Хворая на анкалогію перасяленка з Брагінскага раёну: Без дапамогі бацькоў выжыць немагчыма
Ларыса ШЧЫРАКОВА
03.05.2019
33 гады мінулі з адной з самых страшных тэхнагенных катастрофаў – выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Дагэтуль Беларусь і беларусы адчуваюць на сабе наступствы забруджвання тэрыторыі радыёнуклідамі: вырасла захворваемасць і смяротнасць. Нягледзячы на гэта, людзі, якія пацярпелі ад выбуху на АЭС, не адчуваюць на сабе клопат дзяржавы і фактычна кінутыя сам насам са сваймі праблемамі.
38 – гадовай гамяльчанцы Марыі Варанец чатыры гады таму лекары паставілі дыягназ - анкалогія. Медыкі вырашылі не рабіць аперацыю, а лекаваць медыкаментамі. Праз паўтары гады апынулася, што рак даў метастазы і спатрэбілася новае лекаванне. Агулам, ужо чатыры гады гамяльчанка, якая мае толькі пенсію па інваліднасці, спрабуе звесці канцы з канцамі і даць рады хваробе. Частку неабходных лекаў яна атрымлівае бясплатна, але пасля даволі агрэсіўнай тэрапіі арганізм трэба аднаўляць, піць дарагія вітаміны ды біялагічна актыўныя дабаўкі. На гэта ў Марыі сыходзіць амаль уся яе пенсія, а інакш арганізм перастане змагацца з хваробай.
Марыя Варанец мяркуе, што радыяцыя ў першую чаргу паспрыяла развіццю хваробы. Сям’я Варанцоў – чарнобыльскія перасяленцы з вёскі Астрагляды Брагінскага раёну. На момант аварыі Марыі было 5 гадоў. Як узгадвае бацька Марыі Адам Варанец цэлы тыдзень пасля аварыі ўлады хавалі праўду ад насельніцтва і падвяргалі людзей небяспецы апраменьвання.
“Напрыканцы красавіка 1986 года стаяла вельмі спякотнае надвор’е, - распавядае сп. Адам. - У доме не было гарачай вады, мы назбіралі дажджавой вады і мылі ёй малых дзяцей, яны бегалі па калюгах. Мы ж не ведалі, што гэтага нельга было рабіць, ад нас жа праўду камуністы хавалі”.
Пасля перасялення ў в. Вуць Добрушскага раёну, Марыя Варанец аздараўлялася, яе разам з іншымі дзецьмі рэгулярна абследавалі лекары, але пасля школы клопат пра здароўе з боку дзяржавы скончыўся.
“Як у Гомель перасялілася, ужо ніхто мяне не абследваў, - узгадвае Марыя. – Яшчэ на пачатку я магла трапіць у радыёлагічны цэнтр. А цяпер мне туды трапіць вельмі цяжка, нягледзячы на тое, што я перасяленка. Калі мне патрэбны нейкі лекар, мне не хочуць нават даваць туды накіраванне”.
Калі Марыя Варанец атрымлівала сваю групу інваліднасці, яна спрабавала дамагчыся каб лекары звязалі яе хваробу з радыяцыяй, што дало б ёй шэраг ільготаў і пенсію ў памеры 500 – 600 рублёў, але беспаспяхова, яе від раку не ўваходзіць у спіс хваробаў, якія закон дазваляе звязваць з радыяцыяй.
“У мяне пенсія па інваліднасці 216 рублёў, муж беспрацоўны, - наракае Марыя Варанец. – Уся пенсія ідзе на лекі ды рэабілітацыю, а за што купляць прадукты, плаціць камуналку, гадаваць дачку? Калі няма бацькоўскай падтрымкі, добрага заробку ў мужа, немагчыма выжыць. У мяне ільгота на лекі, я плачу 10 % ад кошту, але лекаў трэба піць багата і ўсё роўна выходзіць 30 – 40 рублёў толькі на лекі, не кажучы пра вітаміны і БАДы. Дык у мяне хоць ільгота, а калі хварэе дзіця – меньш як за 50 рублёў не атрымліваецца яе вылячыць. Дзяржава неяк павінна рэагаваць на такую сітуацыю, магчыма зрабіць лекі не такімі дарагімі, ці наогул бясплатнымі, бо хварэючым людзям дужа важка, даводзіцца нават на леках эканоміць. Абмежавана колькасць лекаў, якія даюць па ільгоце, а іншыя добрыя, якія дапамагаюць, не прадаюць па ільгоце. І вельмі патрэбна санаторнае аздараўленне, але ж за поўны кошт я на групе не магу сабе гэта дазволіць”.
Марыя Варанец наракае, што яе 8 – гадовая дачка Сафія ўжо таксама мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.
