Ці патрэбна Беларусі тэрміновая вайсковая служба? Погляд праз прызму правоў чалавека

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ 25.11.2019

У Беларусі - чарговая смерць ў войску, якое ні з кім не ваюе. Афіцыйная версія - самагубства. Сваякі не вераць, а ўлады беспаспяхова шукаюць прычыну. Акрамя таго, што гэта трагедыя для блізкіх загінулага, гэта яшчэ і нагода задумацца пра патрэбу такога інстытута, як тэрміновая служба ў войску. 

Пра тое, што з сябе ўяўляе ў сучасным грамадстве тэрміновая служба ў войску і як яна выглядае з гледзішча правоў чалавека, разважае журналіст і грамадскі актывіст з Рэчыцы Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ.

 

Кожная дзяржава мусіць абараняць сваю незалежнасць і тэрытарыяльную суцэльнасць. На жаль, у сучасным свеце не заўжды такая абарона ажыццяўляецца выключна дыпламатычнымі сродкамі. Дастаткова часта, у тым ліку і ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, дзяржавам даводзіцца карыстацца сілавымі – вайсковымі, спосабамі абароны сваёй незалежнасці і суцэльнасці. А гэта мае пад сабой наяўнасць у складзе дзяржаўнага механізму баяздольнага і эфектыўнага для абароны канкрэтнай краіны войска.

Апошнія гучныя падзеі ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь прыцягнулі ўвагу грамадскасці да пытання становішча з праходжаннем грамадзянамі Беларусі тэрміновай вайсковай службы ва Узброеных Сілах ды іншых вайсковых фармаваннях нашай краіны. Але за жахлівымі падрабязнасцямі небаявой гібелі вайскоўцаў у нібыта навучальных падраздзяленнях Узброеных Сілаў, якія актыўна абмяркоўваліся, чамусьці згубілася сутнасць тэрміновай вайсковай службы, як абмежаванне пэўных правоў чалавека. Гэтая з’ява ў беларускай грамадскай прасторы амаль не абмяркоўвалася з гледзішча гонару і годнасці людзей, якія заклікаюцца дзяржавай для праходжання такой службы, з гледзішча абароны падставовых правоў чалавека.

 Наколькі патрэбна нашай краіне такая форма ўдзелу грамадзян у яе абароне, як тэрміновая служба? Ці з’яўляецца абгрунтаваным, мэтазгодным і сувымяральным такое абмежаванне асноўных, у тым ліку, натуральных правоў чалавека? Нарэшце, ці здолее выканаць ускладзеныя на яго грамадствам функцыі войска, дзе маюцца тыя праблемы, што адкрыліся ў выніку грамадскага рэзанансу з таго ж выпадку смерці шэрагоўца Аляксандра Коржыча ў Аб’яднаным навучальным цэнтры Узброеных Сілаў?

Паводле артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. І такое палажэнне маецца не толькі ў нашай краіне, але і шмат у якіх краінах, якія і сапраўды шануюць правы чалавека і дакладна выконваюць патрабаванні адпаведных міжнародных прававых актаў. Яно цалкам лагічнае і зразумелае. Грамадзяне павінны абараняць тую дзяржаву, у якой яны жывуць.

Увогуле, у беларускім сегменце інтэрнэту дастаткова цяжка знайсці якія-кольвек абгрунтаваныя спрэчкі з нагоды патрэбы захавання і выкарыстання тэрміновай вайсковай службы, асабліва з гледзішча правоў чалавека. Даволі актыўная дыскусія на гэтую тэму ўжо не першы год вядзецца ў расійскіх медыях і на тамтэйшых дыскусійных рэсурсах. У тым ліку, там разглядаецца гэтая з’ява і з гледзішча правоў чалавека. Зрэшты, сістэма вайсковай службы ў Беларусі і ў Расіі не мае істотных адрозненняў. Адрозненне складае практыка выкарыстання ўладамі Расіі свайго войска, у тым ліку тае яго часткі, якая фармуецца за конт вайскоўцаў тэрміновай службы, як у агрэсіўных захопніцкіх войнах, так і супраць уласных грамадзян для вырашэння ўнутраных канфліктаў. А гэта дае расійцам пэўны досвед выпрабавання таго ці іншага тыпу войска ў баявых дзеяннях.

