Блогера з вёскі з-пад Хойнікаў будуць трымаць пад арыштам да выбараў

Андрусь ГАЁВЫ 04.08.2020

Адбылося судовае паседжанне па абвінавачванні аўтара YouTube-каналаў «Хроники механизатора» і «Хойники для жизни», а таксама аднаіменнага чату ў Тэлеграме ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы.


Спачатку жонцы хойніцкага блогера Яўгена Васількова Таццяне паведамілі, што суд павінен адбыцца а 10-й гадзіне. Пазней яна даведалася, што пасяджэнне можа быць прызначана і на 9 гадзіну. Да гэтага часу каля суда Хойніцкага раёна сабралася ўжо каля 20 чалавек, якія хацелі падтрымаць Яўгена, а таксама журналістаў, блогераў і праваабаронцаў.

Але судовае паседжанне пачалося толькі каля 13 гадзіны, хаця ў будынак суда Васількова прывялі акурат а 9-й гадзіне. За час чакання адбылося некалькі канфліктных сітуацыяў у фае першага паверху суда. Спачатку вартавы міліцыянт спрабаваў забараніць відэаздымкі ў фае. На дапамогу радавому ахоўніку прыйшоў нават намеснік начальніка РАУС. Пасля просьбаў прысутных спаслацца на канкрэтную норму заканадаўства, якая забараняе здымкі ў фае суда, ён падняўся да старшыні суда, а потым выйшаў з будынка, так нічога і не сказаўшы ні журналістам, ні ахоўніку. Відэаздымкі ў фае працягнуліся.

Але потым у суд групамі па 3-5 чалавек пачалі праходзіць людзі ў цывільным адзенні, якія ішлі з будынку Хойніцкага РАУС. Пры гэтым ахоўнік не патрабаваў у іх дакументы, не запісваў іх у адпаведны журнал. Гледзячы на гэта, тыя, хто сабраўся на працэс над Яўгенам Васільковым і яшчэ зраніцы запісаўся ў журнал, прад’явіўшы пашпарт, вырашылі таксама пайсці на другі паверх, дзе мусіла адбыцца паседжанне. Міліцыянт на ахове паведаміў, што яно будзе ў малой зале судовых паседжанняў.


Супрацоўнікі Хойніцкага РАУС, якія запоўнілі судовую залу.

Калі людзі ўвайшлі ў залу, яна была амаль поўная. Усе тыя, хто ішоў з РАУС, не запісваючыся, ужо сядзелі ў зале. Яўген Васількоў распавёў, што спачатку ён сядзеў і чакаў пачатку суда ў вялікай судовай зале, але потым яго перавялі ў малую і пачалі заходзіць нейкія людзі і сядаць на лавы.

Ніхто не ведаў за што канкрэтна затрымалі Яўгена Васількова і якім чынам ён не падпарадкоўваўся міліцыі. Аказалася, што 31 ліпеня, калі ён працаваў на мехдвары фермерскай гаспадаркі «Родны шлях» у вёсцы Губарэвічы, туды прыехалі некалькі супрацоўнікаў міліцыі. Яны распавялі, што ў Хойніцкім раёне нехта нанёс на дарожныя знакі надпісы «Саша 3%», што яны цяпер і расследуюць, і прад’явілі Васількову пастанову на агляд ягонага аўтамабіля і домаўладання. Ён падвёў іх да сваёй прыватнай «Аўдзі-80», адчыніў багажнік і салон, і міліцыянты пачалі праводзіць агляд. Потым старшы участковы інспектар Васіль Звягін запатрабаваў у Васількова прад’явіць дакументы на аўтамабіль. Але Васількоў сказаў, што ён абавязаны прад’яўляць дакументы на аўтамабіль толькі супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі, а ўчастковы такім не з’яўляецца, і адмовіўся паказваць Звягіну дакументы. Пасля гэтага Звягін закаваў Васількова ў кайданкі. Яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль ды даставілі ў РАУС.

«Проста з гаражу, дзе я рамантаваў трактар, не даўшы нават памыцца, паведаміць кіраўніцтву ці жонцы, рукі ў мазуце, забралі, надзеўшы на рукі кайданкі. Кажуць, я недзе нейкія знакі сапсаваў, напісаўшы на іх “Саша 3%. Мне 40 гадоў і я пайду абмалёўваць тыя знакі?!», – абурыўся Яўген Васількоў.