“У дачкі маёй праблемы са шчытападобнай залозай, - кажа Марыя Варанец. – Яна, дарэчы, з нараджэння ў мяне хваравітая дзяўчына. Ужо ёй выдалілі адэноіды. У яе быў пастаянны кашаль, нас па знаёмству паклалі ў радыёлагічны цэнтр, знайшлі хваробу, якая блакуе імунную сістэму. У звычайнай паліклініцы не робяць такіх аналізаў, каб дыягнаставаць гэту хваробу. У яе баляць ногі, раніцою ўстаць не можа, пакуль не расходзіцца - баляць. Таксама ў яе скалеоз, плоскаступнёвасць і стаў падаць зрок. Стасоўна ног, касцей я звязваю гэта дакладна з радыяцыяй, бо на сабе гэта адчувала. Яшчэ са школы ў мяне пачала балець спіна. У дачкі таксама баліць спіна, часта плача, просіць ёй зрабіць масажык".
Марыя Варанец і яе дачка Сафія
У Беларусі не вядуцца навуковыя даследаванні, што да ўплыву радыяцыі на арганізм чалавека. Але незалежныя эксперты цвердзяць, што менавіта радыяцыя - галоўная прычына росту хвароб і смяротнасці ў Беларусі.
“Канешне ў хваробы няма надпісу, адкуль яна ўзялася, - каментуе прафесар медыцыны Юрый Бандажэўскі, - але мы ведаем, што радыёнукліды, трапляюць з прадуктамі харчавання ў арганізм чалавека, выклікаюць, з аднаго боку, паталагічныя з’явы, а з другога - правакуюць паталагічныя працэсы, якія ўжо вызначаны дэфектамі генома. Радыёнукліды цэзію, напрыклад, валодаюць такімі ўласцівасцямі – падрываючы энергетычную сістэму жыццёва важных органаў, парушаючы рэгуляторныя працэсы ў арганізме, яны выклікаюць цяжкія паталагічныя з’явы. Анкапаталогія ў Беларусі на фоне ўплыву радыёнуклідаў павялічваецца з году ў год. Асабліва небяспечна радыяцыя для растучых арганізмаў дзяцей, бо дзіцячы арганізм інтэнсіўна інкарпарыруе радыёнукліды цэзію, сардэчна – сасудзістая сістэма падвержана ўплыву гэтых радыёнуклідаў, і ў выніку - мы маем сур’ёзныя паталагічныя станы, якія пры пераходзе ў дарослы стан трансфармуюцца ў вельмі цяжкія паталагічныя працэсы. Не выпадкова мы маем такую высокую смяротнасць у раёнах, якія пацярпелі ад выбуху, не выпадкова мы маем вялізарную захворваемасць і смяротнасць сярод людзей маладога веку”.
Юрый Бандажэўскі
Навуковец лічыць, што з боку дзяржавы павінна быць вельмі ашчаднае стаўленне да насельніцтва. Трэба вялікую ўвагу надаваць кантролю здароўя людзей, пачынаючы з прадуктаў харчавання, ў якіх не павінна быць наогул радыяцыі, а самі прадукты павінны быць з улікам істотна змененага абмену рэчываў.
“Трэба каб дзяржава прыняла шэраг мераў, якія б баранілі здароўе людзей. Патрэбна зрабіць больш жорсткімі нормы ўтрымання радыянуклідаў у прадуктах харчавання, - лічыць Юрый Бандажэўскі. - Я перакананы, што ў прадуктах харчавання радыяцыі не павінна быць наогул. Цяпер жа заканадаўства дапускае яе ў прадуктах. Але “дзякуючы” гэтаму насельніцтва працягвае атрымліваць даволі высокія дозы радыяцыі. Павінна быць якаснае медычнае забеспячэнне. На жаль, няма акцэнту на радыяцыйную паталогію. Хваробы звязваюць з чым заўгодна, толькі не з радыяцыяй. Мой пункт гледжання, заснаваны на навуковых даследаваннях, што радыёнукліды – асноўны фактар узнікнення паталогій, якія мы зараз назіраем”.
У краіне фактычна адсутнічае антырадыяцыйная прапаганда, увага людзей не завострана на пытаннях радыяцыйнай бяспекі. Стасоўна ўплыву радыяцыі на арганізм, у Беларусі амаль не вядуцца навуковыя даследаванні. Афіцыйная прапаганда заспакойвае людзей, заклікае жыць і не баяцца радыяцыі, негатыўныя наступствы якой, нібыта, ужо пераадолелі. А ў гэты час радыяцыя збірае новыя і новыя ўраджаі захворваемасці і смяротнасці.
Гомельская Вясна