Прыхільнікі прызыўнога войска даводзяць, што яно значна больш эфектыўнае за прафесійнае альбо найманае войска для вядзення абарончай вайны. І сапраўды, грамадзяне дзяржавы, якіх незалежна ад аніякіх сацыяльных, маёмасных, моўных, расавых ці іншых асаблівасцяў заклікае на сваю абарону дзяржава проста паводле абавязку, напэўна мусяць больш самааддана менавіта абараняць гэтую дзяржаву. Выкарыстаць іх у агрэсіўных войнах, а таксама для вырашэння нейкіх унутраных канфліктаў больш складана, чым тых, хто наняўся на вайсковую службу за грошы. Апошнія мусяць заўжды выконваць загад тых, хто іх наняў і выплочвае ім матэрыяльную ўзнагароду (то бок – уладаў краіны). Гэта асноўны і досыць важны аргумент прыхільнікаў прызыўнога войска, якія выступаюць за захаванне ў нашай краіне тэрміновай вайсковай службы. Акрамя таго, як пераканаліся тыя ж расійцы падчас баявых дзеянняў у Чачні, ва Украіне ды іншых месцах па-за межамі сваёй краіны, вайскоўцы-кантрактнікі ахвотна служаць паводле кантрактаў пакуль іх служба праходзіць у мірны час у месцах сталай дыслакацыі вайсковых частак. Калі ж рызыка для жыцця павялічваецца накіраваннем у раёны рэальных баявых дзеянняў, многія кантрактнікі адмаўляюцца ад працягу кантрактаў пры іх сканчэнні альбо іншым чынам імкнуцца пазбегнуць удзелу ў рызыкоўных вайсковых кампаніях. Хаця, дзеля спавядлівасці варта адзначыць, што ў выніу скіраванай мілітарысцкай прапаганды, многія ў Расіі наадварот з псеўдапатрыятычных пачуццяў дабраахвотна ідуць на захопніцкую вайну, падпісваючы вайсковыя кантракты, каб нібыта садзейнічаць узвелічэнню іхняй краіны, выратаванню носьбітаў расійскай мовы па-за межамі Расіі ад нейкага нібыта ўціску  і г.д. Акрамя таго, значным аргументам на карысць прызыўнога войска з’яўляецца тое, што пры наяўнасці ўсеагульнай вайсковай павіннасці любая вайна для любога грамадзяніна можа стаць прычынай ягонай смерці альбо смерці ягоных блізкіх. Гэта павышае адказнасць людзей за захаванне міру. 

Такім чынам, варта пагадзіцца, што ўсенародная абарона сваёй краіны – справа лагічная і патрэбная. Але з гледзішча правоў чалавека ўзнікае дылема – ці не парушае прымус служыць у войску права чалавека на асабістую свабоду, права чалавека на непрыцягненне да прымусовай працы ды шэраг іншых. Прыхільнікі тэрміновай вайсковай службы на гэта адказваюць, што парушэнняў няма, бо гэты абявязак толькі абмяжоўвае гэтыя правы, а пры жыцці ў грамадстве многія нават натуральныя праавы чалавека даводзіцца абмяжоўваць на карысць існавання гэтага грамадства. І служба па абароне краіны – справа менавіта з гэтага шэрагу. І дзеля яе дапушчальныя пэўныя абмежаванні правоў чалавека. У прыватнасці ў той жа Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкулам 23 прадугледжана, што “абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб”. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў артыкуле 29 гаворыць пра тое, што кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якім толькі і магчымае свабоднае і поўнае развіццё ягонай асобы. То бок, магчыма прыняць усеагульны абавязак абароны краіны, як менавіта такі абавязак перад грамадствам, пра які вядзецца ў гэтым артыкуле. Мэты абароны дзяржаўнай бяспекі дазваляюць абмяжоўваць правы людзей і ў артыкулах 8 і 12 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Здавалася б, існуючы ў Беларусі прынцып абароны краіны праз прызыў ў войска і практыка праходжання тэрміновай вайсковай службы з усімі гэтымі аргументамі не павінны выклікаць нейкіх сумневаў у сваёй рацыі. Але ж, як можна ўбачыць з апісаных у пачатку артыкула сітуацыяў, што выклікалі грамадскі рэзананс у нашай краіне, ажыццяўленне гэтай самай усеагульнай вайсковай павіннасці ў той форме, як гэта адбываецца ў нас цяпер, мае шэраг відавочных праблемаў. І цяжка зразумець, чаму тыя кейсы, якія выніклі летась са справаў загінулых вайскоўцаў тэрміновай службы, якія выкрылі глыбінныя праблемы ў войску, не сталі прадметам актыўнага абмеркавання праваабаронцаў і адпаведнай грамадскай кампаніі па адмене тэрміновай службы як такой.

