Маці здымала на тэлефон, як даішнікі штрафуюць яе дачку – завялі крыміналку

Жорж Кунцэвіч 23.08.2023

>

У Лоеўскім раёне байцы АМАПа затрымалі жанчыну, аштрафавалі за непадпарадкаванне і завялі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні варожасці, бо “не варта блытаць лаяльнасць праваахоўнікаў з праявамі слабасці”.

Чэрвеньскім вечарам ДПС Лоеўскага РАУС у вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна пабачыла дзяўчыну, якая рухалася без флікераў. Яе запрасілі ў службовы аўтамабіль для складання адміністрацыйнага пратакола.

Да машыны ДАІ падышла і 39-гадовая маці дзяўчыны. Яна стала здымаць відэа, якое пазней выклала ў інтэрнэт, піша "Наша Ніва".

Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, жанчына «ўсяляк спрабавала перашкаджаць вядзенню адміністрацыйнага працэсу, здымала тое, што адбываецца на тэлефон, эмацыйна каментавала дзеянні супрацоўніка міліцыі і давала ацэнку дзеянням праваахоўнікаў у цэлым".

Пазней дадому да жанчыны прыбыла следча-аператыўная група, якая абвясціла, што ў адносінах да яе праводзіцца праверка па факце публічнай абразы прадстаўніка ўлады. Ёй прапанавалі праехаць у РАУС, але жанчына адмовілася.

"Байцы АМАПа УУС Гомельшчыны з выкарыстаннем фізічнай сілы даставілі "буйную" жанчыну ў аўтатранспарт", — піша сайт міліцыі.

На жанчыну склалі пратакол аб непадпарадкаванні і аштрафавалі на 185 рублёў.

18 жніўня ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні сацыяльнай варожасці або варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.