У першай палове лістапада палітзняволенымі прызнаныя двое жыхароў Рэчыцкага раёна

Цімур Казачэнка 16.11.2022

>

За першую палову лістапада двое жыхароў Рэчыцкага раёна прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

Адзін з іх – 61-гадовы Аляксандр Гладкіх (на здымку). Ён быў затрыманы 15 сакавіка. 1 лістапада суд Рэчыцкага раёна вынес яму прыгавор паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса – «Абраза прадстаўніка ўлады».

Прычынай, які і ў шэрагу іншых крымінальных спраў па ўсёй краіне, стаў каментарый, які грамадзянін напісаў у сацсетцы «Аднакласнікі» пра Ігара Вольніча, інспектара дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Ганцавіцкага РАУС Брэсцкай вобласці – той ўдельнічаў у разгоне мірнай акцыі і прыдушыў каленам шыю чалавека, які ляжаў на зямлі і не аказваў супраціву (было налічана 1870 адмоўных каментарыяў пра дзеянні міліцыянта). Сам «пацярпелы» у выніку каментарыя міліцыянт на судзе не прысутнічаў, але даслаў патрабаванне спагнаць з рэчычаніна 1500 руб. кампенсацыі за «маральныя пакуты».

У выніку жыхар Рэчыцкага раёна прыгавораны да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) і выплаце міліцыянту 1500 рублёў. Справу вёў суддзя Станіслаў Іванюценка, дзяржаўным абвінаваўцам выступаў намеснік пракурора Рэчыцкага раёна Мікалай Ласіца. Грамадзяніна ўнеслі ў пералік асобаў, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

3 лістапада праваабаронцы прызналі Аляксандра Гладкіх палітзняволеным. Паштоўкі і лісты яму можна дасылаць на адрас: ПУАТ № 36, вул. Караткевіча, 14, г. Мінск, 220039. У гэтай ПУАТ зараз адбываюць пакаранні 18 палітзняволеных.

Палітзняволеным прызнаны таксама 43-гадовы жыхар Рэчыцы Уладзімір Чмураў. Ён быў затрыманы 1 жніўня, абвінавачаны паводле артыкула 368 КК (абраза прэзідэнта) і змешчаны ў СІЗА ў якасці асобы, у адносінах да якой орган, які вядзе крымінальны працэс, ужыў меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 5 лістапада праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным. Яму можна пісаць на адрас: СІЗА-3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003. У гомельскім СІЗА ў цяперашні час знаходзяцца 89 палітзняволеных.

Разам за першую палову лістапада праваабаронцы Беларусі прызналі 86 новых палітзняволеных. 14 з іх – з Гомельскай вобласці. Акрамя двух жыхароў Рэчыцкага раёна, гэта 7 чалавек з Гомеля, 4 са Жлобінскага і 1 з Мазырскага раёнаў.

Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на сённяшні дзень – 1421.

На здымку: Аляксандр Гладкіх.