Карпаратыўная салідарнасць дзяржавы супраць народу на прыкладзе аднаго заводу ў Светлагорску
Вадзім БОЛБАС
11.06.2019
Пытанне “народ для дзяржавы, ці дзяржава для народа” банальнае, у краінах з дэмакратычным ладам не ставіцца і не дыскутуецца. Вядома ж “дзяржава для людзей”! Але не так у краінах з аўтарытарным ладам, і, на жаль, у нашай Беларусі.
У нас на першым месцы, як сумная спадчына былога СССР, важней за ўсё – інтарэсы дзяржавы. Жывем мы ў карпаратыўнай дзяржаве, дзе ўсе, ці большасць дзяржаўных структур, працуюць на адну мэту, падтрымліваючы адно аднаго, нават у тых выпадках, калі рашэнне, выснова, нейкае дзеянне, не самае правільнае, рацыянальнае, а часцяком і зусім бескарыснае. Ці нават відавочна шкоднае, не адпавядае інтарэсам грамадства, інтарэсам бальшыні супольнасці.
Найбольш яскравы, найчасцей згадваемы прыклад такой карпаратыўнай салідарнасці – гэта салідарнасць міліцыі, следчых органаў, пракуратуры і, як фінальных ўдзельнікаў карпарацыі, судоў. Таму й адсотак апраўдальных выракаў у беларускіх судах мізэрны.
У гэтым артыкуле разглядаецца прыклад карпаратыўнай салідарнасці дзяржаўных структур у змаганні супраць грамадскасці Светлагорскага раёна, што змагаецца за сваё канстытуцыйнае права жыць у спрыяльным навакольным асяроддзі, а канкрэтней – дыхаць чыстым, не забруджаным шкоднымі сераарганічнымі выкідамі, паветрам.
Ад пачатку 2012 года і па цяперашні час жыхары Светлагорска і вёскі Якімава Слабада змагаюцца за такое права. Улады прынялі рашэнне пабудаваць на базе Светлагорскага цэлюлёзна – кардоннага камбіната (СЦКК) завод беленай цэлюлёзы (ЗБЦ). Завод гэты па перадпраектым рашэнні павінен працаваць па тэхналогіі сульфатнай варкі, з адбельваннем дыасксідам хлора. Гэты метад варкі непазбежна прыводзіць да ўтварэння, і, як следства, магчымага выкіду ў атмасферу сераарганічнага рэчыва 2-га класа шкоднасці – метантыёлу (метылмеркаптану).
На грамадскіх слуханнях па абмеркаванню ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) плануемага да будаўніцтва ЗБЦ уваход у залю, дзе праходзілі слуханні быў вольны, кожны жадаючы меў магчымасць выказаць сваё меркаванне. Болей як 95 адсоткаў удзельнікаў выказалася супраць гэтага будаўніцтва ў Светлагорску.
Людзі, дастаткова абазнаныя у пытаннях хімічнай вытворчасці, тут жа стварылі групу процідзеяння гэтаму будаўніцтву. Калі актывісты звярнуліся да кіраўніцтва Светлагорскага раёна са сваімі прапановамі, ім было адказана, што пратакол праведзенях слуханняў адсутнічае, таму гэтыя грамадскія слуханні не “рэлевантныя”. І былі прызначаныя другія слуханні.
Да другіх слуханняў у сціслы тэрмін ініцыятыўнай групай былі сабраныя болей за 10 тысячаў подпісаў паўнагадовых жыхароў горада Светлагорска і раёна супраць будаўніцтва ЗБЦ. Арыгіналы подпісаў дасланыя ў Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі, копіі ў Савет Міністраў і ў амбасаду КНР. З Саўміна подпісы былі перасланыя кіраўніцтву канцэрна “Беллеспаперапрам”. Фактычна скарга перанакіраваная таму, на каго людзі скардзіліся!
Пры арганізацыі другіх слуханняў дзяржструктуры “не схібілі”! Зала задоўга да абвешчанага пачатку слуханняў была запоўнена чынавенствам розных узроўняў, кіраўніцтвам і супрацоўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, ідэялагічнымі актывістамі. Дайшло да таго, што каля паўсотні жыхароў Якімавай Слабады, наагул, не былі дапушчаныя ў залю міліцыяй. Маўляў, няма вольных месцаў.
На гэты раз выступалі толькі кіраўнікі СЦКК, прадстаўнікі галіновай навукі, санітарных службаў, кіраўніцтва раёна. Нікому з прысутных грамадзянаў слова не далі. Усе выступоўцы ў адзін голас вялі хваласпеў плануемаму да будаўніцтва заводу, распісвалі ўсе выгоды, якія атрымае ад гэтага горад і раён. Абяцалі, што экалогія рэгіёна не пацерпіць, праектам прадугледжана поўнае спальванне кепскапахнучых (невыносна смярдзючых) газаў на спецыяльным абсталяванні. Прысутным зацікаўленым грамадзянам прапанавалі пытанні задаваць у пісьмовай форме ў прэзідыум. На ўсе пытанні адказы будуць дадзеныя таксама пісьмовыя. Пытанні людзі перадавалі.
Аўтар гэтага допісу таксама задаў некалькі пісьмовых пытанняў. Адказы атрымаў пісьмова – гэта былі расплывістыя, неканкрэтныя адпіскі.
