У Брагіне, каб абгрунтаваць забарону на мірны сход, суддзя мераў адлегласць да суда рулеткай
Палеская Вясна
23.06.2019
Падчас пасяджэння суда Брагінскага раёна, на якім разглядалася скарга на адмову Брагінскага райвыканкама ў ажыццяўленні права на вулічнае шэсце, бакі разам з суддзёй паўдзельнічалі ў следчым эксперыменце, паведаміла Гомельская Вясна.
21 чэрвеня суд Брагінскага раёна адхіліў скаргу гомельскай актывісткі Марыі Тарасенка аб забароне ў раённым цэнтры вулічнага шэсця супраць сумнавядомага дэкрэта №3 аб дармаедах. Чыноўнікі мясцовага райвыканкама ў суд з'явіліся з рулеткай.
Марыя Тарасенка, фота: belkagomel.by
Справа ў тым, што пратэстную акцыю ў выглядзе вулічнага шэсця з удзелам да 10 чалавек Марыя Тарасенка заявіла на цэнтральнай вуліцы райцэнтра, а тут як раз-такі знаходзіцца будынак суда і пракуратуры. І, магчыма, менавіта гэтыя органы, якія мусяць сачыць за захаваннем законнасці, у тым ліку правоў чалавека, і былі мэтаю ўплыву мірнай акцыі. Прынамсі, так магло б быць у любой дэмакратычнай краіне. Але беларускае заканадаўства забараняе праводзіць любыя мірныя сходы бліжэй за 50 метраў ад органаў улады.
Чыноўнікі Брагінскага равыканкама, дзеянні якіх абскарджваліся, прапанавалі замераць адлегласць ад супрацьлеглай пешаходнай часткі вуліцы да будынка суда і пракуратуры.
Старшыня суда Аляксей Яшчанка, які вёў пасяджэнне, ініцыятыву вымярэння шырыні вуліцы падтрымаў, але вымяраць чамусьці пачаў сваёй рулеткай. Яму ў гэтым дапамагала сакратар суда Наталля Гардзейчык, каштоўныя ўказанні служыцелям Феміды давалі ідэолаг райвыканкама Сяргей Даўгулявец і дама юрыст мясцовай вертыкалі Таццяна Краўчанка.
Так як шырыня вуліцы апынулася не на карысць гамяльчанкі, чыноўнікі тут жа яе абвінавацілі, што, «выбіраючы вуліцу Савецкую, яна не ўлічыла размяшчэнне тут вельмі важных устаноў, адлегласць да якіх ад процілеглага боку дарогі аказалася менш за 50 м., што мы ёй і прадэманстравалі».
«А так Брагінскі райвыканкам толькі рады і зусім не супраць вулічнага шэсця з нагоды прэзідэнцкага дэкрэта №3. Але абраная заяўніцай вуліца Савецкая ня падыходзіць для падобных шэсцяў. Вось калі б яна выбрала іншую вуліцу, тады б усе адбылася ў лепшым выглядзе», - даводзілі суду мясцовыя вертыкальшчыкі.
Будынак у Брагіне, дзе месцяцца раённыя суд і пракуратура, фота: Марыя Тарасенка
Каментуючы для сайта «Гомельская Вясна» судовае рашэнне Марыя Тарасенка заявіла, што «ў Брагіне, у адрозненне ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, чыноўнікі вельмі добрыя і душэўныя, таму іх любяць нават буслы, якія пасяліліся на даху суда».