Райпо перадало работніцу новаму працадаўцу як прыгонную сялянку
Палеская Вясна
17.07.2019
Гомельскі абласны суд адмяніў вызначэнне рэчыцкага раённага суда, якое абмяжоўвала магчымасць разгляду законнасці "аўтаматычнай" перадачы работніцы ад аднаго гандлёвага прадпрыемства іншаму.
Марыя Сівуха (справа) разам з прававым інспектарам прафсаюзу РЭП Леанідам Судаленкам у зале абласнога суда
Ужо амаль восем месяцаў доўжыцца цыкл судовых цяжбаў маладой маці, прадавачкі Марыі Сівуха, якая падпісала тэрміновы працоўны дагавор з Рэчыцкім райпо, але была пераведзеная разам са сваёй крамай у іншае гандлёвае прадпрыемства. Пры гэтым, Марыя не падпісвала працоўнай дамовы з новым наймальнікам, што не перашкодзіла яму выставіць маладой прадавачцы буйную нястачу.
Сітуацыю каментуе прававы інспектар працы прафсаюза РЭП Леанід Судаленка:
- Мы задаволеныя вердыктам абласнога суда. Знятая апошняя перашкода на шляху разгляду справы па сутнасці. Раённы суд двойчы адхіляў нашу скаргу і мы двойчы абскарджвалі гэтыя дзеянні ў абласным судзе. Наша пазіцыя па гэтай справе - калі не было працоўнага дагавора і дагавора аб матэрыяльнай адказнасці, то не можа быць і матэрыяльнай адказнасці, а значыць Марыя Сівуха павінна быць цалкам вызвалена ад выплаты нястачы. І мы будзем адстойваць гэтую пазіцыю і правы нашага члена прафсаюза да канца.
Член Савета прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак таксама пракаментаваў рэзанансную справу:
- Райпо ўпэўнена трымаецца сярод лідэраў у нашым рэйтынгу парушальнікаў працоўных правоў. Мы неаднаразова судзіліся з імі за нашых сябраў прафсаюза, але гэтая справа здзіўляе тым, што чалавека перадалі з балансу аднаго прадпрыемства на іншае, як лядоўню або скрыню кансерваў або проста як прыгонную сялянку. З новым наймальнікам у Марыі Сівуха дэ-юрэ не было працоўных адносін і таму яна нічога яму выплачваць не павiнна.
Гомельская Вясна