Сучасныя экалагічныя тэхналогіі вытворчасці цэлюлозы – вырашэнне і экалагічнай, і эканамічнай праблемаў у Светлагорску
Ганна СОМАВА
24.12.2019
У Светлагорску і раёне, ў сувязі з пуска-наладачнымі работамі, што адбываюцца на пабудаваным кітайскай карпарацыяй “САМСЭ” заводзе беленай цэлюлозы (ЗБЦ) ўжо амаль два гады, сур’ёзныя праблемы. Звязаныя яны, найперш, з тым, што сістэматычна выкідваюцца ў атмасфернае паветра шкодныя рэчывы, у тым ліку – метантыёл (метылмеркаптан), газ другога класу небяспекі, які вельмі моцна смуродзіць і атручвае навакольнае паветра, наносіць шкоду здароўю людзей. Акрамя таго, перыядычна завод выдае гул, настолькі моцны, што немагчыма спаць уначы. Ініцыятыўная група грамадзян звяртаецца ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, якія павінны сачыць за работай гэтага прадпрыемства, ходзіць на асабістыя прыёмы да чыноўнікаў – ад старшыні райвыканкама да міністраў. Аднак паляпшэння сітуацыі не назіраецца. Варта таксама адзначыць, што тэхналогія выпуску цэлюлозы з драўніны, якая ўжываецца на пабудаваным заводзе, далёка не самая сучасная. Сёння існуюць больш прагрэсіўныя спосабы вытворчасці такой самай прадукцыі, калі метылмеркаптан не ўтвараецца. І адна з іх – выраб цэлюлозы з травяністай расліннай сыравіны.
Папера з канапель. Ці можна адмовіцца ад драўніны?
Ва ўсім свеце адчуваецца праблема вынішчэння леса, што ў сваю чаргу, абумоўлівае далейшы рост кошту цэлюлозы. На вытворчасць паперы ідзе 42% усіх прамысловых лесанарыхтовак у свеце, а 87% паперы, якая вырабляецца, спажываецца менавіта прамыслова развітымі краінамі свету, такімі, як ЗША і Канада. Сёння патрабаванні Еўрасаюзу да прадпрыемстваў цэлюлозна-папяровай прамысловасці змяшчаюць ў сабе пошук альтэрнатыўнай сыравіны, выкарыстанне тэхналогіяў, якія не забруджваюць навакольнае асяроддзе і спрыяюць аднаўленню забруджаных глебаў.
Знешняя чысціня звычайнага белага аркуша паперы падманлівая. Вытворчы працэс пераўтварэння драўніны ў паперу звязаны з атрыманнем такіх пабочных прадуктаў, як окіс вугляроду, аміяк, аксіды азоту, іртуць, нітраты, метанол, бензол, хлораформ, діяксіны. І, не гледзячы на гэта, паперу, па-ранейшаму, працягваюць вырабляць з дрэва. Хаця так было не заўсёды.
У адносна недалёкай мінуўшчыне рэальнай альтэрнатывай драўніне былі каноплі. Папера з канопляў не патрабуе працэсу адбелкі, не жаўцее, яна больш трывалая і даўгавечная, чым папера зробленая з дрэва, яна не ўтрымлівае злучэнняў хлору і серы. Акрамя таго, каноплі выкарыстоўваецца для аднаўлення і ачышчэння глебы, што надта актуальна для сучаснай Беларусі. Паводле афіцыйных дадзеных, апублікаваных у медыя ў 2019 года 60 % глебы ў нашай краіне непрыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі.
Вядома, што для першых папяровых грошай, першай друкаванай Бібліі, Канстытуцыі і Дэклярацыі аб незалежнасці ЗША выкарыстоўвалася папера з канаплянага валакна. Дык чаму тады каноплі не вытрымалі канкурэнцыі з дрэвам? Адказ трэба шукаць у гісторыі.
Для першых машын, якія былі задзейнічаныя ў вытворчасці паперы, канапляныя валокны апынуліся надта грубымі і таму спрос на паперу прыйшлося задавальняць масавай перапрацоўкай драўніны.
Папера з канопляў стала зноўку канкурэнтнай толькі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя з прычыны ўдасканалення прамысловай вытворчасці. Менавіта тады ў чалавецтва з’явіўся шанец назаўсёды скончыць вынішчэнне лясоў і пазбавіцца ад шкодных выкідаў папяровай вытворчасці.
Адзін гектар пасеваў канопляў замяняе чатыры гэктары леса. Адзін гектар канопляў дае каля 6 тон цэлюлозы ў год – гэта ў некалькі разоў больш, чым гадавы прырост гектару леса. Аднак канапляная папяровая рэвалюцыя «правалілася» таму, што ўжо на той час была створаная магутная індустрыя вытворчасці і апрацоўкі драўніны.
У газетах і часопісах, уласнікамі якіх, даволі часта былі ўласнікі лясных масіваў і прадпрыемстваў папяровай прамысловасці, была разгорнутая масавая інфармацыйная кампанія супраць канопляў як вельмі небяспечнага наркотыка, што не адпавядае рэчаіснасці. Тэхнічныя каноплі не маюць наркатычнага складніка!
