Суд у Калінкавічах адмовіўся разглядаць скаргу АГП на неўключэнне яе вылучэнца ў склад выбарчай камісіі

Палеская Вясна 01.07.2020

Партыя патрабавала прызнаць незаконным рашэнне Калінкавіцкага райвыканкама аб фармаванні ўчастковых выбарчых камісіяў і спыніць паўнамоцтвы прызначаных чальцоў камісіяў на той падставе, што іх фармаванне адбывалася негалосна, як патрабуе Канстытуцыя.


Аляксандр Елісееў

Жыхар Калінкавічаў і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Елісееў быў вылучаны Гомельскай абласной арганізацыяй Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў склад участковай выбарчай камісіі № 4 па Калінкавіцкім раёне. Але на паседжанні райвыканкама, падчас якога ўтваралі камісіі, Елісеева ў склад камісіі не ўключылі, сфармаваўшы яе з 12 чальцоў, хаця, Выбарчы кодэкс дазваляе ўключаць у камісіі да 19 чальцоў.

Пры гэтым самога Елісеева не дапусцілі на паседжанне. Ён меў намер весці відэаздымку таго, што адбывалася на паседжанні, і прыйшоў у будынак выканкама ў відэакамерай і заплечнікам. Але супрацоўнік Калінкавіцкага аддзела Дэпартамента аховы старшы лейтэнант міліцыі Голуб, які ахоўваў уваход у выканкам, а таксама начальніца аргаддзелу выканкама Алена Верабей не пусцілі Елісеева далей за турнікет у фае, даводзячы яму, што паводле інструкцыі аб прапускным рэжыме ў выканкам, туды нельга ўваходзіць з відэазапісваючай апаратурай і вялікай ручной паклажай.

Елісееў жа спасылаўся на артыкул 65 Канстытуцыі і артыкул 13 Выбарчага кодэксу, якія ўстанаўліваюць, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў у Беларусі адбываюцца адкрыта і голасна. Менавіта адкрытасці і галоснасці, на меркаванне Елісеева і мусіла спрыяць здымка паседжання па фармаванні ўчастковых камісіяў і далейшы распаўсюд гэтай інфармацыі.

Але паседжанне адбылося без Елісеева і без відэафіксацыі. Гэта ў абласной арганізацыі палічылі парушэннем патрабаванняў Канстытуцыі, Выбарчага кодэксу і яшчэ шэрагу нормаў законаў. 25 чэрвеня абласная арганізацыя АГП накіравала ў суд Калінкавіцкага раёна скаргу з падрабязнай аргументацыяй сваёй пазіцыі. Прадстаўляць цікавасці пазоўцы паводле даверанасці мусіў як раз Елісееў.

Але 30 чэрвеня абласная арганізацыя партыі атрымала поштаю вызначэнне аб адмове ў завядзенні грамадзянскай справы, прынятае суддзёй і намесніцай старшыні суда Калінкавіцкага раёна Галінай Загвоздзінай. Загвоздзіна не стала аспрэчваць аргументы партыі, выкладзеныя на сямі старонках скаргі, а проста паведаміла, што спыненне паўнамоцтваў чальцоў выбарчых камісіяў, паводле артыкула 36 Выбарчага кодэксу ўваходзіць у кампетэнцыю органаў, якія тыя камісіі ўтварылі. Адпаведна, на думку Загвоздзінай, вырашэнне пытанняў, выкладзеных у скарзе абласной структуры АГП не ў кампетэнцыі суда.  

«Класічнае рашэнне суда, які не змог знайсці якой-небудзь няправільнасці ў аргументах заяўніка, таму проста з'ехаў з вырашэння складанага пытання. Законы, якія перашкаджалі суду прыняць рашэнне супраць заяўніка, проста праігнараваныя. Так што, у некаторай ступені можна адзначыць перамогу. Ім няма чым біць нашыя аргументы», – пракаментаваў артыманы адказ Аляксандр Елісееў