«Зняцца з выбараў я магу толькі тады, калі гэта будзе ўмовай для вызвалення палітвязняў». Дзмітрыеў правёў сустрэчу ў Рэчыцы
Андрусь ГАЁВЫ
24.07.2020
22 ліпеня ў
Рэчыцы адбыўся пікет на вуліцы і сустрэча з выбаршчыкамі ў зале мясцовага
палацу культуры з удзелам кандадата на прэзідэнта Андрэя Дзмітрыева.
На пікеце Дзмітрыеў не выступаў, а праводзіў
індывідуальныя гутаркі з людзьмі, якія хацелі з ім пастасавацца. Некаторыя
фатаграфаваліся з кандыдатам.
Пасля сканчэння пікету адбылася сустрэча з выбаршчыкамі ў
дазволенай для гэтага залі Гарадскога палацу культуры. Сустрэча была праанансаваная
на сайце райвыканкаму. На яе прыйшло амаль 80 чалавек.
Спачатку Андрэй Дзмітрыеў распавёў пра сябе і выказаў
асноўныя тэзы сваёй праграмы. Паводле яго, ісці ў прэзідэнты яго падштурхнула
сітуацыя з каранавірусам, якая адбывалася ў Беларусі. Ён распавёў, што на
пачатку пандэміі ён трапіў у Віцебск і даведаўся, што на ўсю Віцебскую вобласць
працуе толькі адзін апарат МРТ. Ёсць яны ў некалькіх лякарнях, але на той час
не працавалі. На працуючым апаратце можна было зрабіць абследаванне за грошы,
альбо чакаць даволі доўгую чаргу. Віцябляне мусяць ездзіць для такіх
даследаванняў у Смаленск, дзе такіх апаратаў 6.
«Мы такая бедная
краіна, якая можа сабе дазволіць толькі 17 рэзідэнцыяў для прэзідэнта, самалёты,
Майбах і Тэслу, а 120 апаратаў МРТ ў кожны райцэнтр для нас – недазваляльная раскоша?», - задаваў
рытарычнае пытанне Дзмітрыеў.
Асноўным напрамкам сваёй дзейнасці на пасадзе прэзідэнта
Дзмітрыеў назваў увагу да бюджэтнага фінасавання тых галінаў, якія павінны
фінансавацца з бюджэту. Ён паведаміў, што кампанія «Гавары праўду» стварыла сайт
pobory.by, на якім фіксуюць паборы ва ўстановах адукацыі. Паводле звестак,
зафіксаваных гэтым сайтам, з кішэняў бацькоў, акрамя падаткаў, на фінансаванне
сістэмы адукацыі даплочваецца 30 мільёнаў даляраў.
Як раз у дзень сустрэчы стала вядома, што цэнтрвыбаркам
абмежаваў колькасць назіральнікаў падчас галасавання. На гэта Дзмітрыеў
адрэагаваў тым, што звярнуўся да іншых кандыдатаў з заклікам ісці з пазовамі ў
суд і змагацца за права хаця б нейкага кантролю над празрыстасцю падліку
галасоў.
«Улады зразумелі,
што яны не могуць выйграць нават паводле сваіх уласных правілаў. Таму мы бачым
усе тыя беспрэцэдэнтныя захады, якія яны прадпрымаюць. І невядома, што яны яшчэ
прыдумаюць да даты выбараў. Трэба быць гатовымі да самых нечаканых крокаў па
абмежаванні адкрытасці і галоснасці выбараў», – сказаў
Дзмітрыеў.
Кандыдат адказаў на пытанні з залы. І першым стала пытанне
пра тое з чаго Дзмітрыеў, усё ж, пачне сваю дзейнасць у якасці прэзідэнта.
«Пачну з таго,
што перастану разбазарваць грошы!», – адказаў Дмітрыеў і растлумачыў, што сёння ў
краіне выкідваюцца вялізныя грошы на розныя парады, канцэрты, стратныя заводы і
калгасы. І гэта ў той час, калі на рэальныя патрэбы сродкаў заўжды не хапае.
Ён сказаў, што праз год пасля абрання, які патрэбны для
ўтрымання кантролю над краінай, ён таксама ініцыюе новыя сумленныя прэзідэнцкія
выбары. Паўгода, пра якія кажа Святлана Ціханоўская, на думку Дзмірыева, мала.
Таксама пыталі пра тое, што рабіць пасля змены ўлады з
тымі, хто сёння ўдзельнічае ў рэпрэсіях, хто фальсіфікуе выбары.
