Мазыранін няўдала адкаркаваў бутэльку аб помнік і атрымаў два месяцы арышту за... цынізм

Жорж Кунцэвіч 30.06.2023

>

Суд Петрыкаўскага раёна асудзіў 7 чэрвеня жыхара Мазыра за тоё, што ён няўдала хацеў адкаркаваць пляшку алкагольнага напою з дапамогай помніка ў гарадскім парку. Гэты дзеянні суд расцаніў як хуліганства паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Па матэрыялах абвінавачання, грамадзянін П., “груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, грэбуючы грамадскай мараллю, і выяўляючы ў сваіх злачынных дзеяннях выключны цынізм, наўмысна нанёс два ўдары бутэлькай з алкагольным напоем па памятнай пліце з надпісам, прысвечанай воінам 55-й Мазырскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі і Дняпроўскай ваеннай флатыліі, разбіўшы яе, у выніку чаго, частка змесціва бутэлькі вылілася на паверхню памятнай пліты”.

У судзе абвінавачаны патлумачыў, што ніякога цынізму і пагардлівага стаўлення да помніка ў яго не было. Распавёў, што вечарам сустрэўся са сваёй даўняй сяброўкай у гарадскім парку. Каб адзначыць сустрэчу – узялі 2 пляшкі лёгкага напою. Аднак калі дзяўчына не змагла адкаркаваць бутэльку – ён спрабаваў дапамагчы ёй, скарыстаўшыся вострым вуглом помніка. У выніку чаго бутэлька разбілася.

Ягоная сяброўка, якая вядзе сваю старонку ў Інстаграм, дзе больш за 600 падпісчыкаў, зняла гэтыя дзеянні на відэа і змясціла ў сацыяльных сетках. Праз некаторы час відэа ўбачылі супрацоўнікі міліцыі і патэлефанавалі ёй. Мазырчука неўзабаве затрымалі.

Суддзя Алег Касцючэнка прыйшоў да высновы, што мела месца наўмыснае апаганьванне памятнага гістарычнага знака і пакараў мужчыну арыштам на два месяцы.