14 сакавіка, у
Міжнародны дзень рэк у Мазыры плануюць абмеркаваць стан галоўнай ракі Палесся –
Прыпяці, і магчымыя праблемы, якія звязаныя з намерам уладаў Беларусі ўдзельнічаць
у пабудове так званага воднага
шляху Е-40, адзін з адрэзкаў якога пройдзе па Прыпяці.
Прыпяцкае Палессе – адно з найбольш унікальных месцаў у
Еўропе. Рака мае вялізную біясферную значнасць. Але амбітныя платны
транспартнікаў ператварыць Прыпяць у канал для праходжання судоў класу «рака-мора» з пабудовай
шлюзаў, узняццём узроўню вады і паглыбленнем дна ракі могуць прывесці да
незваротных зменаў у экасістэмах.
Акрамя таго, частка рэчышча праходзіць праз забруджаную
радыяцыяй зону. Паводле меркаванняў эколагаў, работы ў паглыбленні рэчышча
прывядуць у рух радыёактыўныя элементы, якія залягаюць у глеі на дне ракі, і
выклічуць павышэнне ўзроўню радыёактыўнасці.
Эканамісты ў сваю чаргу не бачаць у такім праекце
эканамічнай мэтазгоднасці, бо аб’ёмы транспартавання грузаў рачным транспартам
ва ўсім свеце даўно страцілі сваю запатрабаванасць. А ператварэнне Прыпяці ў суднаходную
раку для суднаў класу «рака-мора» запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, акупляльнасць якіх вельмі
сумніўная.
Напрыканцы сакавіка ў Гомелі мае прайсці абмеркаванне
Плану кіравання басейнам Прыпяці на басейнавай радзе Прыпяці. Размова пра гэта
таксама мяркуецца падчас дыскусіі.
Падчас дыскусіі ў Мазыры плануецца прагляд фільма пра
Прыпяць і абмеркаванне праблемных пытанняў жыцця галоўнай палескай ракі.
Арганізатары дыскусіі – мазырскае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Ахова птушак
Бацькаўшчыны» і культурная прастора «Даліна анёлаў». Адбудзіцца мерапрыемства 14 сакавіка ў прасторы «Даліна
анёлаў» на адрасе Мазыр, вул. Гогаля, 61. Пачатак а 17 гадзіне.