Супрацоўнікі «хуткай» з Калінкавічаў: «Мы, заражаныя каранавірусам, месяц вазілі людзей!»
Палеская Вясна
31.05.2020
Супрацоўнікі «хуткай» з Калінкавічаў месяц чакалі вынікі аналізаў на COVID-19. Выявілася, што яны заражаныя. «Але начальства сказала хадзіць на працу! Уявіце — мы, хворыя на каранавірус — месяц вазілі людзей і далей будзем расцягваць заразу па горадзе?», — абурыліся мэдыкі.
Яны расказалі Свабодзе пра недахоп сродкаў індывідуальнай засцярогі, — месяц чакання вынікаў аналізаў, — пазбаўленне абяцаных надбавак, — паказуху перад камісіяй з Гомельскага ўпраўлення аховы здароўя.
На калінкавіцкай хуткай працуе, паводле супрацоўнікаў, каля 100 чалавек. На зьмене — каля 15. Паводле фэльчаркі Ганны (імя змененае на яе просьбу. — РС), месяц таму, 30 красавіка, у 30 супрацоўнікаў хуткай узялі мазкі на каранавірус. Толькі 25 траўня прыйшлі вынікі. У 14 медыкаў каранавірус пацвердзіўся. Рэшта — 16 чалавек — пакуль не атрымалі вынікаў.
«Нам сказала начальства ісці і працаваць далей! Што мы ўжо перахварэлі і нам няма чаго баяцца! У нас сем’і, дзеці — гэта адно. Другое — мы штодзень вазілі і возім людзей. Уявіце, што мы самі разносім заразу па Калінкавічах! Гэта проста жах. Больш і больш заражаем людзей, выходзіць? Мы і так не даем рады, бо хворых вельмі шмат», — кажа Ганна.
«Самі шылі маскі, мылі і прасавалі іх»
Яна кажа, што першыя выпадкі СOVID-19 фіксаваліся ў Калінкавічах яшчэ ў лютым, але сродкаў засцярогі не было.
«Тады мы стараліся самі сябе абараніць — шылі самі маскі, мылі іх, прасавалі. Цяпер нам выдаюць нават засцерагальныя касцюмы — аднаразовыя, якія мы выкарыстоўваем па шмат разоў. Пасля мыцця яны жалю вартыя — расцягнутыя, з дзіркамі», — тлумачыць фэльчарка.
Паводле яе, 29 траўня прыяжджала камісія з Гомельскага ўпраўлення аховы здароўя.
«Да камісіі падрыхтаваліся — прывезлі мяшкі проста засцерагальных касцюмаў, рэспіратараў. Усім, хто працаваў, сказалі прыбрацца, нават кіроўцам, якія ніколі ня ездзілі ў касьцюмах. На сход паклікалі толькі тых людзей, якія маўчаць, бо баяцца начальства, ці пэнсіянэраў, якія баяцца страціць працу. Яны казалі, што ў нас усё добра», — сказала Ганна.
«Абяцалі 2000 — далі каму 200, каму і нічога»
Яе і калегаў абурыла сытуацыя з абяцанымі надбаўкамі. Паводле фэльчаркі, спачатку ім выдалі разліковыя, дзе былі пазначаны надбаўкі па 2000 рублёў. Ганна, напрыклад, магла атрымаць 2800.
«Праз два дні сказалі, што разліковыя хібныя, і далі іншыя. Там былі надбаўкі па 150–300 рублёў, а некаторым увогуле нічога! Нам начальства патлумачыла, што мы самі павінны пацвердзіць, што вазілі хворых на каранавірус. Як гэта рабіць? Мы вязём, ратуем хворага і ня можам ведаць, заразны ён ці не. Вынікі прыходзяць праз 2–3 тыдні. І мы павінны самі іх шукаць. Мы працуем так цяпер, што прысесці ня можам — хворых вельмі шмат. А яшчэ і шукаць самім звесткі пра хворых», — кажа мэдык.
Адзінае, што могуць больш-менш даказаць супрацоўнікі «хуткай», — гэта выпадкі, калі вязуць хворага з пацверджаным каранавірусам на Гомель.
«А возім вельмі часта, і часцей чамусці начамі», — кажа фэльчарка.
«Нас палохаюць кантрактамі, звальненнем»
Ганна кажа, што начальства не рэагуе на скаргі, а палохае людзей кантрактам ці звальненнем. «Я, па-першае, люблю сваю працу. Па-другое — дзе знайсці іншую працу ў Калінкавічах? Мы проста не вытрымліваем ад гэтага ўсяго — шмат хворых і працы, а нас абкрадаюць проста. Самі хворыя — і ня ведаем пра гэта. Прывезлі сродкі засцярогі, каб стварыць паказуху, нікому не патрэбную, для камісіі з Гомля», — кажа фэльчарка.
«Да мяне са скаргамі ніхто не звяртаўся»
Загадчык хуткай дапамогі Андрэй Хутлікаў адказаў БелаПАН, што да яго са скаргамі падначаленыя не звярталіся. Па падрабязнасці ён параіў тэлефанаваць да намесніка галоўнага лекара. Наконт каронавірусу ў супрацоўнікаў адмовіўся камэнтаваць.
На працягу працоўнага дня ў пятніцу ніводзін тэлефон адміністрацыі не адказваў. У прыёмнай галоўнага лекара адказалі: «Нікога няма — хто на раёне, хто ў аддзяленнях. Мабільных тэлефонаў мы не даём».
Намесніца галоўнага лекара Алена Лешанок не здымала слухаўку. Яе калегі адказвалі, што яна занятая.
Пазней фэльчарка паведаміла, што ў суботу супрацоўнікаў «хуткай» знянацку сабралі, каб узяць экспрэс-тэсты на каранавірус. «Праз нейкі час паведамілі, што «вы ніхто і не хварэлі», што тэсты – адмоўныя ва ўсіх чатырнаццаці чалавек. Начальства сказала, што гэта трэба напісаць «у інтэрнэт», каб зняпраўдзіць распаўсюджаныя там звесткі». Раней спісы заражаных мэдыцынскіх супрацоўнікаў зявіліся ў пэўных тэлеграм-каналах.
ДЗ. Радыё Свабода
Фота: knews.by носіць ілюстрацыйны характар