Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргі супраць ураду Беларусі ад актывістаў з Рэчыцы, Мазыра і Акцябрскага

Палеская Вясна 30.12.2019

У самай аўтарытэтнай міжнароднай структуры, якая займаецца абаронай правоў чалавека разгледзяць спрэчку паміж актывістамі і ўрадам Беларусі на забарону ажыццяўлення права на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў.

Актывістка прафсаюзу РЭП з Рэчыцы Алена Лінкевіч у лютым 2018 года мела намер правесці ў сваім горадзе пікет супраць крымінальнага пераследу лідараў незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці ды іншых галінаў народнай гаспадаркі Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Іх абвінавачвалі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, але справа мела відавочна палітычную афарбоўку і была выкліканая актыўнасцю прафсаюза падчас абароны правоў людзей ад дзеяння так званага «дэкрэту аб дармаедстве», які замест права на працу ўводзіў прымус працаваць.

Алена ЛІНКЕВІЧ

Паводле беларускага заканадаўства нават адзіночны пікет лічыцца масавым мерапрыемствам, на якое патрабуецца не толькі паведамленне ўладам, але і дазвол уладаў. І вось як раз улады Рэчыцкага раёна пікет Алены Лінкевіч не дазволілі. Алена палічыла, што такім чынам парушанае гарантаванае ёй міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю, права на свабоду выказвання меркавання.  

Яна абскардзіла рашэнне Рэчыцкага райвыканкама спачатку ў судзе першай інстанцыі, потым у апеляцыйнай інстанцыі, але падтрымкі не атрымала. Прайшоўшы ўсе сродкі абароны парушанага права ўнутры Беларусі Алена Лінкевіч вымушаная была шукаць абароны свайго права на міжнародным узроўні. Яна паскардзілася ў Камітэт ААН пра правах чалавека. Нядаўна прыйшла вестка, што КПЧ ААН прызнаў яе скаргу прыймальнай і зарэгістраваў яе. Неўзабаве адбудзецца разгляд, перад якім улады Беларусі павінны будуць патлумачыць міжнароднай структуры якія падставы выклікалі неабходнасць забароны пікету актывісткі і наколькі яны дапушчальныя ў дэмакратычным грамадстве.

«Я хочу, каб у нашай краіне працавалі законы і тыя дэмакратычныя правы, якія імі, а найперш, Канстытуцыяй і міжнародным правам, нам гарантаваныя, магчыма было ажыццявіць. Тое, што мая скарга ў ААН прынятая, кажа пра тое, што і там у гэтай сітуацыі пабачылі прыкметы парушэння маіх правоў»,

– пракаментавала Алена Лінкевіч.

Прыкладна ў той жа час аналагічны пікет спрабаваў правесці ў Мазыры кіраўнік мясцовай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» і актывіст прафсаюзу РЭП Уладзімі Целяпун. Там гісторыя паўтарылася – Мазырскі райвыканкам забараніў актывісту публічна выказаць свае меркаванні. Уладзімір Целяпун таксама прайшоў усе магчымыя унутраныя сродкі прававой абароны, так і не дамогшыся праўды. Цяпер у дачыненнях праваабаронцы і ўраду Беларусі будзе разбірацца Камітэт ААН па правах чалавека, які зарэгістраваў скаргу Целепуна на парушэнне дзяржавай ягонага права на выказванне меркавання праз мірны сход.

Уладзімір ЦЕЛЯПУН

З 2017 года доўжылася абскарджванне забароны на адзіночны пікет, падчас якога відэаблогер з Акцябрскага Андрэй Павук збіраўся публічна на галоўнай плошчы сталіцы Беларусі прызнацца ў каханні сваёй жонцы. І нават гэта Мінскі гарадскі выканкам забараніў. Андрэй абскардзіў забарону ў судах усіх магчымых інстанцыяў унутры Беларусі, але дзяржава заняла кругавую абарону і парушэння правоў на свабоду выказвання нацыянальныя суды не ўбачылі. Цяпер сітуацыю ацэніць Камітэт ААН па правах чалавека, дзе зарэгістраваная справа № 3678/2019 «Андрэй Павук супраць ураду Беларусі».

Андрэй і Вольга ПАВУКІ

«Сёння чыноўнікі часта кажуць пра эканоміку і на жаль, ні слова аб правах чалавека, якія цесна звязаныя як з эканомікай, так і з дабрабытам кожнага з нас. Мяркую, зафіксаваныя парушэньні дапамогуць зразумець, што правы чалавека гэта не тое, на што трэба пытаць дазволу ў дзяржавы»,

пракаментаваў сітуацыю з рэгістрацыяй скаргаў рэгіянальных актывістаў гомельскі юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка, які дапамагаў абараняць парушаныя правы як на нацыянальным узроўні, так і суправаджае справы ў КПЧ ААН.