Мірныя сходы - за плотам. Мазырскія чыноўнікі нагадалі актывісту, што яны прымалі рашэнні
Палеская Вясна
17.04.2019
Яшчэ пятага сакавіка праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун накіраваў зварот на імя старшыні Мазырскага райваканкама Паўлечка А.Ф, з просьбай даць тлумачэнні наконт зменаў у закон “Аб масавых мерапрыемствах”, а таксама змяніць рашэнне мясцовых уладаў па гэтым пытанні. Атрыманы адказ - найлепшы ўзор мастацтва чынавенскіх адпісак.
Уладзімір Целяпун
У сваім звароце Целяпун нагадаў райвыканкаму, што яго рашэнне супярэчыць рэспубліканскаму заканадаўству аб масавых мерапрыемствах, паведамляе spring96.org. Яшчэ ў 2011 годзе сталым месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у Мазыры стаў стадыён "Спартак", а таксама стадыён “Палессе” ў прыгараднай вёсцы Козенкі. Целяпун лічыць, што выдзяленне асобнага месца для мірных сходаў грамадзян не адпавядае дзейнаму заканадаўству. Якім чынам магчыма праводзіць публічнае выказванне свайго меркавання на абгароджанай тэрыторыі стадыёна? Вызначэнне сталым месцам правядзення масавых мерапрыемстваў тэрыторыі стадыёнаў абмяжоўвае правы грамадзян на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў.
Напрыканцы сакавіка праваабаронца атрымаў адказ, які падпісаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Дылюк. Мазырскі райвыканкам не адказаў нічога з сутнасці зададзеных пытанняў а проста пералічыў рашэнні, якія ім былі прынятыя і ў якія чыноўнікі ўнеслі змены ў сувязі з новым законам.
Сяргей Дылюк. Фота: mozyrisp.gov.by
Аналагічны зварот Уладзімір Целяпун накіраваў і ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. Там, у сваю чаргу, адказалі, што “галоунае ўпраўленне юстыцыі не надзелена правам афіцыйнага тлумачэння i дачы пісьмовых тлумачэнняў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку названага Рашэння Мазырскага райвыканкама”.
Пасля атрымання гэтых адказаў Целяпун накіраваў новыя электронныя звароты ў Гомельскі аблвыканкам, а таксама ў пракуратуру Мазырскага раёна пра парушэнне Закона “Аб зваротах грамадзян”.