На Мазыршчыне зноў гуляюць у вайнушку

Жорж Кунцэвіч 15.08.2022

>

Мазырская раённая газета Жыццё Палесся апублікавала кароткую інфармацыю аб тым, што з 15 па 25 жніўня ў раёне вёскі Слабада Мазырскага раёна будзе праводзіцца палявы выхад вайсковай часткай 81223. На вучэннях плануецца выкарыстоўваць імітацыю дзеянняў праціўніка з ужываннем дымавых шашак, халастых патронаў і ўзрыўпакетаў. Пры гэтым вайскоўцы папрасілі не набліжацца да самой вайсковай часткі.

Афіцыйныя крыніцы інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі не паведамлялі аб гэтых вучэннях. Флагшток паспрабаваў разабрацца, што будзе адбывацца пад Мазыром.

Аб дзейнасці вайсковай часткі № 81223 у адкрытых крыніцах не так шмат інфармацыі. Усе згадкі пра нумар часткі датуюцца не пазней 2021 года, піша "Флагшток"

Мінабароны Беларусі паведамляла, аб правядзенні вучэнняў з прымяненнем ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, авіяцыйных воінскіх частак, войскаў супрацьпаветранай абароны і радыётэхнічных войскаў з 9 па 11 жніўня. Такім чынам вучэнні ў Мазырскім раёне пройдуць па-за анансаваным графікам Мінабароны.

Пра існаванне стрэльбішчаў каля вёскі Слабада ў Мазырскім раёне невядома. Імаверна, вайскоўцы будуць разгортваць радыёлакацыйнае абсталяванне ў полі, а «імітацыя дзеянняў праціўніка» з ужываннем піратэхнікі пройдзе на тэрыторыі самой вайсковай часткі.