Зараз у свеце пачаўся наступны этап развіцця канаплянай індустрыі і перагляду людзьмі свайго стаўлення да гэтай расліны. Да гэтага падштурхоўвае абмежаванне на высечку лясоў, а таксама, пазіцыя Швейцарыі, Нямеччыны, Аўстрыі, Галандыі, краін Скандынавіі, Японіі і інш. у пытаннях мінімізацыі забруджвання навакольнага асяроддзя.
Паводле ацэнак аналітыкаў, у 2010 годзе Еўропа ужо была гатовая выкарыстаць 200 тыс. тон цэлюлозы з канопляў. Для гэтага патрэбна было засеяць каля 33 тысяч гектараў зямлі. Аднак зараз агульная вытворчасць канаплянага валакна ў ЕС налічвае толькі 6,8 тысяч тон. А вырабленую сыравіну выкарыстоўваюць чатыры заводы па вытворчасці цэлюлозы ва Францыі і Іспаніі. Натуральна, што іх магутнасці не ў стане забяспечыць патрэбы рынка. Менавіта таму, можна канстатаваць, што на еўрапейскім рынку цэлюлозы з канопляў у найбліжэйшае дзесяцігоддзе не будзе істотнай канкурэнцыі.
Ці хапае ў Беларусі драўніны?
В Беларусі ўвесь час расце аб’ём лесанарыхтовак. У 2016 годзе ён склаў 15,1 млн. м3 ліквіднай драўніны. Да 2025 года гэты паказчык мае дасягнуць 25 млн. м3, паведамляе Зялёны партал. Тое, што лясы Беларусі сталі заўважна радзейшымі бачна ўжо няўзброеным поглядам.
Як піша Зялёны партал, цывілізаваных краінах сасну сякуць круглы год толькі на дровы, а для будаўніцтва і розных вырабаў – выключна ўзімку. Прадзеды адбіралі для будаўніцтва дрэвы толькі на паўночных схілах, дзе ўмовы больш суровыя. Зараз драўніна высякаецца згодна з планам круглы год і планы растуць ад дасягнутага. Дасягнутага ў лесанарыхтоўцы, а не ў лесааднаўленні! На гэтым вырасла не адно пакаленне кіраўнікоў лясной гаспадаркі і таму, яны не ў стане інакш думаць і ставіцца да гэтай праблемы.
Пры такім падыходзе: спелых лясоў у Беларусі практычна ўжо не засталося. Зразумела, што прадуктыўнасць лесапакрытых плошчаў катастрафічна зніжаецца, а менавіта гэтая прадуктыўнасць з’яўляецца асноўным паказчыкам развіцця лясной гаспадаркі краіны. Таму, прадуктыўнасць беларускіх лясоў прыкладна ў 50 разоў меньшая, чым у скандынаўскіх краінах. Санітарныя высечкі і высечкі догляду ператварыліся фактычна ў прамысловую здабычу драўніны. Менавіта за кошт гэтага лясгасы і жывуць.
Ці была альтэрнатыва абранаму праекту завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску?
Была! Можна было абраць больш сучасныя, меньш небяспечныя, экалагічна лепшыя тэхналогіі. Але цуду не адбылося. Беларускі ўрад, на вялікі жаль, больш дбае пра ўласныя даходы, чым пра людзей – іх здароўе і ўмовы жыцця.
Сучасныя краіны свету, такія як Аўстралія, Швейцарыя, Іспанія, Францыя, Нямеччына, Італія, Нарвегія, Бельгія, Польшча для вытворчасці цэлюлозы выкарыстоўваюць тэхнічныя каноплі. Для прыкладу – завод у Францыі працуе з 1827 года, а ў Іспаніі з 1952.
Такім шляхам ідзе нашая бліжэйшая суседка – Україна, дзе распрацаваная праектная дакументацыя на будаўніцтва завода па вытворчасці цэлюлозы з канопляў магутнасцю 20 тыс. тон цэлюлозы ў год. Гэты праект распрацаваны Украінскай Акадэміяй аграрных навук і не мае аналагаў на сусветным рынку, ён з’яўляецца прыкладам стоадсоткава безадкіднай і экалагічна чыстай вытворчасці. Плануюць пабудаваць яго ў горадзе Глухаве Сумской вобласці. Тэхналагічны працэс характэрызуецца тым, што спажыванне электраэнергіі ў 1,6 разоў ніжэй, чым пры звычайнай вытворчасці, спажыванне вады ў 2 разы меньш і, адпаведна, у 2 разы меньш скідаў. Акрамя таго, пры гэтай тэхналогіі частка адкідаў можа выкарыстоўвацца ў якасці высокаканцэнтраваных ўгнаенняў.
Прапануем кіраўніцтву заводу, канцэрну, ураду, дзяржавы звярнуць увагу на новыя тэхналогіі і перапрафіліраваць ЗБЦ, бо прадукцыя пабудаванага завода ў хуткім часе ў цывілізаваных краінах не будзе карыстацца попытам, таму што не з’яўляецца экалагічна чыстай. Найдаражэйшай у свеце зараз з’яўляецца папера, якая вырабленая з цэлюлозы без выкарыстання серы і хлору.