Ініцыятыўная група арганізавала, згодна з беларускім заканадаўствам, грамадскую экалагічную экспертызу (ГЭЭ) АУНА. Заключэнне гэтай экспертызы з болей чым 30-цю заўвагамі было разасланае ва ўсе ўстановы згодна з зацверджаным пералікам. Аднак у заключэнні Дзяржаўнай экалагічнай экспертызы пра заключэнне ГЭЭ няма нават згадкі.
Завод, нарэшце, пабудавалі кітайскія спецыялісты і рабочыя. Пробныя пускі замест 2015 года пачаліся ў лістападзе 2017-га. І адразу смурод метантыёлу накрыў і Якімаву Слабаду, і Светлагорск. Да гэтага часу і Якімаву Слабаду, і Светлагорск сістэматычна накрывае хваля невыноснага смуроду метантыёлу. Жыхары ўсё часцей пачалі звяртацца ў медычныя ўстановы са скаргамі на падвышэнне ціску, галавакружэнні, ваніты, пяршэнні ў горле, галаўныя болі, агульную слабасць, кашаль. Некалькі чалавек з-за сардэчных прыступаў былі шпіталізаваныя.
На ўсе скаргі людзей ідуць абяцанкі-цацанкі: “Вось выйдзе завод на поўную праектную магутнасць, тады й перастане выкідвацца метантыёл”. Гэта пішуць ужо год і сем месяцаў з нядоўгімі перапынкамі кіраўніцтва ЗБЦ, канцэрна і галіновай навукі Амаль два гады, як распрацоўваюцца, і ніяк не распрацуюцца методыкі аналізаў тыёлаў у атмасферы.
Найбольш здіўляе рэакцыя на звароты людзей кантралюючых органаў! Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гомельскі абласны камітэт, Мінпрыроды з пастаянствам, вартым лепшага прымянення, пералічваюць канцэнтрацыі выкідаў у атмасферу газаў, якія не маюць дачынення да ЗБЦ. Метантыёл не згадваецца. З жалем і скрухаю даводзіцца пісаць такое пра аўтарытэтную ў былым установу.
Кіраўніцтва і абласной і раённай санітарных службаў пераконвае людзей у бясшкоднасці метантыёла ў нізкіх канцэнтрацыях, хаця даследванні расійскіх навукоўцаў выявілі адваротнае.
Падкантрольныя ўладам СМІ “апяваюць” вартасці ЗБЦ, пішуць пра тую ж “бясшкоднасць” метантыёлу. І ў чым толькі не абвінавачваюць ініцыятыўных, неабыякавых грамадзянаў, маўляў і непісьпенныя яны, і дзейнасць групы – толькі самапіяр, і нават кіруюцца гэтыя асобы з-за “бугра”. Раённая газета дапісалася, нават, да таго, што змясціла ў сваёй публікацыі норму дапушчальнай канцэнтрацыі метантыёлу ў жылой зоне у 1000 (тысячу) разоў вышэй за ўстаноўленую Мінздароўем Беларусі. Абвергнуць у газеце гэтую мэтанакіраваную хлусню рэдактарка катэгарычна адмовілася.
Такая ж пазіцыя ў адносінах ЗБЦ і прэсслужбы “Белляспаперапраму”, але гэта цалкам зразумела. Таму й дах над цэхам не абрынуўся, а “ідзе замена панэляў” толькі што пабудаванага завода, і ў раку скідваецца вада ад расталага пры 11-градусным марозе снегу, і заліты пенай і глеем двор завода – “штатная сітуацыя”.
Гэта ўсё адрыжка старой савецкай сістэмы, усё кепскае і адмоўнае хаваць; так званы феномен “БИ” (благополучная информация). Толькі тады непажаданую інфармацыю чыноўнікі ніжэйшых звенняў хавалі ад самага высокага начальства. А цяпер кіраўнікі СЦКК, “Белляспаперапрама”, “Белнацэкалогіі”, раёну, пры дапамозе сваіх “кішэнных” СМІ хаваюць ад народа. Мо з дазволу, ці на загад таго самага высокага начальства?
Неабходна асобна спыніцца і на праекце санітарна-ахоўнай зоны для ЗБЦ, распрацаванай фірмай “Белнацэкалогія”. Мяжа зоны для ўсіх выкідаў у атмасферу нейкім дзіўным чынам абыходзіць частку жылых пабудоваў Якімавай Слабады. Замест нармальнага эліпса рассейвання там, дзе жывуць людзі, ў карце зоны прастакутныя выразы. Гэта ж як выкіды аблятаюць жыллё людзей?! Ці нейкія таемныя, нябачныя воку, вентылятары там усталяваныя? Ці, па Высоцкаму, СЦКК заключыў дамову з героем “детского детектива” старыком Хатабычам? Гэта мала рэальна, хутчэй за ўсё распрацоўшчыкам САЗ або загадалі так “распрацаваць” з вельмі высокага кабінета, альбо спрацавала старое правіла - “музыку замаўляе той, хто плоціць”.
Такая вось “карпаратыўная” салідарнасць кантралюючых органаў, навуковых установаў з падкантрольным ім прадпрыемствам.
А па добраму і прыродаахоўныя органы, і ўстановы аховы здароўя павінны б быць у адной “карпарацыі” з людзьмі, што жывуць пад шкоднымі выкідамі, з ініцыятыўнымі групамі, з народам!
Але, нажаль, такая у нас дзяржава! Не для народа, а супраць народа!
Вадзім БОЛБАС - жыхар Светлагорска, хімік-тэхнолаг, працаваў інжынерам на Светлагорскім аб'яднанні "Хімвалакно", у Светлагорскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паэт, перакладнік.