Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць скаргу гомельскай журналісткі на ўлады Беларусі
Палеская Вясна
09.04.2019
Скарга журналісткі-фрылансеркі з Гомеля Наталлі Крывашэй зарэгістраваная пад №3287/2019 і накіраваная беларускаму ўраду для каментара па сутнасці пастаўленых пытанняў (парушэнне права на збор, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі), паведамляе Гомельская Вясна.
Пра гэта стала вядома 10 красавіка з афіцыйнага ліста ад КПЧ ААН прадстаўніку журналісткі, юрысту Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Леаніду Судаленку, які вядзе яе справу на міжнародным узроўні.
На працягу 2015 года раённыя суды Гомельскага рэгіёну чатыры разы штрафавалі журналістку на агульную суму, якая перавышае 1500 долараў ЗША за супрацоўніцтва са спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат», які па-беларуску вяшчае для Беларусі з Польшчы. Напрыклад, 10 чэрвеня 2015 года суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Домненка аштрафавала журналістку на максімальна магчымы штраф (9 000 000) рублёў толькі толькі за тое, што Наталля ўзяла інтэрв'ю ў суседзяў настаўніцы, якая ўчыніла самагубства.
Ва ўсіх выпадках Наталля Крывашэй вычарпала ўсе ўнутраныя сродкі абароны, уключаючы звароты ў Вярхоўны суд і да Генеральнага пракурора, аднак абароны сваіх правоў ўнутры краіны не знайшла.
У 2015 годзе Наталля Крывашэй працавала сумесна з гомельскім журналістам-фрылансерам Кастусём Жукоўскім, скаргі якога таксама знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ ААН. У цяперашні час там таксама разглядаюцца скаргі гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай, журналісткі з горада Бяроза Тамары Шчапёткінай, журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова. Усе гэтыя журналісты ўваходзяць у склад БАЖ, іх справы ў КПЧ ААН вядзе юрыст асацыяцыі Леанід Судаленка.
Нагадаем, беларускі ўрад вядзе бескампрамісную барацьбу з незалежнымі журналістамі-фрылансерамі. Нягледзячы на вялікую колькасць скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека, чыноўнікі працягваюць паўтараць - акрэдытацыя дабро, якое не заўважаюць журналісты.
Юрыст БАЖ Леанід Судаленка лічыць, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе. Журналісты павінны паказваць чыноўнікам, што на інфармацыю не трэба пытаць дазвол у дзяржавы.
«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека акрэдытацыя з'яўляецца інструментам, які палягчае магчымасці журналістаў у атрыманні інфармацыі, нашыя ж чыноўнікі лічаць яе дазволам на працу»,
- падкрэслівае эксперт.