Забароненых для пікетавання месцаў паменела
Андрусь ГАЁВЫ
29.08.2019
Улады палескіх раёнаў Гомельшчыны вызначыліся з месцамі, дзе забаронена ставіць пікеты для збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты парламента.
Калі Калінкавіцкі райвыканкам вырашыў не адкладаць на апошні дзень прыняцце рашэння аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прыняўшы такое рашэнне яшчэ 23 жніўня, дык выканаўчыя ўлады Рэчыцы, Мазыра, Светлагорска, Акцябрскага ды некаторых іншых раёнаў Гомельшчыны паспелі ўскочыць у апошні вагон і прынялі такія рашэнні ў апошні магчымы дзень – 26 жніўня.
Варта адзначыць, што паўсюдна назіраецца скарачэнне пераліку месцаў, дзе забаронена ставіць пікеты для збору подпісаў за кандыдатаў, у параўнанні з парламенскімі выбарамі 2016 года. Напрыклад, тры гады таму ў Калінкавічах баяліся паўтарэння сцэнару бальшавіцкага перавароту 1917 года ў Петраградзе, таму найболей бераглі ад пікетоўцаў будынкі пошты, тэлеграфу, тэлефону – ні ў якім разе зборшчыкам подпісаў са сваімі пікетамі нельга было набліжацца менш як на 50 метраў да раённых вузлоў паштовай і электрасувязі. Цяпер – "жэстачайшая лібералізацыя" і каля пошты і перагаворнага пункта ў Калінкавічах подпісы збіраць можна.
А вось у Рэчыцы ў 2016-м уладам не давала спакою магчымасць уплыву інфармацыі на пікетах на свядомасць супрацоўнікаў мясцовага тэлебачання (што цікава, за раённую газету яны так не хваляваліся, магчыма таму, што ейны галоўны рэдактар Ігар Сяргееў быў намеснікам старшыні акруговай выбарчай камісіі і абы-што друкаваць бы не стаў), таму яны забаранялі набліжацца да будынку тэлерадыёкампаніі «Телевид» з пікетамі аж на цэлыя 100 метраў. Сёлета альбо рэчыцкія тэлевізійшчыкі сталі больш устойлівымі ў сваіх праўладных перакананнях, альбо зверху атрыманыя адпаведныя распараджэнні, якіх чакалі да апошняга, чаму і зацягнулі з прыняццем рашэння, але побач з «Телевидам» цяпер можна смела паставіць пікет і збіраць подпісы за любога кандыдата хоць у саміх мясцовых тэлежурналістаў.
Будынак тэлерадыёкампаніі «Телевид» у Рэчыцы
Яшчэ больш дбалі пра ідэалагічную цнатлівасць телевізійшчыкаў і радыйшчыкаў улады Мазыра. Там раней не падпускалі зборшчыкаў подпісаў з пікетамі да будынкаў мясцовага тэлеканала «Мозырь» і прыватнага прадпрыемства «Редакция радиопрограммы «Нелли-Инфо», а таксама вышак з антэнамі – радыётэлевізійных і радыйных перадаючых станцыяў бліжэй аж за 200 метраў. Цяпер, калі ласка – можна стаяць побач з мазырскім тэлебачаннем і радыё і займацца такой крамолай, як збор подпісаў нават за непрызначаных уладай кандыдатаў у дэпутаты.
Практычна паўсюдна ўлады нарэшце ўцямілі, што зборшчыкі подпісаў дыверсіі на аб’ектах вода-, цепла- і энергазабеспячэння здзяйсняць не збіраліся таму дазволілі ставіць пікеты для збору подпісаў за таго ці іншага кандыдата нават бліжэй за 50 метраў ад такіх прадпрыемстваў. Не баяцца ўжо ўлады практычна ўсіх раёнаў і за тое, што падчас збору подпісаў за кандыдатаў могуць пацярпець ад дэмакратычнага ўплыву старшыні і супрацоўнікі сельскіх выканаўчых камітэтаў. Раней да іх таксама нельга было падыходзіць зборшчыкам подпісаў бліжэй за 50 метраў. Цяпер гэтая забарона знятая.
Цікавую асаблівасць сёлетняга рашэння Мазырскага райвыканкама адзначае тамтэйшы праваабаронца Уладзімір Целяпун. Там кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў, да будынкаў якіх нельга было набліжацца з пікетамі па зборы подпісаў, цяпер вызвалілі ад адказнасці за выкананне гэтага рашэння. Раней, які-небудзь дырэктар школы мусіў сачыць, ці не паставіў нехта пікет на 49-м метры ад будынка храму навукі. Цяпер жа гэтую пачэсную місію пакінулі толькі заўсёднаму адказнаму за розную ідэалагічна-палітычную кухню Мазырскага раёна, намесніку старшыні райвыканкама, які курыруе ідэалогію і сацыяльную сферу, Феліксу Галюку і кіраўніку мясцовага РАУС.
У выніку ў большасці раённых цэнтраў вобласці на сёлетніх выбарах размяшчаць пікеты па зборы подпісаў нельга бліжэй 50 метраў ад будынкаў райвыканкамаў, міліцыі, судоў, пракуратураў, установаў адукацыі, чыгуначных і аўтобусных станцыяў і бліжэй за 100 метраў ад будынкаў установаў аховы здароўя. У Светлагорску ўлады практычна цалкам закрылі для пікетаў па зборы подпісаў за кандыдатаў мясцовую Цэнтральную плошчу, абвясціўшы забароненымі ўсе будынкі вакол яе. Таму, улічваючы сітуацыю з тамтэйшым смярдзючым заводам, на плошчы светлагорцам застаецца толькі карміць галубоў. Гэта пакуль не забаронена.
Светлагорск, Цэнтральная плошча. Фота onliner.by