Няўдалыя кантралёры. У Светлагорску смярдзіць, але дзяржоорганы нічога не знаходзяць

Палеская Вясна 22.04.2020

Ініцыятыўная група жыхароў Светлагорска і Якімівай Слабады, якая змагаецца за чыстае паветра ў горадзе і прыгараднай вёсцы, атрымала адказы з дзяржаўных інстанцыяў. З іх можна зрабіць выснову, што кантралюючыя органы жаляцца жыхарам горада на свае непрафесіяналізм і бездапаможнасць.

Светлагорцы і слабадцы накіроўвалі зварот у Адміністрацыю прзідэнта і Міністэрства аховы здароўя. Там яны распавялі пра тое, што ў залежнасці ад напрамку ветра ў Светлагорску альбо ў Якімавай Слабадзе перыядычна адчуваюцца пахі метылмеркаптану, а таксама іншыя хімічныя пахі. А ў сярэдзіне сакавіка на вёску Якімава Слабада ўжо ў другі раз выпала невядомае шэрае парашкападобнае рэчыва. Людзі вінавацяць у з’яўленні такіх пахаў і выпаданні шэрага парашку нядаўна афіцыйна пушчаны ў эксплуатацыю завод па вытворчасці беленай цэлюлозы.

Адміністрацыя прэзідэнта перанакіравала зварот светлагорцаў і слабадцоў у Гомельскі аблвыканкам. Адтуль напісалі адказ ажно на 3 старонкі за подпісам намесніка старшыні Ігара Часнака. Доўга і падрабязна гомельскія чыноўнікі апісваюць свае высілкі па вымярэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у паветры і ў Светлагорску, і каля аб’ектаў заводу, і на мяжы ягонай санітарна-ахоўнай зоны. Але, па Часнаку – усё ўсюды цудоўна і перавышэнняў нідзе знайсці не ўдалося. Чаму ж у горадзе і прылеглай вёсцы пахне нейкімі хімічымі рэчывамі, чыноўнікі не тлумачаць.

Дарэчы, найбольш адчувальны на пах і адзін з самых цяжкіх газаў, які асядае бліжэй да зямлі, – метылмеркаптан, нібыта мераў толькі сам меркаваны забруджвальнік – завод беленай цэлюлозы на мяжы сваёй санітарна-ахоўнай зоны. Натуральна, што перавышэнняў дапушчальных нормаў ва ўласных выкідах завод не выявіў.

Яшчэ больш роспачным выглядае аповед гомельскіх чыноўнікаў пра парашок, які ўжо ў другі раз запар засыпае вёску Якімава Слабада. Слабадцы прасілі мясцовых санітарных лекараў даследаваць гэты парашок, ідэнтыфікаваць яго, высветліць, адкуль ён сыплецца і якую небяспеку ўяўляе. Але… Санстанцыя нават не зрабіла адбор пробаў таго, што шчодра заслала вокны, машыні і іншыя паверхні ў вёсцы.

«…адбор проб не праводзіўся ў сувязі з тым, што ў дзейнасці лабараторыі адсутнічае арганізацыйна-метадычны дакумент, абавязковы для выканання, які ўстанаўлівае аб’ект і мэты выпрабаванняў, віды, паслядоўнасць і аб’ём эксперыментаў, якія праводзяцца, умовы, месца і тэрміны правядзення выпрабаванняў, забеспячэнне і справаздачнасць па іх, а таксама адказнасць за забеспячэнне і правядзенне выпрабаванняў», – прызнаецца Часнок у сваім адказе. То бок – хай сыплецца невядома што на галаву жыхароў, разбірацца, што гэта такое не будзем, бо нам ніхто не прыдумаў інструкцыю як гэта рабіць.  





Амаль тое самае напісала ў сваім адказе намесніца міністра здароўя, галоўная дзяржаўная санітарная лекарка Беларусі Наталля Жукава. Толькі гэтая чыноўніца не стала асабліва пераймацца падрабязнасцямі і выклала тое, што паветра бесперапынна мераецца, але знайсці перавышэнне таго, што дазволілі самі сабе выкідаць у яго дзяржаўныя інстытуцыі, ніводнага разу не атрымалася. Чаму атрымліваецца ў жыхароў арганалептычна ўнюхаць розную хімію ў паветры роднага горада, чыноўніца таксама не паведаміла. Наконт парашку, які пасыпае Якімаву Слабаду, Наталля Жукава проста напісала, што пробы яго не адбіраліся ў сувязі з немагчымасцю яго ідэнтыфікаваць і, зноў жа,  адсутнасцю інструкцыі як гэта рабіць.

«Любыя нормы ўтрымання забруджвальных рэчываў у паветры павінны быць ніжэйшымі за парог іх арганалептычнага адчування органамі нюху і ўплыву на іншыя органы і самаадчуванне людзей. Калі мы гэта адчуваем, калі гэта ўплывае на тое, як людзі пачуваюцца, гэта кажа пра тое, што альбо нормы завысокія, альбо мераюць іх не так, як мусяць мераць, каб не знаходзіць перавышэнняў. Натуральна, жыхары горада ў такія адпіскі не вераць. Сітуацыя з ідэнтыфікацыяй невядомага шэрага парашку, які ўжо некалькі разоў выпадаў на Якімаву Слабаду, як нельга больш яскрава паказвае, што дзяржорганы проста шукаюць прычыны, каб не бачыць шкоднага ўплыву завода беленай цэлюлозы на экалогію. Замест таго, каб адшукаць спосаб ідэнтыфікацыі рэчыва, яго хімічнага складу і разабрацца, наколькі яно шкоднае для здароўя насельніцтва, мясцовыя “ахоўнікі здароўя” проста прыкрыліся адсутнасцю інструкцыі, як гэта рабіць. А хто для іх мусіць гэты нарматыўны дакумент распрацаваць? Як жа можна верыць у такім выпадку кампетэнцыі гэтых дзяржорганаў і іхнім адпіскам?», – каментуе атрыманыя адказы каардынатарка ініцыятыўнай групы, кіраўніца Светлагорскага аддзялення праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова.