Без права на судовую абарону. Гомельскі абласны суд палічыў дэкрэт прэзідэнта вышэй за Канстытуцыю
Палеская Вясна
13.04.2019
На выніковым пасяджэнні апеляцыйнай інстанцыі Гомельскага абласнога суда прынята рашэнне аб тым, што на тых, каго ўлады назвалі «не занятымі ў эканоміцы», дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не распаўсюджваецца. Іх жыццё, на думку гомельскіх суддзяў, мусіць рэгулявацца Дэкрэтам прэзідэнта № 3 і прызначанымі згодна з ім чыноўнікамі.
Суддзя апеляцыйнай інстанцыі Гомельскага абласнога суда Жанна Андрэйчык адхіліла прыватную скаргу «не занятай у эканоміцы» хатняй гаспадыні Марыі Тарасенка, тым самым пацвердзіўшы рашэнне суда першай інстанцыі аб адмове ёй у разглядзе «дармаедскай» скаргі з нагоды «непадведамаснасці».
У прыватнай скарзе абласному суду Марыя Тарасенка апелявалі да артыкулу 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму абарону правоў і свабодаў кампетэнтным, незалежным і неперадузятым судом. Гэта канстытуцыйная норма з'яўляецца нормай наўпроставага дзеяння. Такім чынам, і Марыя і яе прадстаўнік, вядомы праваабаронца Леанід Судаленка лічаць, што суд абавязаны быў распачаць справу, нават калі гэта не прапісана ў сумнавядомым дармаедскім Дэкрэце №3.
Юрыдычная служба прафсаюза РЭП разам з Марыяй Тарасенка пачалі стратэгічную цяжбу, куды ўваходзяць інфармацыйныя, прававыя ды іншыя дзеянні, накіраваныя на адмену Дэкрэта №3. Адмову раённага суда ў разглядзе «дармаедскай» скаргі з прычыны яе непадведамаснасці суду ў прафсаюзе РЭП называюць адмовай у правасуддзі і з гэтай мэтай заяўляюць пра намер вычарпаць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны для таго, каб узняць гэтае пытанне на міжнародным узроўні.
На вызначэнне суда першай інстанцыі, якое ўступіла ў законную сілу, з боку Марыі Тарасенка ў бліжэйшы час будзе пададзеная скарга старшыні Гомельскага абласнога суда.
Гомельская Вясна