Прадпрымальніка з Мазыра пачнуць судзіць 14 жніўня па некалькіх пратэсных артыкулах

Жорж Кунцэвіч 10.08.2023

>

Гомельскі абласны суд у панядзелак, 14 жніўня, пачне разгляд крымінальнай справы жыхара Мазыра Пятра Старацітарава, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў.

Палітзняволенага прадпрымальніка Пятра Старацітарава затрымалі 6 лютага 2023 года і змясцілі ў СІЗА-3 Гомеля.

Напачатку жыхара Мазыра абвінавачвалі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Зараз вядома, што абвінавачванняў значна болей:

ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта;

ч. 1 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

ч. 3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 369-1 – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

ч. 1 арт.130 – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці.

Пётр Старацітараў — 65-гадовы прадпрымальнік з Гомельшчыны, яго затрымалі за антываенныя паведамленні, якія абражалі Лукашэнку. У савецкія часы ён вучыўся ва ўкраінскім Крывым Рогу, працаваў у "Мазырпрамбудзе", а ў 1992 годзе разам з сябрамі заснаваў кампанію "Лотас", саўладальнікам якой з'яўляецца і цяпер.

Старацітараў атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама і праваслаўнай царквы, уваходзіў у спісы найлепшых бізнэсоўцаў Гомельшчыны.  

Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Суддзя – Яўген Шаршнёў.