У Светлагорску ўлады засакрэцілі планы кантролю навакольнага асяроддзя і ўплыву на здароўе насельніцтва смярдзючага завода
Палеская Вясна
28.02.2020
Каардынатарка ініцыятыўнай групы за чыстае паветра ў Светлагорску Алена Маслюкова артымала адказ з райвыканкаму на групавы зварот грамадзянаў гораду аб прадстаўленні ім распрацаванага і зацверджанага «Плана мерапрыемстваў па кантролі за станам навакольнага асяроддзя і яго ўплывам на здароўе насельніцтва, якое пражывае ў зоне ўздзеяння ААТ «СЦКК».
Старшыня Светлагорскага райвыканкаму Дзмітрый Алейнікаў абяцаў чальцам ініцыятыўнай групы, якія выказваюць і бароняць інтарэсы жыхароў горада і прылеглай вёскі Якімава Слабада, што ў справе кантролю якасці навакольнага паветра ўлада будзе працаваць у максімальным кантакце з грамадскасцю і на прынцыпах поўнай адкрытасці. Як вынікае з атрыманага адказу, кіраўнік светлагорскай вертыкалі дзейнічае паводле прынцыпу героя адной савецкай кінаказкі: «Я даў слова, я і назад узяў, я – гаспадар свайго слова!»
3 лютага актывісты атрымалі ліст ад Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у якім санітарныя чыноўнікі з вобласці паведамілі, што 21 студзеня ў Светлагорску адбылася праца абласной камісіі, створанай загадам упраўлення здароўя аблвыканкама, падчас якой быў распрацаваны згаданы план мерапрыемстваў па кантролі. Пазней яго зацвердзіў асабіста Алейнікаў. Менавіта таму, да Алейнікава і звярнуліся неабыякавыя жыхары горада, каб мець магчымасць шчыльна супрацоўнічаць з уладамі, дакладна разумець, што робяць дзяржаўныя органы, на што варта спадзявацца і, магчыма, разлічваць у справе гарантавання чысціні паветра ў зоне ўплыву новазбудаванага завода беленай цэлюлозы.
Але цяпер ужо афіцыйны пуск заводу даў асабіста Лукашэнка. Нікога за тую безгаспадарчасць, што суправаджае лёс ЗБЦ ад самага яго праектавання, не толькі не пасадзіў, як бывала на іншых, нават менш правальных, прадпрыемствах, але нават і не паўшчуваў. Пра тое, ці не смярдзіць у Светлагорску і Якімавай Слабадзе, ён спытаў не светлагорцаў і слабадцоў, а ў старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава, які, канешне ж, адрапартаваў яму, што ўсё файна. Зрэшты, і самі светлагорцы і слабадцы не праявілі чаканай актыўнасці, каб давесці Лукашэнку рэальны стан справаў. Таму, відаць, і Дзмітрый Алейнікаў вырашыў надалей асабліва з экаактывістамі не цырымоніцца. Лагодны настрой Лукашэнкі 14 лютага ён яўна расцаніў як карт-бланш на такія паводзіны.
На запыт на сваё імя ад ініцыятыўнай групы Алейнікаў не стаў адказваць сам. Адказ падпісаў ягоны намеснік, які курыруе сацыяльную палітыку і ідэалогію, Канстанцін Пятроўскі (хаця, ахова навакольнага асяроддзя – у сферы адказнасці іншага намесніка).
Канстанцін ПЯТРОЎСКІ. Фота: svetlogorsk.by
Намеснік-ідэолаг паведаміў, што план мерапрыемстваў па кантролі за станам навакольнага асяроддзя і яго ўплывам на здароўе насельніцтва, не можа быць прадстаўлены, бо (цытата з захаваннем стылістыкі і правапісу арыгіналу) «не ўтрымлівае пытанняў, якія дакранаюцца праў і (або) законных інтарэсаў асоб, якія звярнуліся, і ў дакуменце ўтрымліваюцца звесткі, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы другіх асоб».
Вядома, ж такі план закранае інтарэсы ўсіх жыхароў Светлагорска. Якіх з іх Канстанцін Пятроўскі лічыць «другімі», ён не паведамляе, але чамусьці, калі ў плане ёсць, нешта, што закранае інтарэсы гэтых «другіх», значыць паказваць яго «першым», на думку намесніка старшыні райвыканкама, нельга.
Пры гэтым, апісаную падставу Канстанцін Пятроўскі знайшоў не ў Орхускай канвенцыі, якую ратыфікавала Беларусь, і, згодна з якой, экалагічная інфармацыя мусіць прадстаўляцца грамадскасці без усялякіх абгрунтаванняў, чаму яна грамадскасць цікавіць, і нават не ў законе Беларусі «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», а ў нейкай пастанове Саўміна за 2012 год.
«Мы, жыхары горада, якія рэгулярна патрапляюць пад уздзенне шкодных выкідаў з ЗБЦ, аказваецца, не можам азнаёміцца з планам мерапрыемстваў, бо работнікі выканкама і дзяржава, якую яны прадстаўляюць, лічаць, што нас гэта не тычыцца! Хто даў ім права вызначаць, што нас тычыцца, а што не, калі размова ідзе пра дакумент, які будзе каардынаваць кантроль экалагічнага стану ў нашым горадзе? І на падставе чаго, яны вырашылі, што нас гэта не тычыцца? ЗБЦ закранае інтарэсы, здароўе, умовы жыцця ўсяго насельніцтва горада, Якімавай Слабады і іншых населеных пунктаў, дарэчы, не толькі нашага раёна», – пракаментавала атрыманы адказ Алена Маслюкова.
Дарэчы, варта адзначыць, што праз тэкст адказу выразна адчуваецца, як старанна спадар Пятроўскі імкнуўся прадэманстраваць, адказваючы на беларускамоўны зварот па-беларуску, як таго патрабуе закон, наколькі чужой для яго з’яўляецца наша мова. Ён адмыслова перакруціў словы і цэлыя выразы, што пра сэнс напісанага можна толькі здагадацца. А між тым, закон «Аб дзяржаўнай службе» абавязвае дзяржаўных службоўцаў валодаць абедзвумя дзяржаўнымі мовамі.
«Не аднойчы я ўказвала супрацоўнікам выканкама, што яны не валодаюць беларускай мовай, не адказваюць і не размаўляюць з наведвальнікамі на мове звароту, а значыць з’яўляюцца прафесійна непрыдатнымі. Тады чыноўнікі бяруцца нагадваць пра две дзяржаўнія мовы. Правільна! Вось і карыстайцеся дзвюмя мовамі ў роўнай ступені, каб не даваць непісьменных адказаў, кшталту “…дакументаў, якія дакранаюцца праў…”», – кажа Алена Маслюкова.