«Гэта быў не суіцыд!». Блізкія памежніка, які загінуў у войску, не вераць у афіцыйную версію
Палеская Вясна
24.11.2019
Следчы камітэт высвятляе прычыны смерці вайскоўца тэрміновай службы ў Мазырскім памежным атрадзе. Паводле афіцыйнага паведамлення Дзяржаўнага памежнага камітэту, 19-гадовы яфрэйтар застрэліўся. Ягонае цела знайшлі 20 лістапада каля 2:00. Блізкія Руслана не вераць у суіцыд, паведамляе Радыё Свабода. «Не было ў яго прычын забіваць сябе!», — упэўненая Ірына, цётка загінуўшага памежніка.
Мазырскі памежны атрад. Фота: gpk.gov.by
Афіцыйна: меў станоўчыя характарыстыкі, хацеў застацца на кантракт
Памежны камітэт на раніцу пасля гібелі Руслана паведаміў: жыхар Мазыра трапіў на тэрміновую службу ў леташні прызыў, у лістападзе 2018 году. Па службе характарызаваўся станоўча. Меў падзяку за ініцыятыву і высілкі ад камандавання, за «рашучыя дзеянні ў выкрыцці і затрыманні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказнікі ў службе за трэці квартал 2019 году».
У лістападзе Руслан быў у адпачынку, праводзіў яго дома, у Мазыры. Сцьвярджаецца, што пасьля тэрміновай службы ён збіраўся заставацца служыць па кантракце.
«Прадстаўнікі часткі блытаюцца ў паказаннях!»
Ірына распавяла, што ў адпачынку Руслан быў да 3 лістапада. Дзядуля адвёз яго ў Прудок (вёску пад Мазыром, дзе дыслякуюцца памежнікі).
«Хлопец быў у добрым настроі. 18 лістапада, за два дні да смерці, ён тэлефанаваў бабулі, казаў, што ў яго ўсё добра, што ў яго выходны, а заўтра ідзе ў нарад. То бок у панядзелак у Руслана ўсё было добра, а ў ноч з аўторка на сераду такое здарылася», — звяртае ўвагу жыхарка Мазыра.
Ірына сцвярджае, што ў прадстаўніка вайсковай часткі, які апытваў сваякоў, было некалькі розных версіяў.
«Сваякам ён казаў рознае. Адным — што стрэл быў у лоб і шчаку. Іншым — у падбароддзе. Маці казалі, што стрэл быў толькі ў лоб. Спачатку казалі, што Руслан быў на заставе ўдвух з іншым салдатам, потым — што яны нават не дайшлі да заставы, потым — што іх там было шмат, у тым ліку былі і афіцэры», — кажа цётка Руслана.
«Не меў патрэбы ў грашах, не меў праблемаў з дзяўчынай — у яго яе папросту не было!»
Ірына не верыць у версіі самазабойства хлопца, агучаныя ў тым ліку і прадстаўнікамі часткі. Напрыклад — недахоп грошай, праблемы з дзяўчынай ці з бацькамі.
Недахоп грошай?
«Руслан не меў патрэбы ў грашах. У яго дагэтуль на салдацкай картцы ляжаць тыя грошы, з якімі ён прыйшоў у адпачынак. У яго ёсць рахунак у банку. Перад войскам ён працаваў, зарабіў грошы і паклаў сабе на рахунак. Збіраўся пасля службы купіць сабе што-кольвек. У яго было больш за 870 рублёў на рахунку. Атрымліваецца, дзіця сабе на помнік зарабіла», — плача Ірына.
Дзяўчына кінула?
«Ён абсалютна ні з кім не сустракаўся», — упэўненая Ірына. Стрыечная сястра Руслана таксама пацвярджае: у яго не было дзяўчыны.
«Мы з дзяцінства раслі разам, ён быў вельмі добры. У яго не было дзяўчыны. У яго ў сям’і ўсё было добра. Ён ніяк не мог застрэліцца — у яго не было падставаў для гэтага. Тым больш калі камандзіры казалі, што ён не адзін быў у нарадзе — як ён мог гэта зрабіць?», — кажа стрыечная сястра Вікторыя.
Кампутарныя гульні?
«Нам нават такую вэрсію агучвалі прадстаўнікі часткі. Гэта абсалютная лухта. Хлопец прыйшоў у адпачынак на дзесяць дзён, і ўвесь гэты час ездзіў па сваяках! А калі ён два дні і пасядзеў у кампутары, пагуляў — то што?» — кажа Ірына.
Ня ладзіў з бацькамі?
«У войску проста шукаюць апраўдання самазабойству. Пытаюцца: чаму ягоныя бацькі развяліся? Чаму ён да войска жыў у бабулі? — Ды таму, што да вучобы яму бліжэй было! Так, ён з айчымам не знайшоў агульнай мовы. Але хіба гэта можа быць нагодай забіваць сябе?» — задае пытанні цётка Руслана.
Быў неадэкватны?
«Можа, яны хочуць зрабіць з яго неадэкватнага? Тады чаму яго прызвалі ў войска? Калі з ім нешта здарылася падчас службы — то зноў жа, пытанне да камандзіраў. Паводле адной з версіяў прадстаўніка часткі, калі Руслан заступаў у нарад, у яго моцна калаціліся рукі, да такой ступені, што ён ня мог перазарадзіць аўтамат. Калі гэта было так — то чаму яго выпусцілі ў нарад?» — у Ірыны больш пытанняў, чым адказаў.
Фота: gpk.gov.by
Руслан служыў поварам, часта заставаўся на кухні адзін. «У яго было столькі варыянтаў для самазабойства. У адпачынку мог скочыць з 9 паверху. То чаму ён зрабіў гэта на заставе?», — разважае цётка.
Руслан збіраўся застацца служыць на кантракце. Ён казаў пра гэта дзядулю — што трэба зрабіць два здымкі для дакументаў. Дома хлопец казаў: ат, колькі там засталося служыць — да вясны.
«Ад стрэлу быў бы апёк твару. Але твар у яго чысты...»
Ірына кажа, што сваякі ўпэўненыя, што гэта забойства.
«Нават калі б ён сам у сябе страляў — не было б ні брыва, нічога, апёк твару быў бы. А твар у яго быў чысты.
У моргу яго загрыміравалі. Але потым мы ўбачылі, што ўвесь твар і лоб былі сінія.
Прадстаўнік часткі нам казаў, што ў яго ўся рука абпалена ад стрэлу. Мы на могілках развязалі яму рукі — у яго былі чыстыя далоні. І толькі на ўказальным пальцы правай рукі былі тры чорныя плямкі. Руслан ня быў леўшуном, а стрэл быў нібыта ў левы бок.
У яго адарваная частка носу злева і пашкоджаны лоб так, як быццам нечым прайшліся наўскос. Але слядоў стрэлу не відаць! — Толькі ірваныя раны», — кажа Ірына.
22 лістапада сваякоў Руслана апыталі ў Следчым камітэце.