І вось тут дарэчна паглядзець на сітуацыю з тэрміновай вайсковай службай з гледзішча правоў чалавека больш аб’ектыўна. Усё ж, асноўнай мэтай існавання любой дзяржавы ёсць менавіта чалавек. І ягонае якаснае жыццё забяспечваецца найперш захаваннем ягоных чалавечых правоў. Усе іншыя мэты існавання дзяржаваў мусяць быць падпарадкаваныя найперш мэце забеспячэння годнага існавання чалавека ў дзяржаве. І тут павінен дзейнічаць прынцып сувымяральнасці абмежаванняў нейкіх правоў, дастатковасці іх мэце, якая такім абмежаваннем пераследуецца, не празмернасці.  

Датычна сітуацыі з вайсковай службай, найперш варта звярнуцца да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты міжнародны прававы акт акрэслівае цэлы шэраг грунтоўных правоў чалавека, якія выкарыстаннем тэрміновай вайсковай службы папросту папіраюцца. Найперш, вядома ж, варта акрэсліць артыкул 13, дзе гаворыца пра тое, што кожны чалавек мае права свабодна перасоўвацца і абіраць сабе месца жыхарства ў межах кожнай дзяржавы. З гэтым артыкулам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека перагукаецца пункт 2 артыкула 8 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: ніхто не павінен утрымлівацца ў паняволеным стане, а таксама артыкул 30 нацыянальнай Канстытуцыі: “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад” ды артыкул 25 “Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам”.

Тая форма выканання абавязку па абароне краіны, якая сёння выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы – ні што іншае, як пазбаўленне маладых людзей асабістай свабоды, утрыманне іх у паняволеным стане толькі за тое, што яны адносна здаровымі дажылі да 18 гадоў. Мужчын, якіх прызываюць у войска, змяшчаюць на закрытую абмежаваную тэрыторыю, якая часцяком яшчэ і абнесеная плотам з калючым дротам, мае суворы прапускны рэжым і адмысловым чынам узмоцнена ахоўваецца нават тады, калі там адсутнічае нейкая таемная вайсковая тэхніка, а ўсяго толькі знаходзіцца асабовы склад (як у войску называюць супольнасць людзей, што праходзяць службу). Прычым, ахоўваецца гэтая тэрыторыя не толькі і не столькі ад вонкавага замаху на яе, колькі ад спробаў насельнікаў гэтай тэрыторыі паводле ўласнага жадання яе пакінуць. Выхад жаўнера тэрміновай службы за межы гэтай тэрыторыі, нават у неслужбовы час, без дазволу ягоных вайсковых начальнікаў не дапускаецца. Вайсковец тэрміновай службы не можа распараджацца нават часам, які не заняты падрыхтоўкай да ўзброенай абароны краіны альбо іншым выкананнем непасрэдна вайсковых абавязкаў – нарады ў варце альбо іншых вайсковых патрэбах і д.п. Харчаванне, гігіенічныя патрэбы, патрэбы культурнага і адукацыйнага кшталту могуць быць задаволеныя толькі ў той час і такім чынам, які вызначаны камандаваннем вайсковай часткі. Часцяком жаўнераў пазбаўляюць магчымасці карыстацца сувяззю са сваякамі і блізкімі, карыстацца інтэрнэтам. Жаўнерам тэрміновай службы забаронена нават у вольны ад заняткаў па баявой, тактычнай, агнявой ды іншай спецыяльнай вайсковай падрыхтоўкі час паводле свайго жадання спаць ды нават проста класціся і больш таго – сядаць, на ложкі, можна карыстацца толькі зэдлікамі альбо крэсламі ў адмыслова адведзеным для чытання ці побыту пакоі. І ўсё гэта ў мірны час. Ці ж з’яўляюцца такія абмежаванні права на асабістую свабоду сапраўды абумоўленымі неабходнасцю абароны краіны? Ці маюць падобныя формы арганізацыі выканання абавязку па абароне краіны ўвогуле нешта агульнае з абаронай краіны?

