Сельгаспрадпрыемства хоча спагнаць з маладога спецыяліста амаль 900 рублёў за сапсаваную аўтазапчастку

Андрусь ГАЁВЫ 28.07.2019

Яскравую ілюстрацыю таго, як можна адбіць жаданне працаваць у беларускіх сельгаспрадпрыемствах нават у самага ахвочага да працы чалавека зрабіла кіраўніцтва КСУП «Козенкі-Агра» Мазырскага раёна.

Іван Маро

Уваходжанне ў прафесію праз старое ламачча

У 2017 годзе пасля сканчэння Палескага сельгаскаледжа паводле размеркавання ў  «Козенкі-Агра» прыйшоў на працу спецыяліст Іван Маро. Праўда, па спецыяльнасці (тэхнік-механік) яго ўладкоўваць не сталі – прызначылі кіроўцам грузавога аўтамабіля. Далі стары МАЗ, які быў папросту няздольны прайсці тэхагляд – быў увесь іржавы, меліся праблемы і ў хадавой частцы. Хлопец, які яшчэ не меў досведу самастойнай працы і прасіў сваіх кіраўнікоў даць яму хаця б на час падрыхтоўкі да выезду, якога-небудзь дасведчанага настаўніка альбо хаця б слесара, які б дапамог у рамонце.

Але набліжалася пасяўная, таму Івана на той развалюсе літаральна выштурхнулі ў рэйсы – вазіў зерне са склада на палеткі для загрузкі ў сеялкі. Аднойчы проста каля мехдвара гаспадаркі трапіўся ДАІ. Штраф за няпройдзены МАЗам тэхагляд заплаціў сам. Дырэктар гаспадаркі абяцаў кампенсаваць, але ж ці кампенсаваў – Іван так і не заўважыў. У разліковых цэтліках нейкіх дапаўняльных сумаў ён не пабачыў.

Аднойчы ў МАЗе сапсавалася счапленне. Тады Івана перасадзілі на ЗИЛ-130 выпуску 80-х гадоў мінулага стагоддзя, які меў яшчэ горшы стан за той МАЗ. Адправілі ў іншую гаспадарку па зерне кукурузы. А адтуль машыну прыцягнулі на буксіры. Пасля гэтага дырэктар КСУП  «Козенкі-Агра» Уладзімір Жылін вырашыў, што такія кіроўцы яму не патрэбныя, і прапанаваў Івану напісаць заяву на звальненне паводле ўласнага жадання.

Для таго, хто адпрацоўвае размеркаванне, звальненне паводле ўласнага жадання – гэта неабходнасць адплаты дзяржаве за навучанне. Івану давялося б выплочваць каля 9 тысяч рублёў. Такіх грошай ні ў яго, ні ў сям’і няма, таму ён вырашыў змагацца за сваё права працаваць. Яго перакідалі яшчэ на некалькі старых машынаў. А мінулым летам гаспадарка забрала два МАЗы-самазвалы, спісаных Мазырскім райжылкамгасам.

Едзем бокам

Адзін з іх – самы дабіты, і далі Івану. У машыны былі праблемы не толькі з хадавой часткай, але яна была папросту перакошаная – рама была скрыўленая. МАЗ ехаў па дарозе крыху бокам. Ён, зноў жа – самастойна, без слесараў і памочнікаў паспрабаваў давесці машыну да ладу – шмат чаго замяніў, здымаючы запчасткі з тых аўтамабіляў, якія ўжо не працавалі. Але выпрастаць пакрыўленую раму ён, вядома ж, не мог. Кіраўніцтва тады казала: «Ты ж тэхнік-механік, ты мусіш лепей любога слесара разбірацца ў машынах – рамантуй!» Але нават належна дарамантаваць той жылкамгасаўскі МАЗ Іван Маро не паспеў.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства накіраваў яго да зваршчыкаў, каб тыя нарасцілі самазвалаўскія барты і Іван ехаў вазіць зялёную масу з палеткаў на сіласную яму.

Прывёз першы рэйс на яму каля адной з вёсак. Там як раз быў дырэктар Уладзімір Жылін. Іван пачаў ўзнімаць кузаў, каб выгрузіць «зялёнку», але праз перакошаную раму кузаў пачаў хіліцца на бок: магла легчы і ўся машына. Тады кіраўнік гаспадаркі даў Івану карысную параду, як выйсці з гэткай сітуацыі – стаць правымі коламі на кучу «зялёнкі», каб машына ў той бок не падала. Так і зрабілі. Выгрузіць атрымалася. Так Іван прывёз некалькі рэйсаў.

А потым, рухаючыся разам з камбайнам, які касіў траву і здробненую, нагружаў у МАЗ, кіроўца папросту не змог уключыць другую перадачу. Сяк-так даехаўшы да майстэрні, Іван зняў скрынку перадачаў – там некалькі шасцяронак былі злузаныя. Ён падняў кузаў, застопарыў яго і пачаў мяняць тую скрынку перадачаў. У гэты час калега заўважыў, што з гідрацыліндра, які ўзнімае кузаў, выцякае аліва – знасіліся гумавыя пракладкі і розныя там сальнікі. Тады зноў прыйшоў на дапамогу дырэктар – параіў падвесіць пад ціліндр пакет, каб аліва лілася не на зямлю, а ў пакет, а потым заліваць яе нанова.

