У Калінкавічах старшыня райвыканкама загадаў прыцягнуць непрацуючых на прыборку фермаў і могілкаў
Палеская Вясна
30.01.2020
Кіраўнік раёна назваў людзей, якія не маюць афіцыйнага месца працы, «бездельниками», паведамляе раённая газета «Калінкавіцкая навіны».
Сяргей ГВОЗДЗЬ. Фота: kalinkovichi.gov.by
На аператыўнай нарадзе ў Калінкавіцкім райвыканкаме ягоны старшыня Сяргей Гвоздзь запатрабаваў ад кіраўнікоў Капліцкага і Ліпаўскага сельсаветаў Генадзя Кавальчука і Любові Бакіноўскай прыцягнуць непрацуючых жыхароў падведамасных тэрыторыяў да працы па навядзенні парадку на фермах і грамадзянскіх могілках.
Падчас нарады старшыні сельсаветаў, якія адначасова з’яўляюцца і старшынямі грамадскіх пунктаў па ахове правапарадку, справаздачыліся аб працы гэтых пунктаў. Сяргей Гвоздзь застаўся незадаволены працай у папярэджанні правапарушэнняў і намаганнямі кіраўнікоў органаў мясцовага кіравання ў гэтым напрамку. Сваё кепскае ўражанне ён звязаў з наяўнасцю ў вёсках дзясяткаў беспрацоўных.
«П’янства і дармаедства квітнеюць, а на фермах працаваць няма каму», – абурыўся Сяргей Гвоздзь.
У інфармацыі раённай газеты не называюцца паказчыкі крымінагеннай сітуацыі па гэтых сельсаветах і колькасці правапарушэнняў, якія здзейснілі непрацуючыя.
«Збярыце ўсіх гультаёў [у арыгінале па-расійску было «бездельников»], ды прывядзіце хоць адну ферму ў парадак, ці разам з імі навядзіце парадак на грамадзянскіх могілках», – загадаў Сяргей Гвоздзь старшыням сельсаветаў.
Варта адзначыць, што беларускія праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на незаконнасць прымусовай працы. Чалавек сам вольны абіраць – карыстацца яму сваім правам на працу, ці не.