Варта ўлічваць, што нароўні з тэрміновай вайсковай службай у нашай краіне выкарыстоўваецца і служба ва Узброеных Сілах ды іншых ваенізаваных фармаваннях паводле кантракту. Прычым, абодва гэтыя віды службы аднолькава з’яўляюцца выкананнем прадугледжанага артыкулам 57 Канстытуцыі абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь. Але, вайскоўцы, якія праходзяць службу паводле кантракту, вольна распараджаюцца пазаслужбовым часам, жывуць найчасцей там, дзе ім дазваляюць іхнія фінансавыя ды іншыя магчымасці – у кватэрах па-за вайсковымі часткамі, добраўпарадкаваных інтэрнатах, могуць паводле свайго разумення і патрэбаў у неслужбовы час прымаць гігіенічныя працэдуры, харчавацца, наведваць установы культуры, забаўляльныя установы, адначасова атрымліваць адукацыю. Тое самае можна сказаць і пра афіцэраў і прапаршчыкаў, служба якіх таксама з’яўляецца выкананнем абавязку па абароне краіны, паводле артыкула 57 Канстытуцыі, але праходзіць з захаваннем іхніх правоў у значна большай ступені.

У гэтай сувязі варта падлучыць да дзеяння артыкул 2 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дзе сказана, што кожны чалавек мусіць валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі, абвешчанымі ў гэтай Дэкларацыі, без якога б то ні было адрознення, як то ў дачыненні расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных альбо іншых перакананняў, нацыянальнага альбо сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага стану. Простымі словамі гэта завецца – права на недыскрымінацыю. Яно ж акрэслена і ў артыкуле 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ў артыкуле 2 Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а артыкул 22 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае, што “ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў”. Але, як бачым, сярод тых, хто выконвае свой грамадзянскі абавязак па абароне краіны, ёсць тыя, хто абмежаваны ў сваіх грамадзянскіх, сацыяльных, культурных ды эканамічных правах значна болей, чым іншыя. І на чым гэта грунтуецца, якой мэтазгоднасцю і якімі мэтамі апраўдваецца – не зусім зразумела. Акрамя таго, варта заўважыць, што Канстытуцыяй прадугледжана, што абарона Рэспублікі Беларусь – гэта абавязак толькі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Атрымліваецца, што грамадзянкі нашай дзяржавы такога абавязку не маюць? А ў гэтым ужо ўтрымліваюцца прыкметы дыскрымінацыі і паводле полавай прыналежнасці.

Варта разгледзець тэрміновую вайсковую службу і з гледзішча выкарыстання прымусовай працы. У артыкуле 8 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах згадана, што тэрмінам «прымусовая ці абавязковая праца» ў гэтым пункце не ахопліваецца якая б то ні была служба вайсковага характару. Але ў той жа час, у міжнародных прававых актах, датычных правоў чалавека, гарантуецца, што за роўную працу мусіць налічвацца роўная аплата. І як у гэтай сувязі выглядае значнае адрозненне ў аплаце вайсковай службы жаўнера тэрміновай службы і жаўнера ў такім жа званні і на такой жа пасадзе кантрактнай службы – папросту незразумела. Наўпроставае парушэнне патрабаванняў міжнародных прававых актаў, падпісаных і ратыфікаваных Рэспублікай Беларуссю тут відавочнае і зноў жа не грунтуецца на нейкіх пільных неабходнасцях асноўнай дэкларуемай мэты – абароны краіны.

