Светлагорскія бацькі паведамляюць пра перапоўненую хворымі дзіцячую лякарню, стан якой нагадвае апакаліптычнае кіно

Палеская Вясна 12.12.2019

Жыхары Светлагорска даслалі ў тэлеграм-канал NEXTA фотаздымкі стану дзіцячай лякарні ў Светлагорску, а таксама падзяліліся абмеркаваннем сітуацыі з хваробамі органаў дыхання.

Найперш, звяртае на сябе ўвагу стан медычнай установы – сцены, з якіх аблезла фарба, адпалая тынкоўка звонку, стары малюнак з дзіцячага мультфільма, вакол якога пацвілая ад вільгаці сцяна.

Але самае галоўнае, што маці, якія ляжаць у лякарні, сцвярджаюць, што апошнія гады колькасць хворых дзетак у Светлагорску рэзка павялічылася.

«Я вам скажу, лежачы ў лякарні, што ўся лякарня забітая пнеўманіямі! Усе лекары, медсёстры кажуць, што гэта ў апошні год літаральна стала так. 2-3 гады таму не было такой колькасці. Пару выпадкаў на бокс. А цяпер усе пагалоўна. Якасць паветра ў нашым горадзе – гэта смяротна небяспечная штука. Усе раюць з’язджаць», – піша адна маці ў чаце бацькоў, скрын з якога даслалі блогеру NEXTA.

У Светлагорску ўжо два гады працуе пабудаваны кітайцамі завод беленай цэлюлозы, які выкідае ў паветра горада небяспечны газ метылмеркаптан. Ён цяжэй за паветра, таму канцэнтруецца блізка да зямлі і набольш згубна ўплывае на дзетак.