Калінкавічы: што ўяўляюць сабой участковыя выбарчыя камісіі

Жорж Кунцэвіч 24.01.2024

>

Ужо заўтра, 25 студзеня, у Калінкавіцкім раёне завяршаецца фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. “Калінкавіцкія навіны” паведамляюць, што ў раёне сфармавана 67 участковых камісій, у склад якіх увайшлі 618 чалавек. На ўчастках ужо ажыццяўляецца дзяжурства сябраў камісій.

Нагадаем, у склад Калінкавіцкай выбарчай акругі №41 уваходзяць Калінкавіцкі, Кастрычніцкі раёны, а таксама некалькі сельскіх саветаў Светлагорскага раёна.

Просты аналіз сведчыць аб тым, што сябрамі камісій сталі прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый (на іх долю прыпадае больш за палову – 58,1% ад агульнай колькасці вылучэнцаў).

Як і паўсюдна на Гомельшчыне, праўладныя прафсаюзы – у лідарах: яны вылучылі ў склад участковых камісій выбарчых 135 чалавек, або 21,8% ад агульнай колькасці.

Працоўнымі калектывамі быў вылучаны 101 чалавек, грамадзянамі шляхам падачы заяў  – 158, палітычнымі партыямі – 56, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі – 303, пішуць “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Амаль штодзень на старонках раённай газеты з’яўляюцца публікацыі, у якіх акцэнтуецца важнасць ўдзелу ў “Адзіным дні галасавання”. Увага, у першую чаргу, акцэнтуецца на моладзь, пр што сведчаць наступныя загалоўкі: “Дыялогавая пляцоўка "Я ўпершыню галасую" прайшла ў Палескім аграрным каледжы”, або “БРСМ зробіць акцэнт на павышэнні электаральнай актыўнасці моладзі”.