У Рэчыцы разгараецца канфлікт з-за намеру ўладаў ушчыльніць забудову ў цэнтры горада

Андрусь ГАЁВЫ 16.01.2020

Праект пабудовы дома № 108 – двухпад’езднага дзесяціпавярховіка, па вуліцы Набярэжная падзяліў жыхароў на тых, хто хоча набыць кватэру ў элітным доме ў цэнтры, і тых, хто не хоча ўшчыльняльнай забудовы побач са сваімі дамамі ў раёне, які даўно склаўся.

Пляцоўка на вуліцы Набярэжная ў Рэчыцы, на якой мяркуецца пабудаваць дом

Новы дом мяркуецца пабудаваць на пляцоўцы паміж дамамі № 102 і 110 на вуліцы Нябярэжная з выглядам на раку Дняпро. Зараз там знаходзіцца зялёны газон і малыя архітэктурныя формы.

Жыхары размешчаных побач шматпавярховікаў такой перспектывай аказаліся незадаволенымі. Яны лічаць, што і так ужо дастаткова шчыльная забудова гэтага мікрараёна не дазваляе размяшчаць там яшчэ адзін дом. «Абраная для пабудовы пляцоўка – месца, дзе заўжды шматлюдна. Дзеці ахвотна гуляюць у футбол, бадмінтон, маладыя маці вучаць хадзіць малых, ладзяць фотасесіі, людзі старэйшага ўзросту шпацыруюць, стасуюцца. Гэта адзінае месца дастатковай плошчы паблізу ад нашых дамоў, дзе дзеці могуць гуляць, не рызыкуючы атрымаць траўму», – гаворыцца ў лісце, які жыхары прылеглых дамоў накіравалі на імя старшыні Рэчыцкага райвыканкама Віталя Панчанкі.

На 10 гадзінаў раніцы 15 студзеня ў райвыканкаме была запланаваная прэзентацыя праекта ў межах грамадскага абмеркавання. Але, пасля таго, як многія звярталіся ў выканкам наконт нязручнасці часу прэзентацыі і шэрагу парушэнняў падчас арганізацыі грамадскага абмеркавання, яго ўвогуле адмянілі. Літаральна за некалькі дзён у мясцовай газеце і на сайце выканкама з’явіліся аб’явы пра адмену. Тым не менш, 15 студзеня да райвыканкаму прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, якія меліся паўдзельнічаць у абмеркаванні. Сярод іх былі і праціўнікі пабудовы, і тыя, хто разлічвае пабудаваць у гэтым доме кватэру.

Сход мясцовыя ўлады, усё ж, зладзілі. На ім прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Юрчанка, а таксама кіраўніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва Лідзія Скакун, дырэктарка Упраўлення капітальнага будаўніцтва Рэчыцкага раёна Святлана Рапейка.

Зрэшты, апошняя найболей і прамаўляла на сходзе. Яна паведаміла, што, у сувязі з адменай грамадскага абмеркавання гэты сход мае выключна інфарматыўныя мэты. Грамадскае абмеркаванне адновіцца пасля больш дасканалай падрыхтоўкі органаў улады да яго і будзе абвешчана з 27 студзеня да 20 лютага, а прэзентацыя праекта пройдзе 1 лютага аб 11 гадзіне ў актавай зале Рэчыцкай школы мастацтваў.

У сувязі з тым, што сход 15 студзеня не можа паўплываць на рашэнне пра тое, ці будзе ўвогуле гэты дом будавацца, частка тых, хто прыйшоў, пакінулі яго. Засталіся збольшага тыя, хто хоча пабудаваць у гэтым доме кватэру.

Адзін з іх на рэплікі праціўнікаў будаўніцтва пра недарэчнасць упіхвання туды гэтага дома казаў: «Вам там пляцоўка зоймецца, а мне жыць няма дзе, мне кватэра трэба».

Святлана Рапейка распавяла, што пакуль не атрымана прынцыповага дазволу на будаўніцтва, упраўленне капітальнага будаўніцтва не можа ўкладаць грошы ў праектаванне дома.

«Калі асобныя грамадзяне, якія не хочуць бачыць там гэты дом, здолеюць дамагчыся адмены гэтай пабудовы, а мы ўжо ўкладзем грошы ў праектаванне, нам іх ніхто не верне і прадпрыемства панясе неабгрунтаваныя выдаткі», – заявіла Святлана Рапейка.

Мясцовы жыхар і аўтар блогу «Беларускі урбаніст» Даніла Аленіус пытаў у кіраўніцы УКБ пра тое, наколькі гэты будынак, які так моцна кантрастуе з ужо існуючымі там дамамі, будзе дарэчны менавіта ў гэтым месцы і чаму абрана менавіта такая колеравая гама.

«Там побач блакітная рака, на версе – блакітнае неба, недалёка амфітэатр з блакітным дахам і арка на верхняй Набярэжнай з блакітнымі элементамі. Таму, калі пазіраць на Рэчыцу з Дняпра, гэты блакітны колер дома будзе выглядаць прыгожа», – адказала Святлана Рапейка.

У заключнай частцы сходу ахвочыя збудаваць элітную кватэру ў гэтым доме пачалі высвятляць мятраж кватэраў ды іншыя якасці. Адзін з інжынераў упраўлення капітальнага будаўніцтва азнаёміў цікаўных з метражом да сотых доляў квадратнага метра, паведаміў пра лічыльнікі, якія будуць усталяваныя ў доме, пра тое, што кожная кватэра будзе аўтаномна ацяпляцца, пра адсутнасць смеццепровада, пра тое, што ў доме будуць усталяваныя электрапліты, пра аздабленне цокаля дома керамагранітам ды іншыя праектныя падрабязнасці.

 

Кіраўнік рэчыцкага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Валер Пуціцкі, да якога на першым этапе змагання супраць ушчыльнення забудовы мікрараёна звярнуліся па дапамогу праціўнікі будаўніцтва, паводле вынікаў сходу выказаў сваё меркаванне:

                                              Валер ПУЦІЦКІ

«Спачатку спадарыня Рапейка казала, што да атрымання дазволу на будаўніцтва, не могуць замаўляць у праектнага інстытута праект, укладаючы ў праектаванне грошы. І ў той жа час, ужо ёсць рысункі паверхаў і кватэраў, вядомы іх дакладныя плошчы, вядомыя матэрыялы, з якіх што будзе збудавана і як аздоблена, вядома чым кватэры будуць абсталяваныя. Мне здаецца, што ўсё ўжо спраектавана, грошы ў праект укладзеныя, і ўлады ўпэўненыя, што дом пабудуецца. Усе гэтыя абмеркаванні і сходы яны расцэньваюць як фармальныя – свайго роду спектаклі для таго, каб стварыць бачнасць дэмакратычнасці прыняцця рашэння».