Суд вёў суддзя Андрэй Кардаш. Аказалася, што ўчастковы Васіль Звягін прызнаны пацярпелым. А ягоныя калегі, якія ўдзельнічалі ў аглядзе аўтамабіля Васількова – начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Каўроў, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Артур Сялецкі, а таксама двое панятых – сведкамі.


Артур СЯЛЕЦКІ (крайні злева) і панятыя.

Звягін распавёў, што яму паступіў для правядзенны прверкі матэрыял аб пашкоджанні дарожных знакаў.

«У мяне былі абгрунтаваныя падазрэнні, што на знаках надпіс “Саша 3%” мог напісаць грамадзянін Васількоў. Таму я вынес пастанову на агляд жытла і аўтамабіля «Аудзі-80», якія належаць Васількову, якую санкцыянаваў пракурор Хойніцкага раёна. Пасля правядзення агляду я запатрабаваў у грамадзяніна дакументы, каб унесці ў пратакол звесткі пра аўтамабіль. Дадзены грамадзянін катэгарычна адмовіўся прад’явіць дакументы, у выніку да яго быў ужыты спецсродак – кайданкі і ён быў затрыманы і дастаўлены ў РАУС», – распавёў пацярпелы ўчастковы.


Участковы Васіль ЗВЯГІН (на пярэднім плане) і начальнік аддзялення Крымінальнага вышуку Хойніцкага РАУС Дзмітрый КАЎРОЎ.

Таксама ў якасці сведкаў у судзе апыталі панятых і двух іншых міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў аглядзе. Апошнія распавялі, што паехалі ў Губарэвічы, каб дапамагчы Звягіну, бо трэба было выканаць вялікі аб’ём працы. Але ў цэлым версіі Васількова, Звягіна, панятых і двух сведкаў-міліцыянтаў супадалі.
На пытанне ці называўся Васількову артыкул закона, паводле якога ён абавязаны выканаць распараджэнне Звягіна, усе адказалі адмоўна. Называўся толькі артыкул 23.4 КабАП, згодна з якім Васількова прыцягнуць да адказнасці, калі ён не прад’явіць дакументы.

У адваката Пятра Барысава ўзнікла пытанне, чаму Васількоў выносіў пастанову на агляд «Аудзі-80» з адпаведным дзяржнумарам, а, паводле рапарту, пратаколу агляду і іншых дакументаў справы аглядаў «Аудзі-100». Звягін і іншыя міліцыянты сказалі, што мадэлі падобныя, а дакументы Васількоў не прадставіў, таму ўсе паблыталі мадэлі і склалі і пападпісвалі пратаколы з указаннем мадэлі  «Аудзі-100».

Нягледзячы на такія відавочныя несупадзенні і тое, што Яўген Васількоў гатовы быў прад’явіць міліцыянтам дакументы, калі б яны назвалі яму абгрунтаванне законнасці сваіх патрабаванняў, праз перапынак больш чым у гадзіну, суддзя Андрэй Кардаш абвясціў рашэнне. У ім прызнаў Яўгена Васількова вінаватым у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і прысудзіў да арышту на 10 сутак. Улічваючы, што трое сутак да суды Васількоў ужо адседзеў, на волю ён павінен выйсці як раз 9 жніўня ў дзень выбараў.


Леанід СУДАЛЕНКА

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка такім чынам пракаментаваў справу Яўгена Васількова:

«Прычына гэтага канфлікта ў тым, што нехта на дарожных знаках напісаў “Саша 3%”. Але адразу чамусьці прыйшлі да сельскага блогера. Вядома, што гэта ўсё нацягнута. А тое, што ён нібыта непадпарадкоўваўся міліцыі, таксама трэба абскарджваць. Ён прадставіў магчымасць аглядаць, адкрыў аўтамабіль – калі ласка, аглядайце. А тое, што не прадставіў дакументы – то ён не абавязаны дапамагаць міліцыі аглядаць. Зразумела, што гэтая справа звязаная з ягонай пазіцыяй, з ягонай блогерскай дзейнасцю. Таму, гэтае судовае рашэнне будзе абскарджана»