Грамадзяне Украіны, якіх расіяне прымусова вывозілі ў Беларусь, цяпер зняволеныя ў Расіі

Цімур Казачэнка 27.07.2022

>>

У чэрвені і напачатку ліпеня публікавалася інфармацыя аб тым, што падчас уварвання ва Украіну расійскія войскі захоплівалі і вывозілі жыхароў Кіеўскай вобласці ў Беларусь, у прыватнасці, у г. Нароўлю Гомельскай вобласці.

Паводле звестак украінскай паліцыі, у Кіеўскай вобласці такім чынам зніклі 322 чалавекі.

Спачатку ва Украіне меркавалі, што калі іх вывезлі ў Беларусь, то там яны і знаходзяцца. Аднак ад тых, каму ўдалося выйсці з расійскага палону і вернуцца дадому, стала вядома, што група вывезеных грамадзян цяпер утрымліваецца ў Расіі ў в. Брагіна Мцэнскага раёна Арлоўскай вобласці (больш за 300 км ад Нароўлі).

Міністэрства па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны, якое займаецца вяртаннем як ваеннапалонных, так і прымусова вывезеных цывільных грамадзян, атрымала звесткі пра тое, што некаторыя з жыхароў Кіеўшчыны знаходзяцца ў Расіі ў СІЗА № 2 у г. Навазыбкаве Бранскай воласці. Іх уключылі ў спіс на абмен.

Нагадаем, што ў Кіеўскую вобласць расійскія войскі прасоўваліся з 24 лютага з тэрыторыі Гомельскай вобласці са згоды беларускай улады. Гэтая групоўка расіян была спынена пад Кіевам і да канца красавіка выведзена назад у Беларусь.

Расіяне захоплівалі цывільных украінцаў, напрыклад, для выкарыстання на прымусовых працах падчас часовай акупацыі украінскіх зямель, альбо па падазрэнні ў дыверсійнай дзейнасці, альбо для выкарыстання ў якасці “жывога шчыта” пры вывадзе сваіх войск у Беларусь.

Верагодна, усіх жыхароў Кіеўшчыны, якіх прымусова вывезлі ў Беларусь, затым перавезлі ў Расію. Дарога з Гомельскай вобласці да Мцэнскага раёна Арлоўскай вобласці Расіі праходзіць праз Бранскую вобласць, таму не выключана, што прымусова вывезеных людзей размеркавалі па месцах зняволення ўздоўж гэтага шляху.

Паводле дадзеных расійскіх праваабаронцаў, у Расіі на базе ўстаноў Федэральнай службы выканання пакаранняў фактычна ствараюць канцлагеры для украінскіх палонных. Гэта робіцца за кошт ушчыльнення асуджаных расіян, якіх пераводзяць у іншыя месцы зняволення і з-за недахопу месца таксама змяшчаюць у безчалавечыя ўмовы. Яшчэ ў красавіку паведамлялася аб тым, што з СІЗА № 2 у Навазыбкаве ўсіх асуджаных перавялі ў СІЗА № 1 у Бранску, а ў СІЗА № 2 ўтрымліваюцца толькі украінскія палонныя. Цывільных людзей, прымусова вывезеных з Украіны, расійскія ўлады лічаць ваеннапалоннымі.

Цывільныя грамадзяне вывозяцца расійскімі войскамі не толькі з Кіеўшчыны, але і з іншых часова акупаваных тэрыторый Украіны. Міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук у чэрвені паведамляла, што ў расійскіх турмах знаходзяцца каля 1500 цывільных украінцаў. Маніторынгавая група ААН па правах чалавека ва Украіне ў чэрвені заявіла, што мае доказы пра 270 выпадкаў выкрадання цывільных украінцаў расійскімі войскамі.


На фота: СІЗА № 2 у г. Навазыбкаве Бранскай вобласці, Расія