У Рэчыцы палац культуры хоча прысвяціць выступ гурту Воплі Відоплясова «святу» 23 лютага. Украінцы пра гэта не ведалі
Палеская Вясна
07.02.2020
Легендарны ўкраінскі рок-гурт Воплі Відоплясова мае выступіць у Рэчыцы 22 лютага. Але мясцовы Палац культуры і тэхнікі «Нафтавік» вырашыў пакрэатывіць, абвясціўшы, што выступ ВВ будзе прысвечаны 23 лютага.
У суполцы Палаца культуры і тэхнікі «Нафтавік» у сацыяльнай сетцы УКантакце напісалі, што выступ гурта будзе прымеркаваны да Дня абаронцы Айчыны і Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Прычым, у назве нашай краіны (напісанай па-расійску) нават прымудрыліся зрабіць памылку, напісаўшы літару “о” замест “а”.
Анонс канцэрту з суполкі палаца культуры перапосціла і самая шматлікая рэчыцкая суполка ў сацсетцы УКантакце - Речица LIVE. Менавіта тут на абвестку звярнулі ўвагу неабыякавыя жыхары горада. Пачалі рабіць заўвагі, што прымяркоўваць канцэрт такога гурта да 23 лютага – недарэчна.
Але прадстаўнік палаца культуры, саліст рэчыцкага метал-гурту Evthanazia Віталь Баброўніч адказваў, што 23 лютага – афіцыйнае свята ў сучаснай Беларусі, што для 90% мужчынаў – гэта проста мужчынскае свята і палац культуры хоча зрабіць падарунак мужчынам. Пры гэтым у пабліку палацу культуры менавіта пад пастом з анонсам гэтага канцэрту закрылі каментары і абмеркаванне адбывалася толькі ў суполцы Речица LIVE. Саліста гурта Алега Скрыпку там нават назвалі фашыстам і прапаноўвалі прыйсці на канцэрт з савецкай сімволікай ды пабачыць ягоную рэакцыю.
Палеская Вясна звязалася з гуртом Воплі Відоплясова і папрасіла пракаментаваць прысвячэнне канцэрту даце 23 лютага. Музыкі адказалі, што пра такое прысвячэнне свайго выступу нічога не ведалі. Яны звярнуліся да беларускіх арганізатараў і папрасілі прыбраць недарэчнасць. Беларусы, паводле музыкаў, патлумачылі, што гэта ініцыятыва ўвогуле білетных касаў.
23 лютага засталося афіцыйным святам у Беларусі, як спадчына савецкай камуністычнай сістэмы святаў з падачы цяперашняга прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У СССР у гэты дзень святкаваўся Дзень Савецкай арміі і Вайскова-марскога флоту. Акрамя Беларусі гэтае свята адзначаецца яшчэ ў Расіі, Таджыкістане і Кыргызстане. А таксама ў шэрагу непрызнаных пераважнай большасцю дзяржаваў свету, у тым ліку і Беларуссю, прарасійскіх марыянетачных утварэнняў, створаных Расіяй на захопленых тэрыторыях іншых дзяржаваў – у Прыднястроўі (Малдова), Паўднёвай Асецці і Абхазіі (Грузія), ДНР і ЛНР (Украіна).
Лічыцца, што 23 лютага 1918 году стварылася Чырвоная армія. Хаця, у Беларусі ў гэты дзень не адбывалася нічога, што было б звязанае з дзейнасцю беларускіх вайсковых фармаванняў. Менавіта ў гэты дзень расійскія бальшавіцкія вайсковыя атрады саступілі Мінск нямецкім войскам.
Вядома, што лідар гурту Воплі Відоплясова Алег Скрыпка з’яўляецца шчырым патрыётам Украіны, праціўнікам камуністычнай спадчыны, падтрымаў рэвалюцыю годнасці, якая адбылася ў гэтай краіне ў 2014 годзе, неаднаразова выступаў на фронце перад украінскімі вайскоўцамі, што бароняць радзіму ў расійска-ўкраінскай вайне на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.
Алег СКРЫПКА. Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
«Я 20 гадоў знаходжуся на франтах украінскай культуры, што ў мірны час вельмі важна. Паколькі раней грамадства гэтым эфэктыўна не займалася, то зараз мы вымушаныя страляць. Гэтага можна было б пазбегнуць. Калі б мы ўсе разам былі ўкраінцамі, ведалі мову, уласную гісторыю, слухалі добрую музыку, хадзілі на ўкраінскія канцэрты, чыталі ўкраінскія кнігі — немагчыма было б стварыць пятую калону і абапірацца на расійскамоўных людзей, каб знішчаць краіну і забіваць патрыётаў на вуліцах. Была б Украіна ўкраінская, як Францыя французская або як Чэхія чэшская, — гэтых праблемаў не было б», – казаў Алег Скрыпка ў 2014 годзе украінскаму выданню «Украінская праўда».