17-гадовую дзяўчыну з Рэчыцы падазраюць у вырабе і распаўсюдзе парнаграфіі з-за дасланага хлопцу відэа
Палеская Вясна
29.11.2019
Падлетку пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў, ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін, паведамляе dneprovec.by са спасылкай на мясцовы РАУС.
Паводле словаў намесніка начальніка Рэчыцкага РАУС Андрэя Сямкова, дзяўчыну падазраюць у тым, што яна ў траўні гэтага года даслала ў мэсэджэры Viber 24-гадоваму хлопцу з інашага рэгіёну краіны відэа. Гэтае відэа знайшлі ў яго падчас расследавання справы пра згвалтаванне непаўнагадовай, у чым падазраецца атрымальнік. Экспертыза прызнала запіс парнаграфічным.
Паведамляецца, што рэчычанка і хлопец, якому дасылаўся відэазапіс, дамовіліся пра аплату ў суме каля 50 рублёў. Цяпер дзяўчына з’яўляецца падазраванай паводле часткі 2 артыкула 347 Крымінальнага кодэкса «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў альбо прадметаў парнаграфічнага характара».