33 гады - Чарнобыльскага генацыда, 25 год – аўтарытарнай дыктатуры. Як у 1990-я Чарнобыльскі шлях праходзіў нават у Маскве
Стах МАЗЫРСКІ
26.04.2019
Сваімі ўспамінамі пра тое, як на сконе савецкай дзяржавы давялося дамагацца ад саюзных і мінскіх уладаў праўды пра Чарнобыльскую аварыю і абароны ад шалёнага «мірнага атама» дзеліцца праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун:
1990 год мне запоўніўся арганізацыяй і ўдзелам у «Маршы «За выжыванне».
Гэты Марш у абарону жыхароў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, быў арганізаваны 6-8 ліпеня 1990 года з ініцыятывы стачкама і грамадскага руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» г. Гомеля і падтрыманны дэмакратычнымі мясцовымі дэпутатамі. Да Маршу далучыліся і жыхары пацярпелых раёнаў Магілёўшчыны і Браншчыны – ўсяго каля 300 чалавек.
Тады частка прадстаўнікоў улады і апазіцыі, прафсаюзаў, дэпутаты, мнагадзетныя маці і пенсіянеры, не зважаючы на раз’яднанасць у поглядах і перакананнях аб’ядналіся, каб данесці свой боль за лёс сваіх дзяцей спачатку да сцен Крамля, а ў кастрычніку і да Мінска, да ўсёй міжнароднай супольнасці.
Красная плошча ці не ўпершыню заззяла пад палотнішчамі бел-чырвона-белых беларускіх нацыянальных сцягоў.
7 ліпеня ў Свярдлоўскай залі з намі сустрэўся Мікалай Рыжкоў (Старшыня Савета Міністраў СССР). Сцены Крамля, мабыць, ніколі ня чулі столькі болю, колькі было яго ў словах выступаўшых, якія амаль аднагалосна патрабавалі адстаўкі беларускага ўраду. Пра гэта сведчылі і слёзы маскоўскіх стэнаграфістак. Разам з намі быў Алесь Адамовіч.
Менавіта пасьля гэтага Маршу ўвесь свет даведаўся пра наша агульнае гора і людзі Добрай Волі прыйшлі нам на дапамогу. Пацярпелае насельніцтва не атрымала належнай кампенсацыі, хаця ў першыя гады дзяржава выдзяляла невялікую грашовую дапамогу («грабавыя» – такую назву далі людзі гэтым грашам), пастаўляла чыстыя прадукты харчавання, аказвала тэхнічную дапамогу ў вытворчасці адносна чыстых прадуктаў.
У 1991 годзе Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь быў прыняты закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы», які прадугледжваў неабходныя ільготы ды кампенсацыі людзям. Гэта разам з сістэмай радыяцыйнага кантролю і сістэмай аховы здароў'я, дзяржаўнымі праграмамі ліквідацыі выкікаў Чарнобыльскай катастрофы, дазваляла пазбегнуць сур'ёзных медыцынскіх наступстваў. Аднак праіснаваў Закон толькі 4 гады. Першы прэзідэнт Беларусі сваімі указамі №№ 349, 350 ад 1 верасня 1995 года пазбавіў жыхароў пацярпелых раёнаў і ліквідатараў-чарнобыльцаў, практычна ўсіх ільгот і кампенсацый. Не дапамагло рашэнне Канстытуцыйнага суда аб неадпаведнасці іх Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь. Кіруючыся гэтымі антыдзяржаўнымі актамі, міністэрствы і ведамствы сталі самавольна ліквідаваць рэшткі закона. У рэшце рэшт і сама назва «ліквідатар» у новым законе была ліквідавана і заменена на «пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС».
Пра Чарнобыль нельга забыць. Ён – побач з намі ўжо больш за 30 год. І невядома калі перастане балець гэтая, пакуль яшчэ незагойная, рана. Але грамадства ўсё яшчэ паралізаванае страхам і апатыяй. Чвэрць стагоддзя аўтарытарнай дыктатуры вядзе свой разбуральны духоўны рэй. Супраціў рэдка пакідае сьцены кухняў. І гэта ў той сытуацыі, калі дзяржаўная палітыка ў справе ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы пагражае здароўю кожнага з нас! У выніку толькі жменька актывістаў з году ў год спрабуе працягнуць увагу грамадства і міжнароднай супольнасці да чарнобыльскай праблематыкі. Іншыя ціха маўчаць, спадзяюцца пераседзець, перахітрыць, перажыць… Але рэчаіснасьць зноў і зноў падводзіць іх да думкі, што выхад ёсьць толькі адзін: барані сябе сам!
Аднак, каб эфектыўна абараняць сябе, жыць годна, трэба спачатку змяніць сістэму гэтай улады. Калі ўлада не лічыцца з народам, хавае ад яго праўду, закрывае вочы на тое, што па ўсёй краіне «распаўзаюцца» забруджаныя прадукты харчавання, народ павінен прымусіць уладу паважаць сябе.
Як будзем жыць далей, Беларусь?