“Захад нам дапаможа!” Што не так у інтэрвію гендырэктара “Мазырсолі” Дворніка?

Жорж Кунцэвіч 27.12.2022

>

Дзіўную матэматычную задачу задаў нядаўна чытачам мазырскай раёнкі “Жыццё Палесся” генеральны дырэктар ААТ “Мазырсоль” Уладзімір Дворнік.

У сваім інтэрвію з нагоды 40-годдзя з дня выпуску першай прадукцыі мазырскімі салеварамі, чыноўнік адзначыў, што сёння 20% вырабленай у Беларусі солі паступае на беларускі рынак.

“Доўгі час удзельная вага ўкраінскай солі ў Беларусі быў нават вышэй нашага. Народ гэтую соль палюбіў, але сёння яна пакінула наш рынак, і мы пакрылі гэты аб'ём. У Расею паступае 70%, астатнія 10% - гэта былыя саюзныя рэспублікі Сярэдняй Азіі”, – апелюе лічбамі Уладзімір Дворнік.

Але далей спадар Дворнік заблытаўся ва ўласных разліках і распавёў чытачам, што з лютага (2022 года) па вядомых прычынах зачынілася Украіна, куды прадавалі каля 20% ад аб'ёму вытворчасці мазырскай солі.

“Паступова аднаўляецца ранейшы ўзровень паставак у іншыя краіны, якія раней адмовіліся ад нашай солі: Польшчу, краіны Балтыі, Малдову – усё-ткі эканоміка бярэ сваё, усе лічаць свае выдаткі”, – заяўляе кіраўнік аб’яднання.

І ў чым тут “соль” пытання? Усё проста: столькі солі ў сто адсоткаў ад вырабленай у Мазыры аніяк не ўкладаецца ў пераможны рапарт Дворніка.

Застаецца дадаць, што мазырская соль з-за высокага сабекошту прадукцыі на знешніх рынках –самая дарагая.

“Трэба было пускацца на розныя хітрыкі перад спажыўцамі” – рэзюмуе кіраўнік.