У Калінкавічах збіраюць подпісы пад петыцыяй аб уладкаванні ходнікаў паўз дарогу на гарадскія могілкі

Палеская Вясна 27.04.2020

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў на паўднёвым ускрайку Калінкавічаў дзейнічаюць галоўныя гарадскія могікі з назваю «Карчага», паводле назвы ўрочышча, дзе яны размешчаныя. Але за ўсе гэтыя гады ўлады так і не знайшлі магчымасці ўладкаваць да могілак ад краю горада нармальную дарогу, дзе б адчувалі сябе ў бяспецы і пешаходы, і кіроўцы транспарту.


Перыяд падрыхтоўкі да памінальных датаў, кшталту свята Радаўніцы, заўжды робіцца часам інтэнсіфікацыі і руху пешаходаў, і пад’езду прыватнага транспарту да могілак – людзі прыбіраюць месцы пахавання сваіх родных і блізкіх і дабіраюцца да могілак хто як можа. Гарадскі аўтобус маршрута № 9 робіць заезд да могілак толькі за чатыры дні да Радаўніцы і ў сам памінальны дзень. Увесь іншы перыяд года ён спыняецца на прыпынку больш як за кіламетр ад могілак і потым паварочвае, каб ехаць у зваротны шлях.


Таму найчасцей калінкаўцы і людзі з іншых мясцінаў, чые родзічы ці блізкія пахаваныя на калінкавіцкіх могілках, хто не мае ўласнага транспарту, мусяць ісці пешкі да могілак. Вуліца, якою яны кіруюць, носіць назву Загарадная. Пры гэтым яе праезная частка мае толькі дзве вузкія паласы, дзе могуць раз’ехацца два транспартныя сродкі ў сустрэчных напрамках. Ніякай пешаходнай інфраструктуры ад скрыжавання з вуліцай Веры Харужай і аж да самых могілак няма.

Пешаходы мусяць ісці проста паўз край праезнай часткі. Гэта дастаткова небяспечна. Тым больш, што абмежаванняў хуткасці руху аўтамабіляў на гэтым участку няма. Менавіта гэта і выклікала стварэнне петыцыі пра ўладкаванне паўз вуліцу Загарадную ад скрыжвання з вуліцай Веры Харужай да могілак пешаходнай дарожкі. Цяперашні стан шляху да гарадскіх могілак вельмі небяспечны і стварае значныя нязручнасці і пешаходам, і кіроўцам транспарту, якія павінны ўвесь час аб’язджаць пешаходаў, лічаць аўтары петыцыі.

Петыцыю мяркуецца накіраваць ва ўпраўленне ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама і ў Калінкавіцкі райвыканкам. Усіх неабыякавых жыхароў горада заклікаюць падпісацца пад петыцыяй. Паставіць свой подпіс можна тут.