«Як прэзідэнт, я не
буду займацца лінчаваннем. Кожны, каго неправамоцна затрымлівалі, збівалі і
здзекваліся ў аўтазаках і пастарунках, павінен сам звярнуцца ў адпаведныя органы,
павінна быць праведзена аб’ектыўнае следства, суд, у выніку якога вінаваты
прыцягнуты да адказнасці. Адзінае, што тыя службоўцы, якія служаць зараз у
падраздзяленнях, што ваююць з уласным народам, вядома ж, не змогуць працягваць
службу ў праваахоўных органах і мець права на тыя ільготы, якія даюцца за такую
службу. Чальцы ўчастковых камісіяў, якія непасрэдна фальсіфікуюць вынікі
галасавання, альбо не хочуць бачыць тых фальсіфікацыяў, якія робяць старшыня,
намеснік і сакратар, павінны быць пазбаўленыя права ўдзелу ў такіх камісіях
назаўжды. А вось з Лідзіяй Ярмошынай кейс будзе больш складаны. Бо яна скажа,
што яна нічога не фальсіфікавала. Яна – матэматык! Яна проста склала разам вынікі,
якія ёй даслалі з усёй краіны. Таму, што рабіць з ёю, трэба будзе яшчэ
падумаць. Але я прыхільнік таго, што кожны павінен мець магчымасць абараняцца і
карыстацца ўсімі тымі правамі, за якія мы сёння змагаемся», – адказаў
Дзмітрыеў.
Адзін з маладзёнаў запытаўся пра сітуацыю 2010 года,
пасля якой экс-кандыдат Уладзімір Някляеў абвінаваціў Дзмітрыева ў здрадзе і
супрацы з КДБ. Дзмітрыеў патлумачыў, што адзінае, што яму закідаюць пасля тае
сітуацыі – гэта відэа пра невінаватасць міліцыі ў сітуацыі, якая адбылася
падчас праходу калоны «Гавары праўду» да Кастрычніцкай плошчы. Дзмітрыеў прызнаўся, што яму сорамна за тое
відэа, але ён не ўпэўнены, што любы іншы не зрабіў бы тое ж, калі б у суседнім
кабінеце трымалі ягоную жонку.
«Мы ўсе тады,
падчас азнаямлення са справай, чыталі пратаколы допытаў адно аднаго. І, калі б
там было нешта, за што мне варта саромецца, мы б надалей не супрацоўнічылі.
Уладзімір Пракопавіч [Някляеў - ПВ] сыйшоў з «Гавары праўду» толькі
перад выбарамі 2015 года, калі мы не пагадзіліся «зліць» Таццяну
Караткевіч пад нейкага адзінага кандыдата. Але тады, пасля падзеяў ва Украіне,
не мела сэнсу вылучаць адзінага кандыдата, бо ўсе былі напужаныя, што змена ўлады
выкліча тыя ж наступствы з боку Расіі, што і ва Украіне», – патлумачыў
Дзмітрыеў.
Вельмі шмат падчас сустрэчы разважалі пра тое, як
абараніць свой голас, які можа быць не ўлічаны і вынікі сфальсіфікаваныя. Пры
гэтым асноўным пасылам гучала тое, што верыць вынікам, якія напішуць камісіі,
дастаткова цяжка. Тым не менш, Дзмітрыеў сказаў, што гэта далёка не факт.
«Чальцы выбарчых
камісіяў таксама жывуць у гэтым грамадстве, таксама бачаць усё, што адбываецца.
І цяпер яны рэальна бачаць, што за імі людзі, большасць людзей. І часам такое
бывае, калі тыя, хто павінен быў палічыць “як трэба”, палічылі як ёсць.
Напрыклад, падчас выбараў дэпутатаў у канцы існавання СССР. У тым жа 1994-м,
калі перамог Лукашэнка, хаця Кебіч выкарыстоўваў адмінрэсурс», – адказаў
Дзмітрыеў.
У гэтай сувязі спыталіся, ці не думае Дзмітрыеў зняцца з
выбараў, каб не «расцягваць» галасы выбаршчыкаў і даць дакладны пасыл за каго галасаваць тым, хто
супраць Лукашэнкі. Кандыдат патлумачыў, што галасаванне за любога альтэрнатыўнага
кандыдыта – гэта адцягванне галасоў ад Лукашэнкі. І ёсць людзі, якія не хочуць
галасаваць, напрыклад, за Ціханоўскую. Яны кажуць, што зусім не пойдуць на
выбары. А, калі яны не пойдуць, за іх там «прагаласуюць» так, як трэба
ўладзе. Акрамя таго, адзначыў Дзмітрыеў, пры зняцці з выбараў на гэтым этапе,
неабходна адплаціць у бюджэт даволі значную суму. Кандыдат задаў у залу
пытанне, навошта яму спансаваць рэжым, ці мала мы ўсе яго штрафамі спансуем?
«Існуе
толькі адна нагода, калі я магу зняцца з выбараў – калі гэта будзе ўмовай, што
ў такім выпадку адпусцяць палітвязняў. Бо свабода любога не павіннага чалавека
мне важнейшая за палітычныя задачы», – падсумаваў размову Андрэй Дзмітрыеў.