У парку, на рэчцы… У кожным раёне Палесся ўлады пакінулі па адным месцы для масавых агітацыйных мерапрыемстваў
Андрусь ГАЁВЫ
03.07.2020
Назіральнікі
кампаніі Праваабаронцы за
свабодныя выбары прааналізавалі прынятыя мясцовымі райвыканкамамі рашэнні
аб вызначэнні ў раёнах месцаў для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў.
Дэмакратызацыя пачатку выбарчай кампаніі, калі збіраць подпісы дазвалялі ўсюды,
дзе не забаронена, скончаная.
Рашэнні аб вызначэнні месцаў для агітацыі мясцовыя
выканкамы, згодна з Выбарчым кодэксам, мусяць прымаць па ўзгадненні з раённымі
выбарчымі камісісямі. Назіральнік пры Калінкавіцкай
раённай выбарчай камісіі Андрэй
Мядзведзеў распавў, што, прысутнічаючы на яе паседжанні 22 чэрвеня, калі
разглядалася пытанне ўзгаднення месцаў агітацыі, даслоўна запісаў тое, што
зачытвала сакратарка камісіі Алена
Верабей, і за што аднагалосна прагаласавалі чальцы камісіі.
«Калинковичская
районная комисия по выборам Президента Республики Беларусь решила: согласовать
определение в Калинковичском районе перечня
мест для проведения в уведомительном порядке массовых мероприятий
(собраний, вне помещений, митингов, пикетирования, организуемых кандидатами в
Президенты Республики Беларусь и их доверенными лицами, согласно приложению 1».
Менавіта так узгадніла выбарчая камісія.
Але, райвыканкам, вычакаўшы больш за тыдзень, прыняў зусім іншае рашэнне. У
ім, як паведамляе назіральнік, вызначана толькі адно месца, няма ніякага
«перечня мест», а ў дадатку 1, замест узгодненага раённай выбарчай камісіяй
пераліку месцаў па-за памяшканнямі, пералік памяшканняў для сустрэчаў з
выбаршчыкамі, які ва ўзгодненым камісіяй рашэнні быў у дадатку 2.
«Я лічу гэта відавочным парушэннем
артыкула 45/1 Выбарчага кодэксу, які прадугледжвае прыняццё такіх рашэнняў абавязкова
па ўзгадненні з адпаведнай выбарчай камісіяй. Выканкаму патрэбна было зноў
вынесці праект новага рашэння на ўзгадненне камісіі, альбо прыняць тое, якое
камісія ўзгадніла. Таму я падаў скаргу на такое рашэнне», – паведаміў
назіральнік.
Калінкавічы. Цэнтральная алея ў гарадскім парку.
Адзіным месцам на ўвесь Калінкавіцкі раён, дзе можна праводзіць агітацыйныя
мерапрыемствы пад адкрытым небам, стала цэнтральная алея гарадскога парку
культуры і адпачынку ў Калінкавічах. Назіральнік ацэньвае гэтае месца як досыць
зручнае. Але тое, што яно адно, выглядае як наўмысная перашкода агітацыйнай
кампаніі. Ён адзначае, што на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ў раёне было аж 24
месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў. Цяпер жа, калі нейкі кандыдат
захоча сустрэцца, напрыклад, з выбаршчыкамі гарадскога пасёлка Азарычы, яму
давядзецца запрашаць жыхароў Азарычаў за 42 кіламетры ў парк у Калінкавічы.
«Паводле закону, калі на пэўнае месца
на пэўны час пададзена заяўка на правядзенне мерапрыемства іншым кандыдатам
альбо яго даверанай асобай, дык таму, хто падаў пазней, адмаўляюць у
правядзенні ягонага мерапрыемства. Гэты інструмент уладам вельмі лёгка
выкарыстаць для стварэння перашкодаў у правядзенні агітацыі пэўным кандыдатам,
ставячы кандыдатаў у няроўныя ўмовы. Такі стан не спрыяе адкрытасці і
галоснасці выбараў. Гэтыя акалічнасці я таксама адлюстраваў у сваёй скарзе»,
– адзначыў Андрэй Мядзведзеў.
У параўнанні з выбарамі 2015 года значна змешылася ў Калінкавіцкім раёне і колькасць памяшканняў, дзе можна
праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі і сходы выбаршчыкаў. Калі пяць гадоў таму іх
таксама было 24, дык цяпер толькі 7. Раней у Калінкавічх можна было сабраць
людзей у раённым цэнтры вольнага часу і цэнтры культуры чыгуначнага вузла –
асноўных залах райцэнтра. Цяпер жа толькі ў актавых залах аграрных каледжа і
ліцэя. Акрамя іх яшчэ ў пяці СДК у не самых вялікіх населеных пунктах раёна.
