Тры маці робяць беларускамоўны анлайн-часопіс для малодшых школьнікаў і збіраюць грошы на яго друк. Адна з аўтарак – з Рэчыцы
Андрусь ГАЁВЫ
07.01.2020
Ідэя стварэння часопіса «Жэўжык» нарадзілася з-за дэфіцыту дзіцячых беларускамоўных выданняў. Беларускамоўныя дзеткі гадуюцца сабе, а годных часопісаў для іх амаль няма. Усё па-расійску. Як у такіх умовах можна развіваць малым свае навыкі пісьма, ліку на роднай мове?
Чаго не мелі, тое і зрабілі тры мамы беларускамоўных дзяцей. Аўтаркі часопіса – маладыя маці, якія маюць дзяцей узросту пачатковай школы і цудоўна ведаюць, што трэба дзеткам такога ўзросту, каб было і цікава, і для развіцця карысна.
«Часопіс “Жэўжык” робіцца цалкам на валанцёрскіх пачатках. Але нам вельмі патрэбна любая інфармацыйная і фінансавая дапамога! Адметнасць нашага часопіса ў тым, што ён адыходзіць ад стандартнага – літаратурнага – фармату беларускамоўных выданняў для дзятвы. “Жэўжык” напоўнены цікавымі аўтарскімі тэкстамі, забаўкамі і заданнямі. Кожны яго нумар прысвячаецца пэўнай тэме, якая раскрываецца менавіта ў беларускім ключы»,
– распавядае адна з аўтарак і стваральніцаў часопіса Вольга Жарнасек, якая ўвосень мінулага года пераехала з Рэчыцы ў мястэчка Любча каля Наваградка.
Вольга ЖАРНАСЕК з дачкой Нікай і сынам Стасем. Фота: dw.com
Старэйшы сын Вольгі – 7-гадовы Стась, як раз у гэтым навучальным годзе пайшоў у першы клас Любчанскай школы. Многія рэчычане памятаюць яскравага і гаваркога беларускамоўнага хлопчыка, які зачароўваў усіх усмешкамі сваіх вялікіх празрыстых вачэй. Але Стась даўно хацеў трымаць у руках і чытаць цікавы дзіцячы часопіс. Дзіцячыя старонкі ў «Нашай гісторыі» ён зачытваў ледзьве не да дзірак. Менавіта тады – перад тым, як старэйшы сын мусіў пайсці ў школу, у Вольгі і яе анлайнавых сябровак нарадзілася ідэя пачаць самім ствараць тое, што патрэбна іхнім дзеткам.
«У нашай каманды ёсць вельмі важная мэта – выдаць друкаваную версію часопіса ў 2020 годзе вялікім накладам. Гэта патрэбна, каб "Жэўжык" стаў больш дасяжным для маленькіх чытачоў. Пра гэта просяць шмат якія маці ў інтэрнэце. Таму мы цяпер збіраем талакою сродкі і просім далучыцца да гэтай справы ўсіх ахвочых. На цяперашні час сабрана амаль 70% ад сумы, патрэбнай на друк першага накладу, засталося "даціснуць" тыя 30%»,
– дадае спадарыня Вольга.
Пазнаёміцца з выданнем і яго ставаральнікамі бліжэй, паглядзець водгукі чытачоў, даведацца, якую суму трэба сабраць на раздрукоўку і ахвяраваць штосьці для яе збору, можна тут.