Міліцыя падазрае незалежны прафсаюз РЭП у паклёпе на свідравальную кампанію з-пад Рэчыцы

Палеская Вясна 17.04.2019

15 красавіка ўчастковы міліцыянт патэлефанаваў прававому інспектару працы прафсаюза РЭП Леаніду Судаленку і паведаміў, што невядомыя ў сацыяльнай сетцы Instagram размясцілі ў дачыненні да свідравальнай кампаніі «Дэльта» інфармацыю паклёпніцкага зместу. Юрыст незалежнага прафсаюзу трапіў пад падазрэнне ў сувязі з тым, што ён прадстаўляе ў судзе Рэчыцкага раёна цікавасці Яўгена Недабугі - бацькі работніка «Дэльты», які загінуў на працы. 

Прафсаюзны юрыст адзначае, што званок участковага міліцыянта з пытаннем пра кампанію «Дэльта» для яго стаў поўнай нечаканасцю, бо ў практыцы юрыста такі выпадак здарыўся ўпершыню, паведаміла Гомельская Вясна

Леанід Судаленка і Яўген Недабуга

«Паколькі ў судзе Рэчыцкага раёна разглядаецца грамадзянская справа з маім удзелам і удзелам свідравальнай кампаніі, участковы чамусьці вырашыў апытаць і мяне. Я заявіў, што наш прафсаюз пры абароне законных правоў членаў прафсаюза выкарыстоўвае выключна прававыя механізмы. Пасля гэтых слоў цікавасць у міліцыянта вычарпалася, ён толькі дадаў, што «апытаў мяне па тэлефоне»,

- адзначыў інспектар працы.

Леанід Судаленка таксама дадаў, што ўдалося знайсці старонку ў сетцы Instagram, пра якую кажа ўчастковы. І там сапраўды маецца запіс «Асцярожна, ашуканцы!» І размешчаныя выявы кіраўніцтва кампаніі, а таксама фота з месца ДТЗ, у якім загінуў сын члена прафсаюза, інтарэсы якога РЭП абараняе ў судзе. На афіцыйным сайце кампаніі «Дэльта», на галоўнай старонцы кіраўніцтва таксама папярэджвае аб незаконным выкарыстанні імя кампаніі і нанясенні шкоды іх дзелавой рэпутацыі.

У незалежным прафсаюзе РЭП лічаць, што буравая кампанія «Дэльта», якая мае шматлікія падрады на тэрыторыі Расіі, магла стаць закладніцай «разборак» з боку магчымых канкурэнтаў па бізнесе:

«Напрыклад, у нас ужо даўно ніхто не піша назву нашай краіны як «Белоруссия», як гэта напісалі невядомыя ў Инстаграме», - дадаў Леанід Судаленка.

«Яўген Недабуга, бацька загінулага работніка, уступіў да нас у прафсаюз для абароны сваіх правоў. Мы займаемся гэтай справай у поўнай адпаведнасці з працэсуальнымі нормамі, пішам пра тое, як ідзе судовы працэс і ніколі не выкарыстоўваем ніякіх «брудных тэхналогій». Больш за тое, асабіста я лічу стварэнне «фэйкавых» старонак, якія распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, якія ганяць дзелавую рэпутацыю каго-небудзь, парушэннем закона. Наш прафсаюз сам неаднаразова падвяргаўся такога роду атакам. У тым, што гэта менавіта атака ў мяне асабіста няма ніякіх сумневаў, таму што ёсць відавочныя прыкметы штучнай раскруткі старонкі»,

- пракаментаваў сітуацыю сябра Савета прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак.