Праўду пра Чарнобыль шукалі журналісты ў Гомелі

Андрусь ГАЁВЫ, фота Юлія СІВЕЦ 23.04.2019

Канферэнцыя, арганізаваная Гомельскай філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў, закранула тэмы, пра якія не піша афіцыйная прэса.

Каля трох дзясяткаў удзельнікаў сабраліся на канферэнцыю ў Гомелі, дзе абмяркоўваліся праблемы з доступам да інфармацыі пра наступствы чарнобыльскай катастрофы.

«Дзяржаўныя СМІ штогод рапартуюць пра тое, як удала і паспяхова аднаўляюцца засыпаныя чарнобыльскім попелам раёны, а незалежных журналістаў, якія спрабуюць рабіць матэрыялы з забруджаных радыяцыяй вёсак, прыцягваюць да адказнасці. Мне самому давялося атрымаць пракурорскае папярэджанне менавіта за падрыхтоўку матэрыяла да 30-годдзя аварыі. Які ж сёння рэальны стан гэтых раёнаў, як і што могуць пісаць журналісты на тэму Чарнобыля, мы паспрабуем разабрацца на гэтай канферэнцыі»,

– адзначыў, адкрываючы імпрэзу, старшыня Гомельскай філіі БАЖ Мікола Бянько.

Адам Варанец у ноч аварыі жыў у вёсцы Астрагляды Брагінскага раёна, дзе працаваў настаўнікам у школе. Да чарнобыльскіх рэактараў наўпрост – 40 кіаметраў.

«Спярша я не паверыў чуткам, што на атамнай электрастанцыі нешта здарылася. Яна ж мае столькі ступненяў абароны, тэлебачанне маўчыць. Было цудоўнае веснавое надвор’е, мы выганялі дзетак на вуліцу, каб дыхалі цёплым паветрам. А ўвечары яшчэ і пакупалі ў дажджавой вадзе, сабранай са страхі. І толькі, калі ўсюды пачалі сноўдаць вайскоўцы, нібыта вайна пачалася, мы зразумелі, што нешта не так. Я схапіў сваіх сына і дачку і павёз іх да цешчы на Гродзеншчыну. Але і яна не паверыла – ніхто нідзе не паведамляў нічога. І толькі, калі мы ў Гродне праверылі ў малых радыяцыю, нам з шурынам давялося выкінуць гомельскае адзенне і купіць дзецям усё новае – дазіметры зашкальвалі»,

– узгадвае ліквідатар.

Адам Варанец

Іншых дзяцей са школы вывезлі пазней, на летніх канікулах аж на 30 кіламетраў. А настаўнікі займаліся дэзактывацыяй мясцовасці. Ім казалі, што, калі зняць верхні пласт зямлі, калі памыць дахі хатаў, то можна будзе і далей жыць. І толькі ў канцы лета абвясцілі пра адсяленне. Вывезлі ў Добрушскі раён.

«Я не люблю камуністычную ўладу за тое, што яна заўжды хавала праўду. Мы тады часта праводзілі трэніроўкі як адзяваць працівагазы і хавацца ад амерыканкіх ядравых бомбаў, якія нібыта нам заўжды пагражалі, а калі нас накрыў «мірны атам» - ніхто нічога не сказаў і ніхто нікуды не схаваўся»,

– адзначыў Адам Варанец.

Гэтую ж тэму працягнуў і былы дэпутат Вярхоўнага Савету XIII склікання Віктар Хоміч. У першыя дні пасля выбуху, калі з Гомельшчыны ўцякалі падалей самыя розныя начальнікі, ён як адзін з нешматлікіх адмыслоўцаў-радыёбіёлагаў, прыехаў у Гомель, каб арганізоўваць супрацьстаянне радыяцыі.

«Калі немцы напалі на СССР, Сталін маўчаў два тыдні. Калі выбухнуў Чарнобыль – Гарбачоў маўчаў тры тыдні. Нашу краіну па перыметры акаляюць пяць атамных электрастанцыяў. Амаль збудавалі сваю. Але сёння няма аніводнага дакумента, ані нейкай памяткі, што рабіць, калі здарыцца нешта падобнае. А між тым, калі б у 1986-м у першы тыдзень вывезлі жыхароў з прылеглай зоны, калі б адразу пачалі даваць людзям прэпараты ёду – ахвяраў магло быць значна меней. І сёння мы і сапраўды забыліся б пра наступствы катастрофы»,

– адзначыў навуковец.

Віктар Хоміч

Ён звярнуў увагу на тое, што цяпер найбольшую ролю адыгрывае псіхалагічны чыннік чарнобыльскай катастрофы. Пацярпелыя раёны – у ліку самых дэпрэсіўных у краіне. За 22 гады туды выдаткавана ў дзесяць разоў меней сродкаў, чым першапачаткова разлічвалася.

«У Хірасіме і Нагасакі ўзровень жыцця ў чатыры разы вышэйшы за сярэднеяпонскі. А ў нашых Нароўлі, Хойніках, Брагіне – ці не самы нізкі ў Беларусі»,

– абурыўся Віктар Хоміч.

Вядомы фізік-ядзершчык Юрый Варонежцаў таксама браў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі, потым з’яўляўся адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі бяспечнага пражывання на пацярпелай тэрыторыі. Зараз анкалагічныя праблемы маюцца і ў яго самога. Як раз падчас канферэнцыі ён праходзіў курс хімічнага лекавання. Таму выступіў перад прысутнымі праз відэаінтэрв’ю:

«Вясковае насельніцтва абследуецца медыкамі горш, чым гараджане, і асабліва менчукі. Але захворваемасць вясковага насельніцтва вышэй. Гэта як раз і сведчыць, што яны не тое ядуць. Тое, што яны ядуць, яны не кантралююць. І я, часта трапляючы ў анкадыспансеры, стасуюся з жыхарамі найбольш пацярпелых раёнаў. Яны сябе ні ў чым не абмяжоўваюць – п’юць малако, збіраюць грыбы і ягады. Цяпер ім ніхто нават не нагадвае, што гэта рабіць не варта. І потым іх нашыя дактары літаральна выцягваюць з таго свету».

Цікава выглядае медычная статыстыка, якая маецца ў агульным доступе. Яе аналізам падзяліўся з прысутнымі на канферэнцыі рэдактар сайта «Дзелавы Гомель» Аляксей Харкевіч. Чамусьці паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя адносная захворваемасць жыхароў чарнобыльскай зоны абсалютна ўсімі відамі захворванняў – крыху ніжэйшая за сярэднебеларускую. Нават траўмаў у пацярпелых раёнах атрымліваюць меней. Падобныя рэчы значна зніжаюць давер та афіцыйнай статыстыкі.

Аляксей Харкевіч

Журналіст-фрылансер Андрэй Мядзведзеў, які часта піша на экалагічныя тэмы, падзяліўся тым, наколькі даступнай з’яўляецца інфармацыя пра стан справаў у самай забруджанай радыяцыяй частцы свету – Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку – той самае зоне адчужэння. У прыватнасці, ён адзначыў, што сёння атрымаць хаця б нейкі каментар у супрацоўнікаў установы без згоды іхняга начальства практычна немагчыма.

А між тым, яшчэ ў 2015 годзе, распрацоўваючы праграму навуковых даследаванняў на 2016 – 2020 гады навукоўцы сцвярджалі, што асаблівую небяспеку пачынаюць уяўляць элементы, якія ўтвараюцца ў выніку паўраспаду плутонія. Тады ў дакуменце даследчыкі запісалі, што якое-кольвек выкарыстанне забруджаных земляў немагчымае яшчэ вельмі доўгія гады.

Андрэй Мядзведзеў

Акрамя таго, калі па цэзію і стронцыю маюцца дапушчальныя нормы забруджвання ў прадуктах харчавання, дык забруджанасць так званымі трансуранавымі элементамі нічым не нармуецца і ўвогуле не кантралюецца. Вывучэнне іх уплыву на харчовыя ланцугі планавалася толькі на сёлета. Але ў 2018 годзе выйшаў указ прэзідэнта, які дазволіў развіваць у зоне адчужэння сельскую гаспадарку, выраб піламатэрыялаў з мясцовай драўніны, турызм. І сёння гэты ўказ ужо актыўна пачаў увасабляцца ў жыццё.

Па-ранейшаму, тэма негатыўнага ўплыву наступстваў Чарнобыльскай аварыі ў нашай краіне з’яўляецца закрытай. Спробы прыадкрыць заслону хлусні і невядомасці натыркаюцца на супраціў з боку дзяржаўных органаў. Але журналісты, асабліва з найбольш пацярпелага ў выніку аварыі рэгіёна, не пакідаюць гэтую тэму па-за ўвагай і будуць рабіць усё магчымае, каб людзі ведалі праўду пра Чарнобыль.