«Я бачыла, як гэта для яго важна і не магла яму здрадзіць». Святлана Ціханоўская разам з кіраўніцамі аб’яднанага штабу на мітынгу ў Рэчыцы

Андрусь ГАЁВЫ 27.07.2020

На перадвыбарчым мітынгу з удзелам Святланы Ціханоўскай у Рэчыцы сабралася, паводле ацэнак назіральнікаў, больш за дзве тысячы чалавек, якія хочуць зменаў у нашай краіне.


Спачатку арганізатары мітынгу з Менску размясцілі сцэну на пляцоўцы на высокім узбярэжжы Дняпра проста каля капліцы Еўфрасінні Полацкай. У рашэнні Рэчыцкага райвыканкама аб месцах для агітацыі напісана, што адзіным такім месцам у горадзе з’яўляецца «плошча перад капліцай Еўфрасінні Полацкай». З якога боку павінна быць «перад» не ўдакладняецца. Але, калі сцэна была ўжо разгорнутая, за 20 хвілін да пачатку мітынга да яго падыйшоў намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Горбач. Ён патлумачыў, што маецца на ўвазе плошча з газонаў і дарожак побач з фантанам. Звычайна іншыя кандыдаты праводзяць свае мерапрыемствы там.


«Мы не забараняем вам ладзіць мерапрыемства. Проста перайдзіце туды, дзе былі ўсе. Людзі не зразумеюць, чаму іншыя кандыдаты праводзілі каля фантана, а вам дазволена тут. За патаптаны газон можаце не хвалявацца», – сказаў Аляксандр Горбач.








У выніку сцэну і апаратуру давялося перацягваць на некалькі соцень метраў і ўсталёўваць наноў. У гэты самы час на амфітэатры, што месццца ўнізе на самым беразе Дняпра, павінна была пачацца «мыльная феерыя» для дзяцей. 

Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава прыехалі з некаторым спазненнем, за што кандыдатка выбачылася.





Святлана Ціханоўская распавяла рэчычанам як яна апынулася на месцы кандыдаткі на прэзідэнта. Таксама кандадатка распавяла, што ў Рэчыцы жыве лепшая сяброўка дзяцінства маці Сяргея Ціханоўскага. Яна перадала прывітанне цёці Пашы ад Сафіі Яфрэмаўны і выказала думку, што тая была б вельмі радая, каб на сцэне стаяў сам Сяргей. Але ён апынуўся за кратамі паводле надуманых падставаў і правакацыяў.





«Я бачыла, як гэта для яго важна. Не магла здрадзіць яму ў той момант. Не магла здрадзіць усім тым, хто паверыў у яго, хто асмеліўся, як і ён, гаварыць праўду ў мікрафон», – сказала Святлана Ціханоўская пра тое, чаму яна вырашыла вылучыцца на прэзідэнта.

Яна патлумачыа сваю ролю – змяніць гэтую ўладу і правесці сумленныя выбары, у якіх змогуць удзельнічаць усе тыя кандыдаты, якіх Лукашэнка прыбраў са сваёй дарогі, якія цяпер знаволеныя, альбо вымушаныя былі пакінуць краіну, а таксама кожны, хто лічыць сябе здольным зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым. І толькі ў такім выпадку магчыма разам пабудаваць у Беларусі сапраўды краіну для жыцця.

Таксама кандыдатка параіла нікому не ісці на датэрміновае галасаванне. Паспрабаваць трапіць у назіральнікі і дачакацца абвяшчэння вынікаў галасавання 9 жніўня. І абараняць свае галасы такім чынам, які кожна палічыць для сябе прымальным.


Незадоўга да прыезду кандыдаткі і кіраўніцаў аб’яднанага штабу ахова мітынга заўважыла на даху размешчанага за сцэнай дзевяціпавярховіка, з якога як раз добра праглядаецца пляцоўка, і на якую мітынг перамясціў намеснік старшыні райвыканкама, ўзброеных людзей. Пра гэта абвясцілі са сцэны. Людзі махалі снайперам, калі бачылі іх перасоўванні на даху. Нейкія рухі на даху людзі ў натоўпе заўважылі і падчас выступу Святланы Ціханоўскай. Яны пачалі махаць на дах, а Святлана запыталася: «Каму машам?» Калі ж даведалася, што на даху снайперы, пажартавала, што мяркуе – наўрад ці, каб снайперы, магчыма проста камусьці месца на плошчы не хапіла. Пры гэтым на зямлі стаяў нейкі мужчына, які з кімсьці стэлефаноўваўся і паглядаў як раз на той дах.


Пазней міліцыя патлумачыла, што праверыла дах на зварот аднаго з актывістаў, які прыехаў у Рэчыцу са Светлагорска. На даху нібыта знаходзіўся карэспандэнт мясцовай дзяржаўнай газеты. Але ж гэты карэспандэнт як раз стаяў недалёка ад сцэны з левага боку.  




Кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава адзначыла, што Лукашэнка ставіць сабе ў заслугу захаванне заводаў. Але яна сказала, што гэта не заслуга Лукашэнкі. А заслуга работнікаў гэтых заводаў, якія захавалі тыя заводы праз мізэрныя жабрацкія заробкі. А ў новай Беларусі рабочы павінен стаць паважаным чалавекам.


«Рабочы, які працуе на заводзе, павінен мець дабрабыт і атрымліваць такі заробак, як і той жа айцішнік, як чыноўнік. Розныя начальнікі не павінны адчытваць сівавалосых мужчын, як хлопчыкаў», – казала Марыя Калеснікава.





Вераніка Цапкала ў сваім выступе болей казала пра тое, як абараніць свае галасы. Яна параіла ісці на выбары толькі 9 жніўня, надзеўшы на рукі белыя бранзалецікі, каб назіральнікі, нават, калі іх не пусцяць у памяшканне ўчастка, бачылі колькі чалавек прыйшлі галасаваць за новую ўладу.








Людзі, якія сабраліся на плошчы, актыўна падтрымлівалі тое, што казала кандыдатка і кіраўніцы аб’яднага штабу, разам спявалі гімн гэтай кампанніі – песню «Разбуры турмы муры».