Некаму можа падацца, што акцэнтаванне ўвагі на захаванні дзяржавай правоў чалавека падчас выканання грамадзянамі свайго вайсковага абавязку, не вартае настолькі пільнага разгляду. У беларускім грамадстве, асабліва ў старэйшага пакалення, яшчэ даволі моцны стэрэатып пра тое, што войска павінна неяк пераламіць характар маладзёна, зрабіўшы яго больш “мужчынскім” праз стварэнне так званых “тягот и лишений”, каб падрыхтаваць яго пераносіць іх у выпадку вайны. Менавіта гэтым і тлумачыцца тое, што маладзён, якога прымусова паклікалі выконваць абавязак па абароне краіны ў мірны час, пазбаўляецца асноўных падставовых правоў чалавека, а часам, як паказвае досвед, і самага асноўнага права – права на жыццё. Але ж тыя цяжкасці і нягоды, якія штучна ствараюцца падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы, не маюць нічога агульнага з тым, што можа ўзнікнуць (а можа і не ўзнікнуць) падчас рэальнай вайны. Гэтае штучнае абцяжарванне, штучнае прыніжэнне якасці жыцця вайскоўца тэрміновай службы, як нам прадстаўляецца, – усяго толькі несувымяральнае і непрапарцыйнае для дасягнення мэты абмежаванне правоў чалавека.

І вось менавіта апошняя акалічнасць прымушае ўзнімаць гэтую тэму. Тое, што нават у навучальных падраздзяленнях Узброеных Сілаў маладзёны гінуць, скончваюць жыццё самагубствам, уцякаюць з частак і потым прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, папросту абавязвае ініцыяваць дыскусію наконт перагляду падыходаў да спосабаў выканання грамадзянамі абавязку па абароне краіны з прыцягненнем да яе прынцыпаў правоў чалавека. Відавочным робіцца тое, што існая сістэма тэрміновай службы са значным абмежаваннем, а насамрэч, наўпроставым пазбаўленнем асноўных правоў чалавека тых, каго паклікалі на тэрміновую вайсковую службу, не спрыяе не толькі выкананню асноўнай задачы дзяржавы – стварэнню годных і прыстойных умоваў існавання сваіх грамадзянаў, але і шкодзіць выкананню такой функцыі дзяржавы, як абарона самой сябе – сваёй незалежнасці і тэрытарыяльнай суцэльнасці. Зламаныя, пазбаўленыя маральнага стрыжня, гатовыя да самагубстваў праз прыдушэнне чалавечай годнасці з-за празмернага і непрапарцыйнага абмежавання асноўных правоў чалавека жаўнеры, наўрад ці будуць карыснымі ў справе абароны краіны ў выпадку рэальнай агрэсіі супраць яе.

Такі чынам можна зрабіць выснову, што дзяржаве варта пазбавіць войска функцыяў зняволення маладзёнаў. Асноўная дэкларуемая мэта цяперашняй тэрміновай службы – навучыць мужчынскае насельніцтва краіны ваяваць на выпадак вайсковай агрэсіі супраць Беларусі, каб у выпадку такой агрэсіі можна было своечасова папаўняць шэрагі войска навучанымі ваярамі. Але для выканання гэтай мэты, зусім не абавязкова пазбаўляць людзей іхніх правоў на асабістую свабоду, на свабоду перасоўванняў, на свабоду выбару месца жыхарства, на свабоду выбару працы і належную ўзнагароду за яе, зганяючы іх тысячамі ў дрэнна прыстасаваныя для годнага існавання чалавечай ас??