У Нароўлі актывіста Народнай Грамады Міколу Віткоўскага арыштавалі на 12 сутак
Андрусь ГАЁВЫ
05.08.2020
Падставай для
арышту стала адмова актывіста праехаць у міліцыю для апытання.
Мікалая
Віткоўскага затрымалі 3 жніўня ў цэнтры Нароўлі побач з ягоным
аўтамабілем. Прыкладна а палове на першую гадзіну дня ён выйшаў з будынку
падатковай інспекцыі да прыпаркаванага побач свайго аўтамабіля. У гэты момант
да яго падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі, што ў дачыненні да яго
праводзіцца праверка па звароце старшыні Нараўлянскай раённай выбарчай камісіі Аляксандра
Мельніка, які ўгледзеў на старонцы Мікалая Віткоўскага ў сацсетцы «Аднакласнікі» паведамленне «аб намеры
здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні чальцоў выбарчай камісіі».
Як распавёў у судзе Мікалай Віткоўскі, ён не адмаўляўся
патрапіць у міліцыю, калі б яму назвалі падставы для гэтага. Ён казаў, каб яго
выклікалі позваю і ён прыедзе сам у РАУС. Але міліцыянты сказалі, што, калі ён
адмаўляецца сядаць у аўтамабіль міліцыі каб ехаць у аддзел унутраных справаў,
да яго будзе ўжытая фізічная сіла і спецсродкі. Праз некалькі хвілін размовы яго
гвалтам запхалі ў міліцэйскую машыну і завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання
РАУС.
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на
Віткоўскага склаў начальнік аддзялення аховы правапардку і прафілактыкі
Нараўлянскага РАУС маёр Дзмітрый
Жылінскі. Ён жа перад тым склаў рапарт на імя начальніка РАУС аб тым, што ў
дзеяннях Віткоўскага нібыта ўглядаюцца прыкметы адміністрацыйнага
правапарушэння паводле артыкула 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню
пасадоўца).
Аляксандр СІНГАЕЎСКІ (на пярэднім плане).
Судовае паседжанне ўзяўся весці старшыня суда
Нараўлянскага раёна Аляксандр
Ваўрэнтовіч. Мікалай Віткоўскі сваёй віны не прызнаў. У судзе супраць яго
сведчылі оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Нараўлянскага РАУС
капітан Мікалай Паўлаў і старшы
дзяржаўтаінспектар (які зараз выконвае абавязкі начальніка) аддзялення ДАІ Аляксандр Сінгаеўскі.
Мікалай ПАЎЛАЎ (справа на першым радзе).
Іхнія рапарты маюцца ў адміністрацыйнай справе. У гэтых
рапартах амаль цалкам ідэнтычныя тэксты, але на судовым паседжанні Сінгаеўскі
сказаў, што не быў у непасрэднай блізкасці ад Віткоўскага, Жылінскага і Паўлава
і не чуў дакладна іхняй размовы. Акрамя таго, на Сінгаеўскім была камера
відэафіксацыі «Дазор», але яна была выключаная, «бо ўключаецца тады, калі вядзецца
адміністрацыйны працэс», як патлумачыў Сінгаеўскі на хадайніцтва Мікалая
Віткоўскага далучыць да матэрыялаў справы відэазапіс з гэтай камеры. То бок,
падчас затрымання нібыта ў межах нейкай праверкі камера не выкарыстоўвалася.
Таксама ў якасці сведкі ў судзе апыталі старшыню Нараўлянскага сельскага
выканаўчага камітэта Марыну Альховік.
Яна распавяла, што здалёк бачыла, што каля ганку падатковай інспекцыі
знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі, адзін з якіх быў у форме і двое ў цывільным.
А таксама Віткоўскі, які ім нешта тлумачыў. Што гэта такое адбывалася яна не
зразумела, і што там казалася яна не чула.
Аляксандр ВАЎРЭНТОВІЧ
Пасля апытання сведак суддзя агалосіў матэрыяла справы і адразу ж вынес
рашэнне – прызнаць Мікалая Віткоўскага вінаватым у здзяйсненні правапарушэння,
прадугледжанага артыкулам 23.4 КабАП і прызначць меру пакарання ў выглядзе
адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 12 сутак. Усё паседжанне разам з
15-хвілінным азнаямленнем Віткоўскага з матэрыяламі справы заняло каля паўгадзіны.