Зачараванае кола цынізму. Мазырскі праваабаронца пра сваё змаганне з чыноўнікамі за свабоду мірных сходаў

Стах МАЗЫРСКІ 08.05.2019

Правабарончая супольнасць не раз звяртала ўвагу на тое, што патрабаванні аб аплаце правядзення мірных сходаў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянамі краіны свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, з’яўляюцца недапушчальнай практыкай, сур’ёзна абмяжоўваюць магчымасці рэалізацыі гэтых свабодаў на практыцы. Аднак прапановы праваабронцаў аб зменах Закона “Аб масавых мерапрыемствах” так і не былі прынятыя да ўвагі.

Адпаведныя рэкамендацыі аб прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека неаднаразова былі адрасаваныя Беларусі  міжнароднымі арганізацымі. У прыватнасци, Камітэт па правах чалавека ААН па выніках працэдуры справаздачы Рэспублікі Беларусь аб выкананні палажэнняў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 8 і 9 кастрычніка 2018 г. выказваў занепакоенасць палажэннем аб забеспячэнні медычныхх паслугаў і прыборкі тэрыторыі ў месцах правядзення сходаў, што ўскладаюцца на іх арганізатараў, а таксама стварэннем перашкодаў для свабоднага правядзення штогадовых масавых мітынгаў у сувязі з Днём волі ў сакавіку і Дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе ў красавіку.

 

З прыняццём Палатай прадстаўнікоў зменаў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, а таксама прыняццём у яго развіццё Пастановы Савета Міністраў № 49 сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны пагоршылася яшчэ больш, паколькі памеры выдаткаў на іх правядзенне, прадугледжаныя заканадаўствам, уяўляюць сабой сур’ёзную перашкоду ў рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.

З просьбай распавесці пра тое, якая ў Мазырскім рэгіёне сітуацыя з рэалізацыяй права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў, Палеская Вясна звярнулася да кіраўніка Мазырскай філіі Республіканаскага грамадскага аб’яднання «Праваабарнчы цэнтр «Вясна» Уладзіміра Целяпуна:

Уладзімір Целяпун

УЦ: Так, і праблема ёсьць,  і пытанні ёсьць. У нас Мазырскім райвыканкамам прынятае рашэнне №1202 ад 15 верасня 2011 года “Аб масавых мерапрыемствах”. Яшчэ напярэдадні ўнясення зьмяненняў мной быў накіраваны электронны зварот на імя старшыні райвыканкама Алены Паўлечка з прапановамі па унясенню зьмяненняў у гэтае рашэнне.

Прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні Фелікса Галюка. У ім ён паведаміў, што рашэнне №1202 ад 15.09.2011 г. не супярэчыць дзейнаму заканадаўству, а таксама змяненням у заканадаўства ад 17 ліпеня 2018 года №125-З.

І ўжо пасьля ўнясення зьмяненняў у Закон і Рашэнне райвыканкама я зьвярнуўся з Заявай, зноў жа да Алены Паўлечка аб тлумачэнні рашэння №1202  «Аб масавых мерапрыемствах». Заява грунтавалася на арт 69 (Афіцыйнае тлумачэнне нарматыўных прававых актаў. Пісьмовае тлумачэнне нарматыўных прававых актаў) Закона Рэспублікі Беларусь  “Аб нарматыўных прававых актах”.

Трэба адзначыць, што гэтым рашэннем выканкама сталым месцам правядзення масавых мерапрыемстваў ва ўсім Мазырскім раёне вызначаныя толькі стадыён «Спартак», размешчаны ў Мазыры на вуліцы Фрунзе, 38 і стадыён «Палессе» ў вёсцы Козенкі на  вуліцы Спартовай, 17а.

Гэтае рашэнне не адпавядае дзейнаму заканадаўству. У адпаведнасці з п.1 арт.9 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», масавае мерапрыемства можа праводзiцца ў любых прыдатных для гэтай мэты месцах, за выключэннем месцаў, названых у частцы трэцяй гэтага артыкула (у месцах, выкарыстанне якіх для гэтых мэтаў забаронена рашэннямі адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (у нас такое рашэнне адсутнічае). Вызначэнне сталым месцам правядзення масавых мерапрыемстваў тэрыторыі стадыёнаў абмяжоўвае правы грамадзян на ўдзел у масавых мерапрыемствах у выглядзе пікетаў. Бо паводле артыкула 2 закона «Аб масавых мерапрыемствах», масавае мерапрыемства «пікет» – гэта «публічнае выказванне грамадзянінам, альбо групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў, альбо пратэста (без шэсця). Якім чынам магчыма праводзіць «публічнае» выказванне свайго меркавання на агароджанай тэрыторыі стадыёна? Адпаведна, стадыён не з’яўляецца месцам, прыдатным для мэты масавых мерапрыемстваў у выглядзе пікетаў.

Адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Дылюка  – тыповая цынічная адпіска не па сутнасці пазначаных пытанняў, з парушэннем законаў Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян» і «Аб нарматыўных прававых актах».

На гэта 27 сакавіка гэтага года я падаў заяву пракурору Мазырскага раёна. У ёй я скардзіўся на парушэнне заканадаўства ў адказе  Мазырскага райвыканкама. Прайшло больш за месяц, а адказу ад пракурора так пакуль і не атрымана. Цяпер закон парушае ўжо пракуратура.

Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, не адпавядаючых заканадаўству Рэспублікі Беларусь, адмяняюцца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама Прэзідэнтам Республікі Беларусь. На пададзеную мной скаргу ў Гомельскі абласны выканаўчы камітэт атрыманы адказ з Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама: «У межах кампетэнцьыі паўторна паведамляем, што галоўнае упраўленне юстыцьі не надзелена правам афіцыйнага тлумачэння i дачы пісьмовых растлумачэнняў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку рашэння Мазырскага райвыканкама ад 15 верасня 2011г. №1202 «Аб масавых мерапрыемствах» (далей - Рашэнне).
У адпаведнасці з нормамі артыкула 69 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-3 «Аб нарматыуных прававых актах Рэспублікі Беларусь» афіцыйнае тлумачэнне i пісьмовае растлумачэнне нарматыунага прававога акта мае права ажыццяуляць нарматворчы орган, які прыняў гэты нарматыўны прававы акт».

Кола цынізму праўладных чыноўнікаў у ігнараванні законаў пакуль не замкнулася. Паглядзім што адкажа абласная пракуратура, генеральная… Цікавая будзе пазыцыя па гэтым пытанні галоўнага беларускага спецыяліста ва ўсіх пытаннях.

ПВ: Якія высновы з гэтага можна зрабіць?

УЦ: Мясцовыя органы ўлады самі не распрацоўваюць нарматыўныя прававыя акты, таму і не могуць даць ім тлумачэнні. Былі выпадкі падчас выбарчай кампаніі, калі пры прыняцці рашэння наш выканкам спасылаўся на Светлагорскі райвыканкам.  Альбо вось прыклад з аднаго з рашэнняў:  «Прием заявлений производится секретарем комиссии в здании управления по труду, занятости и социальной защите Речицкого райисполкома по адресу: г.Мозырь, ул. Советская, 114, с 8.30 до 17.30».

А галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, якое праводзіць регістрацыю рашэнняў мясцовых выканкамаў, як нараматыўных прававых актаў, адсылае на мясцовы ўзровень ўладных чыноўнікаў.  Там жа, альбо няма рэкамендацыяў, альбо не хапае кампетэнтнасці.

ПВ: А ці былі спробы дамагчыся адмены такога рашэння праз суд?

УЦ: - Так! У 2012-13  годах, якраз і гэтага рашэння №1202. Пад час судовага марафону, пачынаючы з 2011 года з рашэння №1202 прыбралі правядзенне на стадыёнах масавых мерапрыемстваў «вулічнага шэсця» і «дэманстрацыі».  На стадыёнах няма вуліц, там толькі «бегавая дарожка», па якой можна правесці шэсце. Аднак такое публічнае масавае мерапрыемства, як «пікет» на стадыёнах пакінулі. Вось толькі, і для пікета не патрэбен увесь стадыён. Хапіла б і куточка. Але ж і гэтага не дазволялі: на больш як 10 заявак, пачынаючы з 2011 года ўсе заяўнікі атрымлівалі дзяжурныя адмовы.  

Дайшлі да Вярхоўнага Суда. Быў атрыманы вердыкт.  «Данное решение относится к нормативным правовым актам, а дела о признаний неправомерным нормативно правового акта  общим судам не подведомственны», адказаў намеснік старшыні Вярхоўнага Суда А.А. Забара 8 жніўня 2013 года.

Але ёсць жа артыкул 21 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса Беларусі, дзе сказана: «Если при рассмотрении конкретного дела суд придёт к выводу о несоответствии нормативного правового акта Конституции республики Беларусь, он принимает решение в соответствии с Конституцией и ставит в установленном порядке вопрос о признании данного акта неконституционным».

ПВ: Дык пра што кажа ўся гэтая сітуацыя?

УЦ: Складана зразумець логіку чыноўнікаў усіх узроўняў улады. Можа і таму, што у нас усё вырашае адзін галоўны чыноўнік, астатнія, альбо ў апазіцыі да яго (чым горш, тым лепш), альбо ўся дзейнасць – паказаць сябе яго адданым прыхільнікам і выканаўцам ягонай волі.  Як паказаў сакавік 2017 года, калі праблема закранае многіх, люді выйдуць на пратэст нягледзячы на ўсе іхнія законы і пастановы. Ім няма калі чытаць і ведаць гэтыя абмежаванні і забароны. Аднак і людзям і ўладзе трэба  мець магчымасць адным выказаць сваё меркаванне, другім пачуць яго. І трэба вучыцца цывілізавана, на падставе літары закону, карыстацца гэтай магчымасцю. Забарона – ня лепшы сродак для гэтага. Пар, калі не мае выхаду і накопліваецца, зрывае і  ніты і гайкі.   

***

Трэба адзначыць, што пад дзеянне заканадаўства і адпаведна Пастановы Саўміна № 49 трапляюць і рэлігійныя сходы, што традыцыйна арганізуюцца прадстаўнікамі разнастайных рэлігійных канфесій. Абмежаванні ў правядзенні такіх сходаў прыводзіць і да абмежаванняў рэлігійных свабодаў.