Блогер Андрэй Павук пасля разгляду апеляцыі: «Адчуваю сябе бездапаможным»
Палеская Вясна
27.11.2019
Калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда 26 лістапада адхіліла апеляцыйную скаргу блогера Андрэя Павука на рашэнне суда Акцябрскага раёна, які не задаволіў пазоў да мясцовага райаддзела міліцыі аб спагнанні маральнай шкоды, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Андрэй ПАВУК
У сакавіку супрацоўнікі крымінальнага вышуку Акцябрскага РАУС правялі ператрус у кватэры блогера, забралі камп’ютарную тэхніку, відэакамеру, мабільныя тэлефоны. Павук даглядаў дома пяцігадовую дачку. Міліцыя затрымала Андрэя, прымусіўшы яго пакінуць малалетняе дзіця адно ў кватэры, па сутнасці, у небяспечнай сітуацыі.
Праваахоўнікі затрымалі блогера на пяць гадзін на той падставе, што нібыта з яго электроннага адраса ў Гомельскае ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама. Аднак скрыншота паведамлення ні міліцыянты, ні следчыя не паказалі.
Супраць Андрэя Павука завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 340 Крымінальнага кодэкса— па факце паведамлення пра мініраванне райвыканкама. Максімальны тэрмін пакарання паводле згаданага артыкула — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Гісторыя з ілжывым мініраваннем у звязку з блогерам Павуком паўтарылася 15 траўня. На электронную пошту Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра мініраванне будынка суда ў Мазыры, дзе у той дзень меўся адбыцца суд над калінкавіцкім прадпрымальнікам і блогерам Віталём Манько. Ізноў западозрылі Павука. Супрацоўнік Акцябрскага РАУС Віктар Карпянок выклікаў блогера ў міліцыю, каб апытаць яго ў якасці сведкі пра “мініраванне” суда ў Мазыры.
Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі блогер Павук абскарджваў раённаму, абласному і генеральнаму пракурорам. Ён прасіў таксама высветліць, хто выкарыстоўвае нумар яго мабільнага тэлефона ў такіх небяспечных гульнях. Аднак уцямнага адказу Андрэй Павук так і не атрымаў
Тады ён звярнуўся ў суд з пазовам да Акцябрскага РАУС аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды, якую блогер ацаніў у 25 тысяч рублёў. Акцябрскі раённы суд 11 кастрычніка адхіліў пазоў блогера да райаддзела міліцыі. Суд стаў на бок міліцыянтаў і прызнаў, што ў службовых асоб меліся дастатковыя падставы падазраваць блогера ў здзяйсненні злачынства. Якія гэта падставы і чаму з імі не пазнаёмілі падазраванага блогера, адказу не было.
Блогер не пагадзіўся з высновамі суда першай інстанцыі і падаў апеляцыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд. Паседжанне апеляцыйнай інстанцыі прайшло пад старшынствам суддзі Сяргея Шыцікава. Ён не знайшоў падставаў, каб адмяніць вынесенае Акцябрскім райсудом рашэнне.
“Я адчуваю сябе бездапаможным. Не ведаю нават, што рабіць, як абараняць сябе і сваю сям’ю. Падаецца, няма ўжо аніякага выбару, апроч як стаць радыкалам”,
— сказаў пасля выніку суда Андрэй Павук
Даверанай асобай блогера Павука ад ГА “БАЖ” у судзе выступаў юрыст асацыяцыі Леанід Судаленка.
“У спрэчках паміж грамадзянінам і дзяржавай у нашых умовах перамагае дзяржава. У нас няма незалежнага суда, таму суддзі бароняць найперш дзяржаўныя інтарэсы. Андрэя Павука ў сакавіку міліцыянты затрымалі з прымяненнем кайданкоў, прымусілі пакінуць у кватэры без нагляду малалетнюю дачку. І суд услед за міліцыяй паўтарае: усё правільна, усё законна. Пры гэтым ніхто не называе тых прававых падставаў, якія давалі магчымасць затрымліваць блогера Павука”,
— зазначыў Судаленка.