У Рэчыцы на пенсіянера аформілі крэдыт на BYN 4000 на посуд пад выглядам падарунка за перамогу ў конкурсе

Андрусь ГАЁВЫ 28.02.2020

Чарговая спроба падману даверлівага чалавека сталага ўзросту прадпрымальнымі маладзёнамі скончылася размовамі з міліцыяй і магчымым следствам.  

Андрэй МАРОЗАЎ. Фота: А. Шабетніка

Як распавёў Палескай Вясне зяць пацярпелага Сяргей, 58-гадовага пенсіянера, інваліда ІІ групы,  Андрэя Марозава ўжо даўно завабілі на перыдычна праводзімыя прэзентацыі посуду. Некалькі разоў ён прыходзіў дамоў то з нейкай лыжкай, то з торбай, якія нібыта выйграваў на тых прэзентацыях.

А 27 лютага Андрэй Сцяпанавіч прыйшоў дамоў асабліва шчаслівы – аж з двума пакетамі, у якіх былі наборы лыжак з пазалочаным кантам, патэльні, рондалі, параваркі і коўдра. Бацька распавёў дзецям, што на прэзентацыі, што ладзілася у бары «Няптун» на Набярэжнай у Рэчыцы, яны нешта вучыліся на новым суперпосудзе гатаваць, і ён выйграў конкурс, за што і атрымаў такі панскі падарунак.

Калі ж Сяргей залез у пакеты, дык у адным з іх знайшоў паперы, а там – дамова на атрыманне крэдыта на 4 тысячы рублёў і графік пагашэння – штомесячна прыкладна па 200 рублёў. Калі Сяргей спытаў цесця, навошта ён узяў такі крэдыт, той ледзь не страціў прытомнасць.

Андрэй Марозаў паведаміў, што яму абвесцілі, што ён выйграў падарунак і далі падпісацца за яго атрыманне ў паперах. А ён быў без акуляраў і не мог прачытаць, што там напісана. Ды і не мог нават падумаць, што рэспектабельнага выгляду хлопцы і дзяўчаты маглі б так нахабна яго падмануць.

Першымі эмоцыямі старога былі адчай і жаданне пайсці і павесціцца ад таго, што ён толькі што сам сабе зрабіў. Бо ён чуў пра крэдытныя пасткі, якія ставілі людзей у бязвыходныя становішчы. І вось так неспадзявана патрапіў у такую пастку сам.

Дачка і зяць Андрэя Марозава патэлефанавалі ў 102 і выклікалі міліцыю. Дадому да іх прыехала ўчастковая інспектарка, якая паразмаўляла з пацярпелым, сказала, што яна прыме заяву, запіша тлумачэнні, але справа безнадзейная, бо трэба было глядзець, што падпісваеш. Калі ж Сяргей зразумеў, што такім чынам дапамогі ад праваахоўнікаў можна не дамагчыся, ён патэлефанаваў суседу – мясцоваму актывісту Алегу Шабетніку.

Фота: А. Шабетніка

Шабетнік, даведаўшыся ў чым сутнасць справы, прапанаваў хутчэй паехаць у бар «Няптун», каб, магчыма, застаць там гэтых «прадпрымальнікаў». Так і зрабілі. Паехалі разам з супрацоўніцай міліцыі. І як раз каля бара заспелі бус з брэсцкімі нумарамі. Шабетнік блакаваў сваёй машынай бус, не даючы яму з’ехаць ад бару. А ў гэты самы час маладыя людзі ўжо спрабавалі проста ў бусе аформіць крэдыт састарэлым бабулькам з кавенькамі.

Спачатку прэзентатары посуду прапанавалі разарваць дамову і вярнуць посуд. Але пацярпелы і ягоныя прадстаўнікі адмовіліся, патрабуючы ад супрацоўніцы міліцыі правесці дасканалае разбіральніцтва, бо ў дзеяннях фірмачоў – відавочныя прыкметы махлярства.

Фота: А. Шабетніка

Узнялася сварка. Алег Шабетнік спрабаваў сфатаграфаваць тое, што адбываецца і тых прадстаўнічых маладзёнаў, якія раптам сталі дужа нярвовымі і пачалі выхопліваць тэлефон з ягоных рук. Потым пагражалі выклікаць міліцыю на яго за тое, што перашкаджае выезду іхняй машыны.

Супрацоўніца міліцыі ўжо ў бары апытала Андрэя Марозава і маладзёна, які афармляў яму дакументы на крэдыт. Але ўвесь час даводзілася думка, што, калі паперы падпісаныя дабраахвотна, нічога яны не дакажуць і фірмачы не будуць прызнаныя вінаватымі – з іхнягя боку ўсё законна. Тады Алег Шабетнік патэлефанаваў у РАУС і запатрабаваў прыбыцця на месца супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

 

Фота: А. Шабетніка

Міліцыянты з АБЭЗ у выніку даставілі таго маладзёна, што афармляў дакументы на крэдыт Марозаву, і самога Марозава для праверкі ў РАУС, паабяцаўшы, што справу вырашыць мірна ўжо не атрымаецца і яна будзе расследавацца паводле належнай працэдуры.  

 

                                            Алег ШАБЕТНІК

«Мяне найбольш абурае, што гэтая, відавочна злачынная схема працуе ў гэтай фірме ў наўпроставай звязцы з банкам БелВЭБ, які выдае гэтыя кабальныя крэдыты. Як можна выдаць крэдыт на 4 тысячы рублёў чалавеку, у якога пенсія складае 269 рублёў? Ды і гэты памер даходу ў яго ніхто не запатрабаваў пацьвердзіць! Я сам з’яўляюся дырэктарам прадпрыемства, якое аказвае паслугі ў тым ліку і праз крэдытаванне, і ведаю, як складана дамагчыся, каб чалавеку банк пацвердзіў магчымасць атрымання крэдыту. А тут у бусе, за дзве хвіліны банк выдае такі шалёны крэдыт без аніякіх дакументаў! Такая схема мне падаецца яўна злачыннай, і яе ўдзельнікі, найхутчэй, мелі асабістую зацікаўленасць у такім спосабе падману людзей – звычайна немаладых, не здольных адэкватна прачытаць і зразумець, што ім прапануецца»,

– пракаментаваў сітуацыю прадпрымальнік і актывіст з Рэчыцы Алег Шабетнік.

 

Фота: А. Шабетніка

Як высветлілася, аўтарамі ўсёй гэтай крэдытна-посудавай махінацыі з’яўляецца ТАА «ПитиЛайнс» з Брэста. Падобныя фінансавыя махінацыі гэтай кампаніі ўжо шматкроць апісваліся ў матэрыялах розных недзяржаўных СМІ Беларусі, а таксама проста пацярпелымі і іх сваякамі на розных форумах і ў сацсетках. «Чароўныя» антыпрыгарныя патэльні і рондалі, якія яны прэзентуюць, вырабляюць насамрэч не яны, а адна з фабрыкаў у горадзе Лунінцы Брэсцкай вобласці, і каштуюць яны там у дзесяць разоў танней, чым у гэтых дзялкоў. Тым не менш, ашуканская схема, галоўным у якой з’яўляецца «ўцюхаць» посуд па завоблачным кошце менавіта ў крэдыт, ужо шмат гадоў спраўна працуе, завабліваючы ў свае пасткі ўсё новых і новых людзей у розных кутках краіны. Не выключана, што ў яе маюцца нейкія высокія ценевыя заступнікі.  

Палеская Вясна працягне сачыць за развіццём гэтай гісторыі.