Пад Рэчыцай забыліся адкрыць адрамантаваны мост? Яго крыху не дарабілі
Андрусь ГАЁВЫ
18.02.2020
У знакамітай вёсцы Гарошкаў – радзіме выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса, яшчэ летась у жніўні пачалі рамантаваць мост, які падзяляе вёску на дзве часткі і пракладзены па-над трасай Гомель – Калінкавічы. Скончыць працы меліся ў снежні мінулага года, але мост стаіць перакрытым і дагэтуль. Звонку выглядае, што ўсё на мосце зроблена – пліты абноўленыя, агароджа замененая, асфальт пакладзены. Жыхары Гарошкава мяркуюць, што пра мост проста забыліся.
Пры гэтым вяскоўцы і тыя, каму трэба заехаць у Гарошкаў, наракаюць на транспартныя праблемы, якія стварае перакрыты мост. Каб, едучы з боку Броннага праехаць у тую частку Гарошкава, якая знаходзіцца ад Рэчыцы за калінкавіцкай трасай (а яна значна большая), трэба ў Бронным выехаць на трасу Рэчыца – Лоеў, мінуць транспартную развязку з трасай Гомель – Калінкавічы і з гэтай магістралі ўзняцца ў Гарошкаў. Гэтак ходзіць грамадскі транспарт.
Прычым, ягоныя маршруты часова – на час рамонту маста, заблыталі так, што зразумець, што, калі і кудой будзе ехаць, і дагэтуль – праз паўгады, як мост закрыты, гарошкаўцы не могуць.
«Аўтобус на Заспу едзе праз Гарошкаў, а назад вяртаецца калі тым жа шляхам, а калі па лоеўскай трасе. "Двойка" [аўтобус гарадскога маршруту № 2, які ходзіць да Гарошкава - рэд.] блукае нейкімі кругамі. Расклады паламаныя, некалі павесілі нейкія паперкі з часовым раскладам, якія даўно пазрываліся, і не ведаеш, да якога часу выходзіць на прыпынак, каб паехаць у горад», - абураюцца вяскоўцы.
Прыватны ж транспарт з’язджае з дарогі, што злучае Броннае і Гарошкаў на трасу Гомель – Калінкавічы, пераязджае раздзяляльны газон і вяртаецца ў Гарошкаў па асобным пад’ездзе. Гэта, вядома ж, стварае нязручнасці і наўрад ці спрыяе бяспецы рыху па адной з самых ажыўленых магістраляў агульнадзяржаўнага значэння.
Пры гэтым вяскоўцы пазіраюць на прыгожанькі абноўлены мост, на якім не вядуцца аніякія працы, і лічаць, што ўлады папросту забыліся прыбраць бетонныя блокі, якія загароджваюць праезд па мосце.
Як паведаміў Палескай Вясне адказны за вытворчасць работаў на гэтым аб’екце ад рэчыцкага ДРБУ-114 Мікалай Дворнік, работы па рамонце маста яшчэ ў поўным аб’ёме не выкананыя – не зробленыя дэфармацыйныя швы.
Прычынамі, якія выклікалі зацягванне тэрмінаў рамонту, Мікалай Дворнік называе несвоечасовую пастаўку матэрыялаў і неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Калі будзе скончаны рамонт маста, адказны вытворца не ведае.
«Гэта трэба тэлефанаваць галоўнаму інжынеру», – паведаміў кіраўнік работаў.