Не ў лепшы бок змянілі ўлады сітуацыю і ў Мазыры. Сумнавядомая сваім імкненнем закрыць рэабілітацыйны цэнтр
для інвалідаў «Радуга» старшыня мясцовага райвыканкама Алена Паўлечка, падпісала рашэнне, у якім на ўвесь больш як
100-тысячны Мазыр і прылеглы раён пакінула толькі адно месца для агітацыі –
пляцоўку каля кнігарні «Светач» на вуліцы Савецкай, 132. У 2015 годзе, як
паведамляе назіральнік Уладзімір Целяпун,
такіх месцаў толькі ў горадзе было 6. Плюс – пляцоўкі каля ўсіх сельскіх дамоў
культуры.
Мазыр. Пляцоўка каля кнігарні «Светач».
Паменела сёлета ў Мазыры і памяшканняў, дзе можна было б сабрацца, каб
паслухаць праграмы кандыдатаў і выказаць сваё меркаванне. З 6 канцэртных залаў
у Мазыры, якія можна было выкарыстоўваць для агітацыйных сходаў у 2015-м годзе,
сёлета пакінулі толькі 2, з 10 сельскіх ДК пакінулі 6.
«Актыўнасць грамадзян падчас
кампаніі па зборы подпісаў, чэргі каб падпісаца за альтэрнатыўных претэндэнтаў
адбілі ва ўладаў ахвоту на “сяброўства” з грамадзянамі і кандыдатамі», –
лічыць Уладзімір Целяпун.
Адно месца для масавых мерапрыемстваў на вуліцы пакінулі і ў Светлагорску. Гэта нябярэжная ракі
Бярэзіны – аддаленае ад цэнтра горада і гарадскіх мікрараёнаў тэрыторыя, на
якой вечарамі любіць збірацца моладзь, але астатнім гараджанам пабачыць там
агітацыйнае мерапрыемства будзе досыць складана. Назіральніца Алена Маслюкова адзначае, што падчас
выбараў 2015 года ў Светлагорскім раёне было вызначана 26 месцаў пад адкрытым
небам, дзе можна было агітаваць.
Светлагорск. Набярэжная ракі Бярэзіны. Фота: .pokatashkin.com
З 22-х у 2015-м годзе, да 7-мі ў 2020-м скарацілася ў Светлагорскім раёне і
колькасць памяшканняў, дзе кандыдаты могуць стасавацца з выбаршчыкамі. У самім
Светлагорску для гэтага пакінулі толькі 2 цэнтры культуры. А вось па раёне
выкрэслілі большую частку ўстановаў культуры. У тым ліку не будзе дзе сабрацца
і жыхарам знакамітай сваім атручаным заводам беленай цэлюлозы паветрам, самай
вялікай вёскі раёна – Якімавай Слабады.
«Лічу рашэнне відавочна
недэмакратычным, парушаючым правы чалавека і Выбарчы кодэкс, бо яно абмяжоўвае
правы людзей удзельнічаць у электаральнай кампаніі, асабліва тых, хто пражывае
ў сельскай мясцовасці. Мала таго, што для сялянаў значна скарацілася колькасць
памяшканняў для сустрэч з кандыдатамі і іх прадстаўнікамі, дык іх, увогуле,
пазбавілі магчымасці прысутнічаць на агітацыйных пікетах і мітынгах», –
мяркуе Алена Маслюкова.
Назіральніца таксама накіравала скаргу на такое рашэнне райвыканкаму.
У Рэчыцы, як паведамляе
назіральнік Валер Пуціцкі, сёлета
таксама засталося адно месца, дзе можна праводзіць перадвыбарчую агітацыю на
адкрытым паветры. Гэта пляцоўка перад капліцай Еўфрасінні Полацкай на вуліцы
Савецкай. Пяць гадоў таму такіх месцаў у раёне было 23.
Рэчыца. Пляцоўка перад капліцай Еўфрасінні Полацкай. Фота: crimeabereg.ru
«Месца гэтае, канешне, зручнае – самы
цэнтр горада, шматлюдна. Але ці змогуць хаця б адзін раз за ўсе дні агітацыі
туды патрапіць альтэрнатыўныя дзейнаму прэзідэнту кандыдаты, ці на кожны дзень
яго «заб’юць» прадстаўнікі дзяржпрафсаюзаў, Белых Русей і БРСМаў – вялікае
пытанне!», – каментуе прынятае Рэчыцкім райвыканкамам рашэнне Валер Пуціцкі.
Не адстала Рэчыца ад іншых райцэнтраў і ў скарачэнні параўнальна з мінулымі
прэзідэнцкімі выбарамі памяшканняў для агітацыйных сходаў. Іх пяцігодку таму
было вылучана 23, а цяпер толькі 7.
Такім чынам, добра бачная тэндэнцыя. Яна можа казаць толькі пра тое, што
ўлады спужаліся таго, як актыўна людзі падтрымлівалі альтэрнатыўных патэнцыйных
кандыдатаў падчас збору подпісаў, таму і вырашылі паставіць як мага болей
перашкодаў на шляху дэмакратычнага абмеркавання ўдзельнікаў выбарчай гонкі, падчас
галоўнага этапу выбарчай кампаніі – перадвыбарнай агітацыі.