Цыліндр за цыліндрам

Потым, усё ж, купілі новы гідрацыліндр у фірмы «Салео-Кобрин» у Кобрыне. І яшчэ тры тыдні так, стоячы набок, і выгружаў тую «зялёнку». А ў чарговы раз, узнімаючы кузаў на выгрузку, пачуў нейкі хлапок. Выскачыў з кабіны – новы гідрацыліндр проста разарваўся. Яго адправілі на рамонт у Кобрын, а яму адтуль жа купілі іншы. Але і яго праз некаторы час эксплуатацыі на перакошанай раме, таксама разарвала.   

Як раз прыслалі з Кобрына першы ціліндр, паведаміўшы, што ён гарантыйнаму рамонту не падлягае з-за няправільнай эксплуатацыі. Іван сабраў з двух ціліндраў адзін і зноў паехаў працаваць. Вазіў гной з фермы на палі. Як мог прыстасоўваўся, каб падчас выгрузкі машына не перакулілася. Але надарылася іншая бяда – паляцела турбіна. Загнаўшы МАЗ у майстэрню, Іван Маро рашуча заявіў кіраўніцтву, што на няспраўнай машыне болей нікуды не паедзе.

Суды

Тады кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла вылічыць грошы за два гідрацыліндры з заробку Івана. Налічыла 875 рублёў. Іван, калі працаваў па 30 дзён у месяц без выходных, атрымліваў па 570 рублёў заробку – гэта быў максімум. А цяпер, калі ўжо некалькі месяцаў стаіць на рамонце, заробак вагаецца ад 250 да 350 рублёў. Ён яшчэ выконвае абавязкі слесара, дапамагаючы іншым кіроўцам рамантавацца. Штатных аўтаслесараў у гаспадарцы фактычна няма – імі аформленыя ці зваршчыкі, ці токары, якія непасрэдны рамонт тэхнікі не выконваюць.

Калі кіраўніцтва выдала загад на вылічэнне з заробку Івана 833 рублі, ён адмовіўся падпісваць той загад. А потым падаў у суд. Гаспадарка загад адмяніла. Суд закрыў разгляд справы. А праз некаторы час выдалі новы загад. Іван аспрэчваў яго ў камісіі па працоўных спрэчках, натуральна нічога там не дамогшыся. Цяпер ужо сама гаспадарка звярнулася ў суд з просьбай вылічыць з Івана тыя 833 рублі нібыта нанесенага ўрону і яшчэ 41 рубель дзяржаўнай пошліны.

Ужо прайшло некалькі судовых пасяджэнняў. Іван не лічыць сябе вінаватым у нанясенні ўрону гаспадарцы. Ён шмат разоў папярэджваў сваіх кіраўнікоў, што машына няспраўная, адпаведна розныя дэталі працуюць не так, як павінны. Але яго літаральна выганялі ў рэйсы на зламанай машыне. Таму на адным з пасяджэнняў суд задаволіў хадайніцтва Івана і прыцягнуў у суадказчыкі спецыялістаў гаспадаркі – галоўнага інжынера і інжынера па тэхніцы бяспекі і ахове працы. А на апошнім пасяджэнні суддзя вырашыў у якасці суадказчыка выклікаць і самога кіраўніка КСУП «Козенкі-Агра» Уладзіміра Жыліна.
Вядома ж, Іван не збіраецца звальняцца з сельгаспрадпрыемства, пакуль не скончыцца час адпрацоўкі так званага размеркавання. Надта ж дарагую цану за такое звальненне трэба будзе заплаціць. Але і нейкае імкненне да шчырай працы ў маладзёна таксама ўжо адбілі. А кіраўнікі гаспадаркі імкнуцца звольніць яго са сваёй ініцыятывы: за адзін з днёў, калі Іван быў у судзе, яны паставілі яму прагул і за яго спрабуюць аформіць звальненне. Таму той прагул ён таксама аспрэчвае зараз праз суд.

Чарговае судовае пасяджэнне па справе адбудзецца ўжо ў 30 ліпеня. Бараніць свае цікавасці Івану Маро дапамагаюць праваабаронцы Мазырскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна».

«Магчыма, недзе ў адносінах з кіраўніцтвам і Іван не мае рацыі, але дзеянні адказных асобаў гаспадаркі відавочна незаконныя. Парушэнняў у іх вельмі шмат – ад выпуску на лінію няспраўнай тэхнікі і да спробаў спагнаць з работніка ўрон, які з’явіўся вынікам нядбайнасці саміх кіраўнікоў. Таму, хоць гэта і складана, але мы будзем дапамагаць яму абараніць свае правы»,

– адзначыў у каментары праваабаронца Уладзімір Целяпун.