У Рэчыцы заляпілі вокны выбарчага ўчастка (ВІДЭА)

Палеская Вясна 06.08.2020

Магчыма, камісія і праўладныя назіральнікі баяцца, што каронавірус патрапіць на ўчастак нават праз аконныя шыбы. Таму паставілі дапаўняльную абарону ў выглядзе шпалераў ды іншай паперы.

Назіральнік ад кампаніі «Сумленныя людзі» Аляксей Кашыцкі акрэдытаваны на выбарчым участку № 18, які размешчаны ў сярэдняй школе № 4 ў Рэчыцы. 4 жніўня, калі пачалося датэрміновае галасаванне, ён прыйшоў на ўчастак, але яму абвесцілі, што тры назіральнікі там ужо ёсць і яму месца на ўчастку няма. Таму ён выйшаў на ганак школы і назіраў за тым, што адбывалася, праз вокны фае першага паверху, дзе і праходзіла галасаванне. Так працягвалася да перапынку.

Прыйшоўшы да ганку школы пасля перапынку, а 16-й гадзіне, ён убачыў, што вокны фае залепленыя рознымі плакатамі, шпалерамі ды іншымі перашкодамі. Цяпер незалежныя назіральнікі, якія назіраюць звонку школы, не могуць бачыць, што адбываецца ў памяшканні для галасавання.


«Зараз у школе ідуць рамонтныя работы. Уваходзяць і выходзяць розныя людзі. І таму можна толькі здагадвацца, хто з іх ідзе галасаваць, а хто з нейкімі іншымі справамі. Але ў першы дзень, мы разам з яшчэ адным назіральнікам Мікалаем Пытлевым ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якому да перапынку дазволілі знаходзіцца ўнутры памяшкання, налічылі да абеду 27 чалавек. Пасля абеду звонку будынка мы бачылі 20 чалавек, якія ўваходзілі ў школу. То бок, усяго ўвайшлі ў будынак школы не больш за 47 чалавек. А ў выніковым пратаколе ўвечары мы пабачылі лічбу ў 105 чалавек, якія нібыта атрымалі бюлетэні. Вядома ж, веры такім звесткам няма!», – пракаментаваў Аляксей Кашыцкі.