У Светлагорску выбарчая камісія пазбавіла акрэдытацыі назіральніцу ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Палеская Вясна
30.07.2020
Доўгатэрміновую
назіральніцу абвінавацілі ў правядзенні агітацыі за словы пра годнасць
чалавека.
Увечары 30 ліпеня Светлагорская раённая выбарчая камісія
сабралася на пасяджэнне, на якое выклікалі Алену
Маслюкову, акрэдытаваную пры гэтай камісіі ў якасці доўгатэрміновага
назіральніка ад Беларускага Хельсінкскага каміэту, які ўдзельнічае ў кампаніі незалежнага
назірання «Праваабаронцы за свабодныя
выбары».
На паседжанні абвясцілі, што будзе разглядацца пытанне аб
пазбаўленні акрэдытацыі назіральніцы. Там прагледзелі відэазапіс выступу Алены Маслюковай
на пікеце з даверанымі асобамі кандыдаткі на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.
«Я хочу, каб у
нашай краіне для жыцця гучала наша родная, прыгожая, сакавітая беларуская мова!
Жыве Беларусь! І яшчэ я хачу, каб перадусім у нашай краіне абараняліся і лічыліся
святымі правы чалавека, каб кожны чалавек жыў вольна, годна і адчуваў сябе
самадастатковай асобай, якая патрэбна гэтай дзяржаве. Не гэтай уладзе, якая
зараз ёсць, а свабоднай, незалежнай Беларусі! Жыве Беларусь!», – сказала Алена Маслюкова на пікеце ў
Светлагорску 26 ліпеня.
Гэта раённыя выбарчыя камісары палічылі агітацыяй.
«Сам факт выступу на агітацыйным
пікеце, словы “… Каб кожны чалавек адчуваў сябе самадастатковай асобай, якая
патрэбна гэтай дзяржаве, не гэтай уладзе, якая зараз ёсць, а свабоднай
незалежнай Беларусі…”, якія прагучалі ў высутпе Маслюковай А.А., заклікі “Жыве
Беларусь!”, на якія воплескамі і ўхвальнымі выкрыкамі рэагавалі ўдзельнік
пікету, з’яўляюцца доказамі правядзення агітацыі і аказання садзеяння кандыдату
на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у ягонай перадвыбарчай агітацыі», –
гаворыцца ў рашэнні Светлагорскай раённай выбарчай камісіі, падпісаным яе
старшынём Канстанцінам Пятроўскім.
Камісія лічыць, што сваімі дзеяннямі Алена Маслюкова парушыла патрабаванні
часткі 6 артыкула 13 які кажа, што назіральнік не мае права займацца агітацыяй
у любой яе форме, аказваць садзеянне кандыдатам, якую-небудзь інфармацыйную, метадычную,
фінансавую ці іншую дапамогу.
«Агітацыя падчас выбараў прэзідэнта –
гэта заклікі галасаваць за нейкага канкрэтнага кандыдата альбо пашырэнне ягоных
праграмных палажэнняў. Я ж ні за каго канкрэтнага галасаваць не заклікала і
нічыю праграму не агучвала. І, калі б у нас у Светлагорску праходзіў пікет ці
мітынг у падтрымку, напрыклад, Аляксандра Лукашэнкі, я б сказала тое самае. Мяне
непакоіць стан нашай мовы, стан правоў чалавека ў нашай краіне. І я, як
грамадзянка, маю права выступіць са сваімі думкамі, дзе заўгодна. Таму, я не
лічу, што я за кагосьці агітавала, рашэнне раённага выбаркаму лічу незаконным і
буду абскарджваць. Акрамя таго, у мяне ёсць права вылучыцца ад выбаршчыкаў,
якія жывуць у нашым горадзе, зноў. І для мяне не складзе цяжкасці сабраць нават
сотню подпісаў і зноў акрэдытавацца пра раённай камісіі», – адрэагавала Алена Маслюкова на рашэнне аб
пазбаўленні яе акрэдытацыі.