«Паведамляю якое ідзе следам пра навакольную выбарчую камісію ў частцы, якая дакранаецца дазволу зваротаў». Эпічны адказ пракурора раёна
Андрусь ГАЁВЫ
06.12.2019
Чарговае пацверджанне ўзроўню адукаванасці дзяржаўных чыноўнікаў днямі прыйшло назіральніку з пракуратуры Калінкавіцкага раёна.
Назіральнік у Калінкавіцкай выбарчай акрузе Андрэй Мядзведзеў абскарджваў у пракуратуру раёна факт наяўнасці подпісу за атрыманы бюлетэнь, які выявіў насупраць свайго прозвішча адзін з выбаршчыкаў, прыйшоўшы галасаваць напрыканцы асноўнага дня галасавання. Назіральнік прасіў правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянняў ці бяздзеянню чальцоў участковай выбарчай камісіі.
Пракуратура пераслала заяву Мядзведзева ў акруговую выбарчую камісію і загадала «паведаміць заяўніка». Акруговая камісія на двух аркушах распісала, што насамрэч гэта іншы выбаршчык «прамазаў» і распісаўся не ў сваёй графе, а ўчастковая камісія ў такім выпадку павінна была зрабіць запіс насупраць ягонай графы, што подпіс стаіць там і там, а таго, на чыім месцы распісаліся, выкрэсліць, пазначыўшы, што яго запісалі ў канцы і запісаць яго ў канцы спіса з працягам нумарацыі. Праўда, камісія нічога такога не зрабіла. Тым не менш, акруговая камісія паведаміла, што парушэнняў у працы ўчастковай камісіі не бачыць. Пры гэтым адказ на беларускамоўны зварот Мядзведзева старшыня акруговай камісіі і адначасова кіраўніца справамі райвыканкама Алена Дзяргач напісала па-расійску.
З гэтай нагоды Андрэй Мядзведзеў зноў звярнуўся ў пракуратуру, паведаміў, што не задаволены адказам акруговай камісіі і па-ранейшаму просіць пракуратуру правесці праверку і даць дзеянням удзельнікаў інцыдэнту прававую ацэнку. Таксама ён папрасіў прыцягнуць да адказнасці старшыню акруговай камісіі за тое, што на беларускамоўны зварот яна дала адказ на іншай мове.
У выніку ён атрымаў адказ пракурора Калінкавіцкага раёна Вадзіма Жулегі, дзе той на нейкай своеасаблівай мове спрабуе патлумачыць, чаму не хоча займацца відавочным парушэннем выбарчага заканадаўства і прыцягваць да адказнасці парушальніцу заканадаўства моўнага. Тыя моўныя звароты, якія прыдумаў Вадзім Жулега, каб адказаць беларускамоўнаму грамадзяніну Беларусі, спраўды ўражваюць.
Вадзім ЖУЛЕГА. Фота: knews.by
Па-першае, ён перарабіў прозвішча заяўніка, відавочна, перанёсшы націск на апошні склад і замяніўны папярэднюю «е» на «я». Але сапраўднае захапленне віклікаюць такія ягоныя канструкцыі, як «На Ваша зварот аб нязгодзе з напрамкам папярэдняга звароту… ў акруговую выбарчую камісію… паведамляю якое ідзе следам», «навакольныя выбарчыя камісіі», «парадак і тэрміны дазволу зваротаў», «у частцы, якая дакранаецца нязгоды з адказам». Таксама пракурор прыдумаў нейкі новы кодэкс, які скарочана назваў «ВВК».
Усяго на двух з паловай старонках адказу Вадзім Жулега зрабіў больш за 30 памылак. Мяркуючы з таго, што ў адказе адсутнічае прозвішча выканаўцы, пракурор складаў тэкст сам.
«Гэты адказ цудоўна ілюструе ўзровень адукаванасці і пісьменнасці чыноўніка, які займае дастаткова высокую пасаду. Калі ў пракурора раёна такі ўзровень пісьменнасці ў дзяржаўнай мове нашай краіны, якую ён вывучаў як мінімум 10 гадоў у школе і потым яшчэ ў навучальнай установе, якую ён скончыў, каб стаць пракурорам, дык як можна давяраць узроўню ягонай юрыдычнай пісьменнасці? Юрыспрудэнцыю ж ён вывучаў усяго некалькі гадоў у ВНУ!»,
– здзіўляецца Андрэй Мядзведзеў.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Назіральнік кажа, што збіраецца абскарджваць адказ пракурора Калінкавіцкага раёна ў абласную пракуратуру.
«Найперш, я запатрабую правесці пазачарговую атэстацыю спадара Жулегі. Згодна з законам аб дзяржаўнай службе, у нас дзяржаўныя службоўцы павінны валодаць дзяржаўнымі мовамі. Абедзьвюмя! Ці ж адпавядае Вадзім Жулега займаемай пасадзе, калі ў яго такая пісьменнасць? Таксама давядзецца прасіць пракурора вобласці растлумачыць, што ж, усё ж-такі хацеў сказаць пракурор Калінкавіцкага раёна сваімі моўнымі пошукамі. Бо ў такім выкладзе я баюся няправільна зразумець ягоны адказ»,
– кажа назіральнік.