У Светлагорску запалохваюць бацькоў, якія хочуць звярнуцца ў Мінздароўя па абарону дзетак ад газаў завода беленай цэлюлозы
Андрусь ГАЁВЫ
29.05.2019
Непакой светлагорскіх бацькоў за сваіх дзетак, якія мусяць дыхаць шкоднымі злучэннямі ад выкідаў завода, выліўся ў зварот да Міністэрства здароўя Беларусі. Але пра намер звярнуцца ў ведамства даведаліся мясцовыя ўлады.
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы. Фота: svaboda.org
Такія газы, як меркаптаны, якія прысутнічаюць у выкідах ЗБЦ, цяжэйшыя за паветра ў 1,6 раза. І таму нават невялікія канцэнтрацыі іх у паветры асядаюць бліжэй да зямлі. Таму найгорш уплываюць менавіта на дзетак, на вышыні росту якіх іх найболей. Гэта выклікае галаўны боль, слёзацёк, ваніты, скачкі ціску, носавыя крывацёкі, розныя алергічныя праявы. Менавіта з гэтымі сімптомамі апошнім часам звяртаюцца дзеці да медыкаў у Светлагорску.
Доўгі час праблема абмяркоўвалася ў суполцы бацькоў у сацыяльнай сетцы. Але дзяржаўная абыякавасць і відавочнае пагаршэнне стану перапоўнілі кубак цярпення бацькоў і яны ўсё ж, рашыліся на тое, каб звярнуцца да ведамства, якое паводле ўсіх законаў мусіць найперш клапаціцца пра здароўе людзей.
Ад Мінздароўя светлагорцы патрабуюць паспрыяць спыненню працы завода беленай цэлюлозы да таго часу, пакуль там не будуць выпраўленыя ўсе непаладкі, паведаміць, якія захады прадпрымае ведамства, каб выключыць шкодны ўплыў выкідаў на здароўе насельніцтва. Таксама бацькі патрабуюць забараніць у Светлагорску шпацыр дзяцей на адкрытым паветры ў дашкольных і школьных установах, калі адчуваюцца пахі ад выкідаў заводу.
Тэкст звароту распаўсюдзілі ў суполцы, хутка знайшліся ахвочыя збіраць подпісы. За некалькі дзён пад зваротам атрымалася сабраць больш за 100 подпісаў. Але 27 траўня пачалося чаканае, але неспадзяванае. Некаторыя бацькі пачалі пісаць зборшчыкам подпісаў, каб іхні подпіс прыбралі. Іншыя кажуць, што падтрымліваюць зварот, але толькі ананімна.
Суполка, дзе ішло абмеркаванне і стварэнне звароту, адкрытая. Таму пра збор подпісаў хутка даведаліся і чыноўнікі ўладнай вертыкалі. Работнікаў дзяржаўных і бюджэтных прадпрыемстваў пачалі збіраць ў папярэджваць, што, калі іхні подпіс з’явіцца пад зваротам у Мінздароўя, яны будуць мець праблемы на працы аж да звальнення. Пра гэта людзі сталі паведамляць у асабістыя допісы тым, хто збірае подпісы.
Зараз актывісты збору подпісаў вырашаюць як быць з падпіснымі аркушамі, дзе стаяць некалькі подпісаў, асобныя з якіх іх аўтары просяць прыбраць.
Светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова не хавае свайго абурэння ціскам на людзей праз працоўны шантаж.
«Звяртаючыся ў дзяржаўныя органы, у гэтым выпадку ў Міністэрства здароўя, людзі нічога не парушаюць, а спрабуюць абараніць здароўе сваіх дзетак. Права звяртацца ў любыя дзяржорганы з любымі пытаннямі дае любому грамадзяніну краіны артыкул 40 Канстытуцыі. Тут відавочнае парушэнне з боку ўладнай вертыкалі і кіраўнікоў арганізацыяў і прадпрыемстваў, якія запалохваюць сваіх супрацоўнікаў, штурхаючы іх да адмовы ад карыстання сваім правам. І я раю работнікам такіх арганізацыяў збіраць доказы – відэа- ці хаця б аўдыёзапісы такіх сходаў, ды звяртацца ў пракуратуру, каб прыцягнуць такіх кіраўнікоў да адказнасці. Трэба, каб людзі зразумелі патрэбу ў змене акцэнту: не мы для іх, а яны для нас!»,
– каментуе сітуацыю Алена Маслюкова.
Што пераможа ў свядомасці светлагорскіх бацькоў – страх перад чынавенскай уседазволенасцю альбо клопат пра ўласных дзетак, пакажа час. Пакуль жа ў горадзе на Бярэзіне спрабуюць знайсці выйсце, каб сабраныя подпісы не сталі марнымі.