вугал набіраць яшчэ і потым яго зноў уздымалі ў кроны елак), рабочы запытаўся ў майстрыхі, колькі яшчэ такіх пляшак трэба выпырскаць. Яна яму адказала, што сказалі, што апрацоўваць дрэвы трэба да 19.00. Тады рабочы адмовіўся напаўняць чарговую пляшку і сеў разам ў кіроўцам аўтапад’ёмніка на лаўку. Майстар кудысці тэлефанавала, а потым сказала, што дазволілі зварочваць гэтую працу. Літаральна праз некалькі хвілін стужку зматалі і машына і работнікі з’ехалі ад будынку спортшколы.

Пасля гэтага назіральнік працягнуў назіранне з лавак насупраць уваходу.